Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкі і Літвіна заклікаюць ЭЗ працягваць ціск на Беларусь


Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Старшыня закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі і віцэ-старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна папрасілі Эўразьвяз працягваць маніторынг сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і палітычны ціск на афіцыйны Менск.

Падчас свайго візыту ў Брусэль 2-3 лютага Бяляцкі і Літвіна сустрэліся з намесьнікам генэральнага сакратара Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Хельгай Шмід і іншымі прадстаўнікамі Эўразьвязу, якія займаюцца праблематыкай правоў чалавека.

«Я спадзяюся, што гэтае паляпшэньне сытуацыі, скажам, гэтыя размовы, якія пачаліся паміж эўрапейскімі чыноўнікамі і беларускімі ўладамі, не прывядуць да забалбатваньня сытуацыі, калі гэта ўсё толькі размовамі і закончыцца.

Мы чакаем ад Эўразьвязу ўсё-ткі палітычнага ціску на беларускія ўлады, каб прастора дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі пашыралася, каб усё гэта не канчалася толькі ўсьмешкамі і паклонамі»,

— сказаў у Брусэлі Алесь Бяляцкі.

Жана Літвіна нагадала, што сёлета Беларусь чакае парлямэнцкая выбарчая кампанія, якая, на яе думку, павінна стаць «шанцам» для дэмакратыі:

«У нас наперадзе парлямэнцкія выбары. Для Беларусі, для беларускага ўраду і для ўсёй грамадзкасьці гэта, напэўна, шанец правесьці нарэшце хоць адну кампанію паводле агульна прынятых законаў, зрабіць яе адкрытай».

На думку Бяляцкага і Літвіной, праблемы з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі працягваюць насіць сыстэмны характар: адзначаецца ціск на актывістаў і журналістаў, выносяцца новыя сьмяротныя прысуды і адмовы ў рэгістрацыі грамадзкіх арганізацый.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG