Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня наша справа» ці «Мы ў адной лодцы»? Што думае сярэдні і буйны бізнэс пра ўказ 222


Падобна, што ўказ пра сэртыфікаты закрануў пераважна малы бізнэс. Ці салідарныя зь ім на вялікіх прадпрыемствах?

Пакуль індывідуальных прадпрымальнікаў заклікаюць на мітынг 15 лютага, буйныя і сярэднія беларускія вытворцы практычна не адчуваюць невыгодаў ад указу № 222 — праблемаў з сэртыфікатамі на свае тавары яны ня маюць. І камэнтаваць сытуацыю збольшага ня хочуць.

«Вы не па тым адрасе, мы робім сэртыфікацыю» і «Гэта ня наша справа!» — прыкладна так адказвае вялікая частка апытаных Свабодай кіраўнікоў прадпрыемстваў. «Мы што, самі не нашыем?» — пытаюць у адказ на адным з прыватных кравецкіх прадпрыемстваў Берасьця пра брак тавараў на рынках і гандлёвых цэнтрах. Некаторыя абгрунтоўваюць сваю пазыцыю, іншыя ж нават хочуць падтрымаць малы бізнэс.

«Гандляваць трэба сэртыфікаванай, якаснай прадукцыяй»

Галоўны інжынэр менскай фабрыкі «Алеся» Тацяна Радзюк запэўнівае, што расейскія вытворцы могуць выдаваць сэртыфікаты, якія патрабуюцца паводле ўказу, і прадпрымальнікам такія сэртыфікаты мець трэба:

«Я як вытворца — за тое, каб прадпрымальнікі гандлявалі сэртыфікаванай прадукцыяй.

Я сваю прадукцыю сэртыфікую, праводжу выпрабаваньні, прадугледжаныя заканадаўствам — я думаю, гэта правільна, бо трэба ж падымаць нашага вытворцу.

Чытала, што яны зьбіраюцца на мітынг, але... Мы працуем не з адной фірмай з Расейскай Фэдэрацыі, на ўсю прадукцыю, што яны маюць ад нас, яны атрымліваюць сэртыфікаты. Частка фірмаў, зь якімі мы знаёмыя ў Расеі, даюць такую сэртыфікацыю, прадстаўляюць усе неабходныя дакумэнты. Іншае пытаньне, што калі зь нейкага далёкага замежжа пастаўляецца прадукцыя, вырабленая не на прадпрыемствах, а невядома дзе, то на яе, вядома, ніхто не прадставіць ніякіх дакумэнтаў.

Мяркую, што сіламі беларускіх вытворцаў цалкам можна забясьпечыць асартымэнт, калі ўсе прадпрыемствы будуць працаваць на поўную моц. Але ўсё роўна рынак павінен быць шырокі і гандляваць трэба сэртыфікаванай, якаснай прадукцыяй».

«Спрабуем дапамагчы ІП і даць ім працу»

Некаторыя прадпрыемствы ў новых умовах нават прапануюць прадпрымальнікам дапамогу ў напаўненьні рынкаў таварамі. Салігорская «Калінка» прапануе прадпрымальнікам асаблівыя ўмовы рэалізацыі, распавядае Свабодзе начальнік аддзелу маркетынгу прадпрыемства Дзьмітры Таланаў:

«Мы маем шмат сувязяў з ІП, ёсьць багата ахвотных працаваць. А мы прапануем мноства дысконтаў, зьніжак, маем іншыя маркетынгавыя інструмэнты, па якіх хутка будзе рэклямная кампанія. Зьніжкі ступенямі, пачынаючы з закупаў на 10 мільёнаў, у залежнасьці ад аб’ёму закупу, ад 10 да 15%, пастаянныя распродажы, першыя пастаўкі па перадаплаце, дастаўка ўласным транспартам па ўсёй Беларусі... А калі нейкая крама бярэ толькі „Калінку“, калі мы ў ёй упэўненыя, даём франшызу і адтэрміноўку з аплатай па меры рэалізацыі і зьніжкай да 15%.

Пры гэтым ІП атрымліваюць шэраг палёгкаў у параўнаньні з набыцьцём тавару па імпарце: аплата ў беларускіх рублях — няма валютных рызыкаў, транспарт прадпрыемства — эканомія на лягістыцы, па ўзгадненьні замена асартымэнту... У Маскве такіх умоваў няма!

Мы не ўпаўнаважаныя даваць свае рэмаркі, асуджаць, камэнтаваць ці вітаць указы староньніх арганізацыяў. Але бачым умовы, якія складаюцца на рынку, і намагаемся на іх апэратыўна рэагаваць. Іншае пытаньне, што ў рэспубліцы няма рабочага апэратыўнага інструмэнту па камэрцыйным страхаваньні пры працы з ІП. А мы як прадпрыемства „Беллегпраму“ з базай каля тысячы пакупнікоў фізычна ня можам даваць без закладу тавар кожнаму новаму пакупніку, для гэтага мы павінны мець пэўны досьвед супольнай працы. Але склаліся такія абставіны — спрабуем павярнуць сытуацыю ў свой бок, дапамагчы ІП і даць ім працу».

«Дазвол гандляваць кантрабандай не павялічыць попыт»

Сяргей Ісаеў, былы дырэктар кампаніі «Снамі», што займаецца пастаўкамі і абслугоўваньнем офіснага і тэлекамунікацыйнага абсталяваньня, мяркуе, што прадпрымальнікам ня варта адстойваць права працаваць з сумнеўнымі пастаўшчыкамі. Трэба шукаць тых, якія выдадуць патрэбныя дакумэнты, а попыт на танныя тавары задавальняць вытворчасьцю ў самой краіне:

«Што тычыцца патрабаваньня мець сэртыфікаты — яно не такое і бессэнсоўнае. Калі гэта скіравана на барацьбу з кантрабандай, я тут нічога незвычайнага ня бачу, дзяржава бароніць свае інтарэсы.

