Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар эканомікі Ўкраіны падаў у адстаўку на знак пратэсту супраць карупцыі ўлады


Айварас Абрамавічус

Айварас Абрамавічус

Заходнія паслы ў Кіеве адзначаюць, што міністар Айварас Абрамавічус і яго дарадцы імкнуліся пераадолець карупцыю, якая перашкаджае разьвіцьцю Ўкраіны.

Дыпляматычныя прадстаўнікі шасьці заходніх краін у Кіеве выступілі з сумеснай заявай у сувязі з адстаўкай кіраўніка міністэрства эканамічнага разьвіцьця і гандлю Ўкраіны. Паслы Канады, Францыі, ФРГ, Італіі, Літвы і Швэцыі выказалі «глыбокае расчараваньне» адстаўкай Айвараса Абрамавічуса і групы яго дарадцаў.

У заяве, апублікаванай на сайце амбасады Швэцыі ва Ўкраіне, гаворыцца, што міністар і яго каманда зрабілі важныя крокі ў прасоўваньні цяжкіх і неабходных эканамічных рэформаў, накіраваных на стабілізацыю ўкраінскай эканомікі. Дыпляматы адзначаюць намаганьні, накіраваныя на падрыў карупцыі і стварэньне ўмоваў, якія адпавядаюць патрабаваньням Міжнароднага валютнага фонду (МВФ). Такія меры былі накіраваныя на зацьвярджэньне прынцыпаў адкрытасьці і празрыстасьці ў працы ўраду Ўкраіны.

Антыкарупцыйнае бюро адкрыла крымінальную справу, пачаўшы праверку фактаў, агучаных Абрамавічусам.

Кіраўнікі дыпляматычных прадстаўніцтваў шасьці заходніх краін у сваёй сумеснай заяве падкрэсьліваюць, што стабільнасьць і росквіт будучай Украіны запатрабуюць пасьлядоўных намаганьняў прафэсіяналаў, якія здольныя «паставіць інтарэсы ўкраінскага народу вышэй за свае ўласныя».

У заяве заходніх паслоў гаворыцца, што ўкраінскім лідэрам варта было б адкласьці рознагалосьсі, пакінуць у баку карысьлівыя інтарэсы, якія дзесяцігодзьдзямі перашкаджалі прагрэсу Ўкраіны, і праводзіць жыцьцёва неабходныя рэформы.

Выступаючы ў сераду на прэс-канфэрэнцыі, міністар Айварас Абрамавічус матываваў сваё рашэньне процідзеяньнем рэформам, якія ён праводзіць.

Акрамя таго, міністар заявіў:

«У мяне і маёй каманды няма жаданьня быць шырмай для адкрытай карупцыі або падкантрольнымі марыянэткамі для тых, хто хоча ў стылі старой улады ўсталяваць кантроль над дзяржаўнымі грашыма».

Айварас Абрамавічус заявіў, што ключавой прычынай яго звальненьня з пасады міністра стаў канфлікт зь першым намесьнікам кіраўніка фракцыі «Блёк Пятра Парашэнкі» Ігарам Кананенкам. Паводле міністра, Кананенка спрабуе расставіць сваіх людзей у міністэрстве і на падкантрольных яму прадпрыемствах, каб мець доступ да грашовых патокаў.

Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро адкрыла крымінальную справу, пачаўшы праверку фактаў, агучаных Абрамавічусам. Кананенка называе абвінавачваньні Абрамавічуса на свой адрас спробай перакласьці адказнасьць за няўдачы ў працы міністэрства.

Ігар Кананенка

Ігар Кананенка


Прэм’ер-міністар Украіны Арсеній Яцанюк заявіў, што канчатковае рашэньне па адстаўцы будзе вынесена Вярхоўнай Радай, назваўшы прашэньне аб адстаўцы «ўцёкамі з поля бою».

Літоўскі бізнэсовец Айварас Абрамавічус быў прызначаны на пасаду міністра эканамічнага разьвіцьця і гандлю ў сьнежні 2014 году, атрымаўшы перад гэтым украінскае грамадзянства. Да гэтага працаваў у швэдзкай кампаніі East Capital, дзе кіраваў працай паловы фондаў з актывамі больш як 3,5 мільярда даляраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG