Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На аплату штрафаў графіцістам за два дні сабрана больш за 1000 даляраў


29 студзеня ў Мінску завяршыўся працэс над графіцістамі за малюнкі «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе». Суд пакараў хлопцаў штрафамі: Вадзіма Жаромскага — у 50 базавых велічынь (10 500 000 рублёў), Максіма Пякарскага — у 40 базавых (8 400 000 рублёў) і Вячаслава Касінерава — у 30 базавых (6 300 000 рублёў).

Хлопцы-графіцісты зьвярнуліся да «Арт Сядзібы» з просьбай дапамагчы арганізаваць збор сродкаў на аплату штрафаў. Было вырашана распачаць збор сродкаў. Як стала вядома Радыё Свабода, за два дні было сабрана больш за 1000 даляраў.

«За два дні акцыі ў падтрымку мастакоў ужо сабрана 650 даляраў (150 — праз ахвяраваньні ў офісе „Арт Сядзібы“ і 500 — праз „PayPal“). Перасылаюць грошы з ЗША, Славеніі, Нямеччыны, Аўстраліі, Чэхіі, Канады, Расеі і Польшчы. Замоўлена ўжо 40 цішотак з прынтом Максіма Пякарскага „Беларусь мае быць беларускай“, цягам тыдня яны будуць гатовыя. Калі ўсе замоўцы іх забяруць, то гэта будзе яшчэ каля 400 даляраў. Такім чынам, за два дні нам амаль удалося сабраць грошы на кампэнсацыю штрафаў тром графіцістам, застанецца сабраць на штрафы для сяброў, якіх з журналістам Паўлам Дабравольскім пабілі ў судзе і таксама далі штрафы», — распавёў Радыё Свабода дырэктар Арт Сядзібы Павел Белавус.

Паводле арганізатараў, збор сродкаў будзе працягваецца.

Аплаціць штраф «графіцісты» вінныя цягам месяца. Пасьля чаго абяцаюць публічна адсправаздачыцца за сабраныя ў межах акцыі сродкі.

XS
SM
MD
LG