Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны збор карцін з хаты Рыгора Барадуліна можна ўбачыць у Віцебску


Выставу адчыняе мастачка Сьвятлана Баранкоўская
Выставу адчыняе мастачка Сьвятлана Баранкоўская

У абласным мастацкім музэі адчынілася незвычайная экспазыцыя. У яе ўвайшлі творы ўдзельнікаў леташняга «барадулінскага» пленэру, а таксама карціны, падораныя дзядзьку Рыгору беларускімі мастакамі яшчэ пры ягоным жыцьці.

Мастацкія творы, якія захоўваліся ў вушацкай хаце Рыгора Барадуліна, дазволіла ўключыць у экспазыцыю ягоная ўдава, спадарыня Валянціна. Бо падчас пленэру, які праходзіў у Вушачах у пачатку леташняга жніўня, нарадзілася думка стварыць перасоўны музэй — пакуль яшчэ ня створаны сапраўдны мэмарыяльны музэй паэта ў ягонай роднай хаце.

Карціны з прыватнага збору дзядзькі Рыгора
Карціны з прыватнага збору дзядзькі Рыгора


Цяпер гэтая ідэя ўвасобілася, і канцэпцыя традыцыйнай пасьляпленэрнай выставы радыкальна зьмянілася, кажа Сьвятлана Баранкоўская, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюзу мастакоў:

Сьвятлана Баранкоўская і яе твор: вуліца, дзе жыў Рыгор Барадулін
Сьвятлана Баранкоўская і яе твор: вуліца, дзе жыў Рыгор Барадулін


«Падчас гэтага пленэру ў хаце Рыгора Барадуліна мы заўважылі мастацкія працы, якія папросту псаваліся ад холаду і вільгаці. У хаце ж зараз ніхто не жыве, і гэтыя працы маглі прыйсьці ў нягоднасьць. І Валянціна Міхайлаўна перадала нам іх для кансэрвацыі і для таго, каб мы маглі паказаць працы са збору дзядзькі Рыгора разам з пленэрнай перасоўнай выставай. Мы зрабілі для гэтых карцін адмысловую ўпакоўку, каб яны не рассыхаліся, ня біліся. Рамы, якія ўжо парассохліся, мы замянілі на іншыя. І вось такім чынам гэтыя карціны з прыватнага збору будуць езьдзіць па экспазыцыях у розныя гарады разам з творамі ўдзельнікаў пленэру — у нас у плянах Лепель, Вушачы, Шаркоўшчына, Ворша, Полацак... Атрымалася такая перасоўная выстава-музэй, дзе маладыя мастакі маюць магчымасьць выстаўляцца разам са сталымі — нават з тымі, каго ўжо і няма на гэтым сьвеце. Але яны ў свой час дарылі дзядзьку Рыгору свае працы. Цяпер гэта ўсё існуе ў адной мастацкай прасторы. І гэта важна, бо прыцягвае ўвагу да мастацкай спадчыны, да асобы Рыгора Барадуліна. Да неабходнасьці стварыць сапраўдны музэй Рыгора Барадуліна ў Вушачах. І мне здаецца, што чым болей людзей будзе горача жадаць стварэньня гэткага музэю, тым хутчэй ён будзе створаны», — кажа Сьвятлана Баранкоўская

Адзін з экспанатаў
Адзін з экспанатаў


У віцебскім мастацкім музэі паглядзець незвычайную экспазыцыю можна бясплатна, адзначыла дырэктарка музэю Вольга Акуневіч. Карціны знарок разьмешчаныя ня ў залях, а ў рэкрэацыйнай экспазыцыйнай прасторы, і кожны наведнік установы, прыйшоўшы паглядзець іншую экспазыцыю, аніяк не абміне і гэтай. Паводле спадарыні Акуневіч, гэта мусіць паспрыяць выхаваньню патрыятызму і любові да роднай мовы — тых рысаў, якія вызначаюць асобу Рыгора Барадуліна.

Мастак Уладзімер Вальноў
Мастак Уладзімер Вальноў


З іншага боку, не абмежаваная сьценамі прастора выставы мусіць стацца алюзіяй да спэцыфікі пленэру — творчай працы на вольным паветры. Гэта падкрэсьлілі і арганізатар экспазыцыі, і ўдзельнікі-мастакі — Чэслаў Шамшур і Ўладзімер Вальноў.

Апрача карцін, экспануюцца і кнігі са збору Рыгора Барадуліна
Апрача карцін, экспануюцца і кнігі са збору Рыгора Барадуліна


Аўтарства некаторых карцін са збору Рыгора Барадуліна ўстанавіць ужо цяжка, бо на іх няма ні аўтографаў, ні іншых пазнакаў. Аднак мастакі спадзяюцца, што адновяць гэтыя зьвесткі. А сярод тых твораў, якія былі напісаныя сёньня, асабліва вылучаецца партрэт аранізатаркі леташняга «барадулінскага» пленэру Ады Райчонак, кіраўніцы германавіцкага Цэнтру імя Язэпа Драздовіча. Напісаў гэты партрэт выпускнік Акадэміі мастацтваў кітаец Шао Сян. Ён прыехаў у Беларусь колькі год таму, і палюбіў яе да такой ступені, што марыць прывозіць сюды на пленэры сваіх калег-суайчыньнікаў. На «барадулінскім» пленэры ён працаваў побач зь беларускімі ўдзельнікамі. І ўсе разам дыхалі паветрам Вушаччыны, а некаторыя нават і жылі ў хаце Рыгора Барадуліна з ласкавага дазволу гаспадыні, спадарыні Валянціны.

Партрэт Ады Райчонак, арганізатаркі пленэру
Партрэт Ады Райчонак, арганізатаркі пленэру


Яшчэ ўлетку мастакі зьвярнуліся да раённых уладаў з прапановай стварыць тут мэмарыяльны музэй Рыгора Барадуліна, і, здаецца, прыйшлі да паразуменьня з адміністрацыяй раёну.

Гледачы
Гледачы

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG