Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слабы рубель, «танныя» мэдыкі і кокусы ў ЗША


«Трайны удар. Тры пытаньні для трох аналітыкаў». Удзельнічаюць Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч і Юры Дракахруст.

  • Чаму падае беларускі рубель?
  • Ці залежыць заробак мэдыкаў у Беларусі ад якасьці іх працы?
  • Што азначаюць вынікі кокусаў ў Аяве?


Чаму падае беларускі рубель?

Карбалевіч: Сёньня беларускі рубель дайшоў да мяжы 21 786 рублёў за даляр. З пачатку году ён абваліўся на 16%. Чыста вонкавая, відавочная прычына — гэта падзеньне цэнаў на нафту і курсу расейскага рубля. Знакаміты міт пра стабільнасьць даўно культывуецца ў Беларусі, і на ім грунтуецца ўвесь ідэалягічны канструкт лукашэнкаўскага рэжыму. Людзі ходзяць кожны дзень у краму, бачаць, што практычна кожны тыдзень мяняюцца цэны, абменны курс рубля хістаецца вельмі моцна, прычым у бок яго зьніжэньня да асноўных валютаў. Людзі абураюцца, але ідэя пра тое, што ў Беларусі стабільнасьць, жыве. Эўрапейскія людзі, якія таксама кожны дзень ходзяць у краму, але дзе цэны гадамі застаюцца тымі ж, чамусьці ня кажуць пра свае краіны як пра стабільныя.

Цыганкоў: Тут можна пажартаваць пра «стабільнасьць дэвальвацыі». Гэта тое, што адбываецца ў Беларусі гадамі.

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Карбалевіч: Ды і прэзыдэнт не мяняецца ўжо 20 гадоў — можа ў гэтым сутнасьць стабільнасьці? Зразумела, што падзеньне курсу рубля — гэта паказчык стану беларускай эканомікі. Лукашэнка, адмаўляючыся ад рэформаў, увесь час кажа, што ня хоча кідаць народ у нейкую бездань, бо людзі ня вытрымаюць тых рэформаў, што яны супраць шоку. Атрымліваецца, што шок ёсьць, але няма тэрапіі, такім чынам шок абсалютна бескарысны. Калі былі б рэформы, то было б зразумела, дзеля чаго цярпець. Насельніцтва ж рэагуе на гэтыя працэсы на дзіва спакойна. Калісьці раней, калі адбываліся падобныя працэсы, каля абменьнікаў выстройваліся чэргі, зьнікала валюта, людзі забіралі свае банкаўскія дэпазыты — цяпер такіх яскравых працэсаў няма, і гэта загадка. Людзі прызвычаіліся.

Калі кінуць жабу ў кіпень, то яна выскачыць, а калі паступова награваць, то яна там зварыцца. Беларускія ўлады прыкладна тое робяць з беларусамі

Дракахруст: У Беларусі заўсёды быў слабы рубель. Гэта была палітыка ўладаў — палітыка шчодрых раздачаў грошаў, і таму ідэалу моцнага рубля ніколі не было. Часам ён падаў вельмі інтэнсіўна, часам — больш павольна, але ён увесь час падаў. Таму жарт пра стабільнасьць дэвальвацыі справядлівы. Звычка да пастаянных устрасак у насельніцтва ёсьць — яно ўспрымае гэта ня так хваравіта, як у той краіне, дзе моцная валюта. Магчыма, дзейнічае досьвед крызісаў 2009-2011 гадоў. Тады здавалася, што ўсё, канец — а не.

Я не выключаю, што зараз у людзей ёсьць спадзяваньне, што цяпер цяжка, а потым будзе лепш, як пасьля 2011 году. Мне здаецца, што калі гэта працягнецца год-два, калі будзе адчуваньне, што гэта новая рэальнасьць на працяглы тэрмін, тады пратэсты могуць узьнікнуць. А пакуль людзі чакаюць.

Тут яшчэ ёсьць эфэкт, як у той байцы: калі кінуць жабу ў кіпень, то яна выскачыць, а калі паступова награваць, то яна там зварыцца. Беларускія ўлады прыкладна тое і робяць з беларусамі. Сытуацыя пагаршаецца пакрысе, і такога крытычнага пераходу пакуль не адбываецца.

Цыганкоў: Ня так даўно ў Беларусі быў пэрыяд, 4-5 гадоў — з 2003 па 2008 год, калі даляр быў на ўзроўні 2 тысячаў. Цяпер няма і некалькіх месяцаў стабільнасьці курсу рубля. Статыстыка паказвае, што людзі ўсё ж забіраюць свае ўклады з рублёвых дэпазытаў, даволі актыўна гэта адбываецца апошні месяц, ці пераводзяць дэпазыты на даляравыя, а некаторыя проста выдаткоўваць гэтыя грошы.

Карбалевіч: Але гэта не адбываецца ў выглядзе нейкага ажыятажу.

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Так, людзі робяць гэта ціха, магчыма таму, што ня бачаць сэнсу рабіць нейкі публічны пратэст. Улада выбірае дэвальвацыю. Яна магла выбраць больш моцны рубель, але тут быў бы выбар паміж насельніцтвам і прамысловасьцю. Умацаваньне беларускага рубля адносна расейскага вельмі б падкасіла экспартэраў нашай прамысловасьці, і ўлады вырашылі ратаваць не насельніцтва, а экспартэраў. Гэта тое, што гадамі адбываецца ў беларускай эканоміцы, якая працуе дзеля экспартэраў, а не на даходы насельніцтва. Таму ўлады сьвядома ідуць на зьніжэньне даляравых даходаў людзей.

Дракахруст: Да гэтага можна дадаць тое, што ў нас вельмі малыя золатавалютныя рэзэрвы і вельмі вялікія абавязкі. Трэба ў бліжэйшы час плаціць грошы, амаль сувымерныя з рэзэрвамі. А рынак гэта ведае і на гэта рэагуе. Калі ў «атамана няма залатога запасу», то людзі зьбіраюць свой «залаты запас». Гэта павялічвае попыт на валюту і, адпаведна, абрынае рубель.

Ці залежыць заробак мэдыкаў у Беларусі ад якасьці іх працы?

Цыганкоў: Віцэ-прэм’ер Натальля Качанава заявіла, што беларускія дактары як працуюць, так і зарабляюць. Скажу адразу, гэтыя словы выклікалі абурэньне як на форумах у інтэрнэце, гэтак і ў саміх мэдыкаў. Беларуская мэдыцына, як мы ведаем, пераважна дзяржаўная і бюджэтная, таму як доктар можа павялічыць сваю прадуктыўнасьць, працаваць больш, калі заробак у яго ад колькасьці працы не залежыць? Гэта не прадпрымальнікі, не будаўнікі. Маладыя дактары прыходзяць пасьля 6-7 год навучаньня, зарабляюць 3-4 мільёны. Ясна, што статыстыка паказвае, што дактары зарабляюць крыху вышэй за сярэдні беларускі заробак — 8-9 мільёнаў, але адкуль бяруцца гэтыя лічбы? Гэта звычайна паўтары ці дзьве стаўкі — фактычна зараз няма доктара, які працуе на адну стаўку. Плюс начныя дзяжурствы, плюс падпрацоўка ў камэрцыйных мэдцэнтрах.

Ці хацелі б вы ісьці да доктара, які адпрацаваў свой дзень, потым пайшоў у начное дзяжурства, а пасьля яго зноў працаваў?

Ці хацелі б вы ісьці да доктара, які адпрацаваў свой дзень, потым пайшоў у начное дзяжурства, а пасьля яго зноў працаваў? Наколькі такая сытуацыя адпавядае заканадаўству аб працы? Такое спрэс сустракаецца сярод дактароў. Словы Качанавай таксама паказваюць, што няма намеру ісьці на рэформы ў мэдыцыне — уводзіць элемэнты страхавой мэдыцыны, рынкавыя мэханізмы, каб дактары залежалі ад сваіх пацыентаў, пацыенты маглі б выбіраць дактароў. А тут размова ідзе пра гэткі экстэнсіўны мэтад, каб працаваць больш, прычым дзяржава не зьбіраецца за гэта плаціць больш.

Карбалевіч: Ва ўмовах крызісу дэградуе ўсё, у тым ліку і сацыяльная сфэра. Я думаю, праблемы будуць толькі нарастаць. Людзі будуць эканоміць на платнай мэдыцыне, і ўсе яны пойдуць у дзяржаўныя паліклінікі. Заява віцэ-прэм’ера паказвае, што беларускія чыноўнікі наогул дрэнна адчуваюць настрой грамадзтва. У адрозьненьне ад міністраў дэмакратычных краінаў, якія прайшлі праз выбарчыя кампаніі, атрымалі падтрымку грамадзтва, беларускія чыноўнікі не разумеюць, што можна казаць, што ня можна. Яны не публічныя палітыкі, яны не прайшлі адбор выбарамі, яны не адчуваюць, што людзі думаюць. Тут яшчэ крызіс здарыўся. Таму пэрыядычна робяцца такія недарэчныя заявы, якія выклікаюць абурэньне.

Можна ўзгадаць, як міністар працы Марыяна Шчоткіна казала калісьці, што калі вам не хапае заробку — шукайце іншую працу, на двух працуйце. Можна ўзгадаць, як былая кіраўніца Нацбанку Надзея Ермакова на пасяджэньні «Белай Русі» заклікала людзей эканоміць, быць сьціплымі — і гэта казаў чалавек, які жыве ў шыкоўным доме ў так званым «царскім сяле». І Лукашэнка кажа рэчы, якія выклікаюць зьдзіўленьне: памятаеце, як ён казаў, што беларусы жывуць цяпер так добра, як ніколі не жылі. Ці што ў Беларусі ўсе, хто хоча добра жыць, могуць добра зарабляць. Качанава дрэнна падумала і дрэнна разумела, што кажа.

Але тут больш шырокая праблема — праблема камунікацыі кіраўніцтва з насельніцтвам ва ўмовах адсутнасьці зваротнай сувязі ад грамадзтва. Гэта глябальная праблема ўвесь час узьнікае. Тут можна ўзгадаць вядомую фразу, якую прыпісваюць каралеве Францыі Марыі Антуанэце: калі ёй сказалі, што народ абураецца, бо няма хлеба, яна сказала: чаго яны булкі не ядуць? Падобна на беларускую сытуацыю.

Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

Дракахруст: Мне здаецца, што спадарыня Качанава, калі казала гэта, мела на ўвазе такую рэч, якую ніхто не гаворыць, але ўсе разумеюць: у Беларусі для таго, каб цябе добра палячылі, трэба заплаціць. У апытаньнях на пытаньне: «Дзе вы больш за ўсё сустракаліся з карупцыяй?» — абсалютная большасьць адказала: «У мэдыцыне». Па сутнасьці гэта нават цяжка назваць карупцыяй, бо гэта нармальныя рынкавыя адносіны, якія прабіваюцца праз ненатуральную сыстэму дзяржаўнага разьмеркаваньня сродкаў і мэдычных паслуг. Гэтая непразрыстая сыстэма — мы вам не даплочваем, але вы самі ведаеце, дзе гэта ўзяць, прыніжальная для ўсіх — для людзей, якія вымушаны плаціць, для дактароў, і па сутнасьці для ўсёй дзяржавы, якая адпускае высокакваліфікаваны атрад сваіх адмыслоўцаў на такое незаконнае «кармленьне».

Гэтая непразрыстая сыстэма — мы вам не даплочваем, але вы самі ведаеце, дзе гэта ўзяць, прыніжальная для ўсіх


Цыганкоў: Пры тым дзяржава зацята змагаецца з тым, што яна стварыла: мэдыкаў зьбіраюць на сходы, да іх прыходзіць прадстаўнік АБЭПу, распавядае, што нельга браць з пацыентаў шампанскае, цукеркі, праводзяцца рэйды, літаральна зазіраюць у кабінэты мэдыкаў у пошуках тых цукерак у шуфлядах. Столькі сілаў дзяржава траціць на гэта. Ці не рацыянальней было б перайсьці на страхавую мэдыцыну, дзе нікому ня прыйдзе ў галаву плаціць доктару, паколькі ўсё аплочана страхоўкай.

Карбалевіч: У гэтай сыстэме інстытут кантралёра — неабходны элемэнт.

Дракахруст: Змаганьне з карупцыяй у мэдыцыне прымае абсалютна звыродлівыя формы. Канкрэтная сытуацыя: некалькі гадоў таму ў Навінках быў аддзел цяжкіх хворых. Там нават людзі нешта плацілі, чалавек 50 з усёй краіны там ляжалі. І вось нейкія кантралёры знайшлі там карупцыю. І што зрабілі? Зачынілі аддзяленьне. І 50 чалавек, ляжачых хворых, фактычна выкінулі на рукі іх родным — рабіце зь імі, што хочаце. Такія жахлівыя «грымасы справядлівасьці» адбываюцца ў Беларусі.

Што азначаюць вынікі кокусаў ў Аяве?

Дракахруст: У свой час колішні прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан пажартаваў пасьля выбараў: Амэрыканскі народ сказаў сваё слова. Але патрэбны час, каб зразумець, што ён меў на увазе.

Гэтыя словы падыходзяць і да вынікаў кокусаў — сходаў двух асноўных партыяў ЗША ў штаце Аява. Зразумела, адзін штат — гэта ня ўся Амэрыка. Тым ня менш ёсьць прадмет для развагаў. У дэмакратаў вельмі левы, сэнатар-сацыяліст Бэрні Сандэрс прыйшоў галава да галавы з былым дзяржсакратаром, увасабленьнем істэблішмэнту Гілары Клінтан. Клінтан перамагла, але на долі адсотка.

Кокусы засьведчылі глыбокую ідэалягічную палярызацыю палітычнага спэктру Злучаных Штатаў


У рэспубліканцаў сэнатар Тэд Круз, вельмі правы палітык Tea Party, апынуўся на першым месцы, апярэдзіўшы лідэра гонкі Дональда Трампа. Амаль столькі ж галасоў, колькі Трамп, набраў сэнатар Марыё Рубіё.

На мой погляд, кокусы засьведчылі глыбокую ідэалягічную палярызацыю палітычнага спэктру Злучаных Штатаў — посьпеху дасягнулі палітычныя антыподы Сандэрс і Круз. Гэта паказьнік раздарожжа, на якім апынулася амэрыканскае грамадзтва, выбар варыянтаў ужо занадта шырокі.

Звычайна дзеля заваяваньня большасьці, тых хто вагаецца, палітыкі ссоўваюць сваю пазыцыю бліжэй да цэнтру — правыя робяцца крыху левымі, левыя — правымі. Тут мы гэтага не назіраем, прынамсі па выніках галасаваньня ў Аяве. Зараз падаецца відавочным, што праймэрыз, пярвічныя выбары не перадвызначаныя ані ў дэмакратаў, ані ў рэспубліканцаў. Будзе вострая барацьба і там і там.

Ну і на яшчэ адну дэталь я б зьвярнуў увагу. Этнічнасьць ня мае значэньня, прынамсі вырашальнага. Лідэр гонкі — не абавязкова белы англасакс пратэстант, Сандэрс — габрэй, Рубіё — кубінец, Круз — напалову кубінец.

Цыганкоў: Першае, пра што сьведчаць вынікі кокусаў — гэта катастрофа для Гілары Клінтан. Так ацэньваюць многія амэрыканскія аналітыкі, журналісты. Яшчэ некалькі месяцаў таму, калі пачалася кампанія, здавалася відавочным, што Гілары Клінтан — адзіны кандыдат ад дэмакратаў, маўляў, у рэспубліканцаў творыцца невядома што, там фэномэн Трампа, а тут усё спакойна. Гілары падтрымлівае ўвесь дэмакратычны істэблішмэнт, народныя масы, у яе ёсьць вопыт, гісторыя, яна была дзяржсакратаром. І тут аказваецца, што ня ўсё так проста. Бэрні Сандэрс, чалавек, які называе сябе сацыялістам, прагрэсістам, што для Амэрыкі ўвогуле незвычайна, набірае столькі ж, колькі Гілары Клінтан.

Вынікі кокусаў — гэта катастрофа для Гілары Клінтан


Сярэдзіна правальваецца. Сандэрс прыцягвае на сябе самы левы электарат, ён прыцягвае розныя меншасьці — яго палітыка заўсёды была супраць расізму і сацыяльнай і этнічнай несправядлівасьці. Але і на другім баку спэктру хада кампаніі паказвае, што рэспубліканскі электарат таксама супраць свайго партыйнага істэблішмэнту. Нагадаю, калі пачыналася кампанія, для ўсіх, і нават для букмэкераў, безумоўным фаварытам быў Джэф Буш — брат прэзыдэнта Буша і сын прэзыдэнта Буша. Зараз мы пра яго нават ня згадваем, бо гэты час — восень і зіма — паказаў, што рэспубліканскі электарат схільны да больш рэзкіх кандыдатаў. І Трамп, і Круз, і Рубіё дыстанцуюцца ад істэблішмэнту, маўляў, мы не такія, як яны. Трамп вядзе сваю, безумоўна, папулісцкую кампанію з такім пасылам: я сам за сябе плачу, я не залежу ад спонсараў, мной ніхто ня можа маніпуляваць, пазыцыя мая бескампрамісная, я кажу тое, што думаю сам, а ня тое, што хоча партыя. Натуральна, што такі падыход набірае галасы. Гэта сапраўды робіць гэтую кампанію незвычайнай і вельмі цікавай.

Карбалевіч: Ну, па першым галасаваньні яшчэ рана судзіць пра ўсе галоўныя тэндэнцыі і вынікі, якія могуць быць на фінішы. Але што можна сказаць? Я згодны, што гэта раскол і дыфэрэнцыяцыя амэрыканскага грамадзтва. Прычым рэй вядуць не зусім сыстэмныя палітыкі. Гэта мне нагадвае тое, што адбываецца ў Эўропе, дзе таксама правыя і левыя ўзмацняюць свае пазыцыі. То бок, гэта агульная тэндэнцыя.

Таксама і перамога Барака Абамы на выбарах 2008 году была выразьнікам гэтай тэндэнцыі, бо самога Абаму можна назваць сыстэмным палітыкам толькі з нацяжкай. Я тлумачу гэтую тэндэнцыю зьменамі дэмаграфічнымі. Вядома, што доля белага насельніцтва скарачаецца, павялічваецца доля тых, хто раней лічыўся нацыянальнымі меншасьцямі, асабліва тых, каго ў ЗША называюць «лацінас». Таму ўзмацняюцца правы і левы флянгі. Традыцыі разбураюцца — гэта галоўная выснова пакуль.

XS
SM
MD
LG