Хто не дае дакумэнтаў, дык кантрабандысты такія пастаўшчыкі. Тыя, хто ўсё ўвозіць легальна, у тых дакумэнты ёсьць.

Магу прадпрымальнікам параіць хіба яднацца і разам атрымліваць дакумэнты ад пастаўшчыкоў, імпартаваць наўпрост з Кітаю. Улады некалькі разоў пераносілі пачатак гэтых умоваў з дакумэнтамі — гэтым разам, думаю, нічога ня будзе.

Але справа тут не ў дакумэнтах, праблема ня ў іх. Платаздольны попыт, ёмістасьць рынку — вось гэта асноўныя праблемы. Што рабіць цяпер? Нічога, трэба ісьці і шукаць іншых пастаўшчыкоў ды вырабляць новыя тавары, больш танныя. І ня трэба спакушацца тым, што дазвол гандляваць кантрабандай прывядзе да падвышэньня попыту. Праблема ў агульнай эканамічнай сытуацыі».

«Мы ўсе ў адной лодцы, у нас ёсьць агульныя праблемы»

Старшыня Менскага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімер Карагін мяркуе, што і малы, і сярэдні бізнэс, і буйное прадпрымальніцтва, якія разам прадстаўляе саюз, маюць шмат супольных праблемаў і разам забясьпечваюць эканамічную бясьпеку краіны:

«Мы вядзем перамовы з урадам, спадзяюся, на наступным тыдні пройдзе паседжаньне кансультацыйнай рады пры Міністэрстве эканомікі, на якім будзе сфармаваная працоўная група. Я асабіста гэта прапаноўваў больш за месяц таму. Нашае стаўленьне да ўказаў № 222, № 48 і іншых рэгулятыўных дакумэнтаў мы склалі і накіравалі яшчэ ў канцы мінулага году і кіраўніку Адміністрацыі прэзыдэнта, і старшыні Савету міністраў. Ідзе праца ва ўсіх міністэрствах і ведамствах, правяраюцца названыя намі факты, як і названае „Пэрспэктывай“, нашымі калегамі.

Указ № 222 — ён дзейнічае, гэта ўспрымаем як факт. Скасоўваць яго, зьмяняць у краіне можа адзін чалавек, прэзыдэнт.

Але ў нас ёсьць шмат прапановаў адносна дзелавога клімату ў нашай краіне. Трэба напружана працаваць, бо ёсьць ня дзьве і ня дзесяць, а больш за сотню прапановаў па яго ўдасканаленьні. Мы праводзім тыдзень беларускага прадпрымальніцтва зь дзясяткам мерапрыемстваў і сустрэчаў з 29 лютага па 4 сакавіка, а 2 сакавіка зарганізуем XVII асамблею дзелавых колаў рэспублікі, на якой прадставім Нацыянальную плятформу бізнэсу Беларусі-2016, якая зьбярэ прапановы па пераадоленьні крызісных зьяваў.

Мы ўсе ў адной лодцы — і індывідуальныя прадпрымальнікі, і малыя, і сярэднія прадпрыемствы. У нас усіх ёсьць агульныя праблемы: нацыянальная канкурэнтаздольнасьць, канкурэнтаздольнасьць нашых тавараў на ўнутраных і зьнешніх рынках, пакупніцкая здольнасьць насельніцтва, рост сабекошту нашых тавараў і паслуг. З 1 студзеня затраты падвысіліся на 36%, бо падвысіліся цэны на электраэнэргію, камунальныя выдаткі, паліва... А гэта стварае пагрозу эканамічнай бясьпецы краіны, бо яна складаецца з ланцужка ўсіх суб’ектаў гаспадараньня, ад індывідуальнага прадпрымальніка да буйной фірмы».

«Трэба размаўляць мовай лічбаў, а не эмоцыяў»

Ганаровы старшыня Бізнэс-саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Георгі Бадзей кажа, што нельга адназначна падтрымліваць ці малы, ці сярэдні і буйны бізнэс, а толькі шукаць між імі кампраміс дзеля спажыўца, гаворачы пры гэтым на мове лічбаў:

«Вядома, айчынны бізнэс не зацікаўлены ў вольнай канкурэнцыі, яму цяжка ў гэтай канкурэнтнай барацьбе. Затраты ў нашых прадпрыемстваў — вялікага ці сярэдняга бізнэсу — значна вышэйшыя, чым у вытворцаў з тых краінаў, адкуль да нас вязуць гэтыя тавары. Натуральна, яны не зацікаўленыя, бо губляюць свае рынкі, губляюць грошы, спажыўцоў.

Але гэта ня значыць, што трэба прыслухоўвацца адназначна толькі да таго ці іншага боку. Ёсьць яшчэ адзін бок, самы аб’ектыўны судзьдзя: спажывец. Трэба знайсьці разумны балянс, каб не цярпеў спажывец, насельніцтва магло купляць больш танныя тавары, і каб наш вытворца добра сябе адчуваў на сваім унутраным рынку.

Малому бізнэсу я не судзьдзя, кожны абірае свае шляхі прадстаўленьня сваіх інтарэсаў, нехта аргумэнтацыяй, нехта на мітынгах, нехта іншымі спосабамі. Што цяпер пастанавілі на мітынгу вырашаць свае пытаньне — то паглядзім, што ім гэта дасьць.

Трэба ня форумы было ладзіць, а канкрэтныя разьлікі: паказаць у тым ліку, што атрымлівае і губляе насельніцтва.

Трэба размаўляць аргумэнтавана, мовай лічбаў, а не эмоцыяў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG