Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Масквічы вучаць беларускую мову з рамантычных памкненьняў», — куратар бясплатных курсаў


Вераніка Сяргеева

Вераніка Сяргеева

1 лютага ў Маскве стартавалі бясплатныя заняткі для жадаючых вывучаць адну зь дзесяці моваў краін СНД.

Праект называецца «Школа моваў суседзяў». У межах яго масквічы будуць вучыць азэрбайджанскую, армянскую, беларускую, казахскую, кыргыскую, малдаўскую, узбэцкую, таджыцкую, туркмэнскую і ўкраінскую мовы.

Радыё Свабода пагутарыла зь Веранікай Сяргеевай, мэнэджэрам праекту.

«У 2014-2015 гадах мы мелі праект «Мовы краін мігрантаў», у межах якога можна было вывучаць таджыцкую, узбэцкую, казахскую і малдаўскую мовы. Зараз захацелася пашырыць справу. Са спрыяньнем Фонду падтрымкі публічнай дыпляматыі ім. А. М. Гарчакова ўзьнікла «Школа краін суседзяў», — распавядае дзяўчына.

У школе будзе навучацца 120 чалавек: дзесяць груп па дванаццаць студэнтаў, якія былі адабраныя арганізатарамі на падставе матывацыйных лістоў. Усяго было 794 жадаючых, зь іх 30 падалі заяўку на вывучэньне беларускай мовы:

У нашай школе стаўка робіцца на сур’ёзны, акадэмічны, а не забаўляльны падыход да вывучэньня моваў.

«Абмежаваньне па колькасьці ўведзеная зь некалькіх прычын — невялікія памяшканьні, дзе будуць праходзіць курсы, і немагчымасьць грунтоўнага выкладаньня пры вялікай колькасьці студэнтаў. З гэтага можна зразумець, што ў нашай школе стаўка робіцца на сур’ёзны, акадэмічны, а не забаўляльны падыход да вывучэньня моваў. У нас мала часу — курсы будуць праходзіць чатыры месяцы, на тыдзень — адны заняткі. Хочацца, каб за гэты час у студэнтаў назапасіўся дастатковы багаж ведаў, неабходны хаця б для вуснай камунікацыі з носьбітамі мовы. Таму ўхіл будзе ўсё ж на размоўную мову, а не на граматыку. Таксама вельмі важным аспэктам будзе вымаўленьне — і тут курсы ў дапамогу, таму што, вывучаючы мову з дапамогай падручнікаў, вельмі складана навучыцца правільна вымаўляць. Яшчэ адна з задачаў, якая стаіць перад выкладчыкамі — хаця б мінімальна пазнаёміць студэнтаў з культурай краіны, зацікавіць іх, каб яны былі захопленыя і захацелі працягнуць навучаньне самастойна».

Арганізатары імкнуліся адбіраць тых студэнтаў, якім веданьне той ці іншай мовы неабходна для іх прафэсійнай дзейнасьці. Напрыклад, для напісаньня навуковых прац, ці для рэалізацыі праектаў, зьвязаных з пэўнай краінай. Таксама ў прыярытэце былі журналісты, якія пішуць пра нейкія краіны і хацелі б чытаць на абранай мове. Таксама былі матывацыі, зьвязаныя зь бізнэс-дзейнасьцю.

Гэта людзі, якія ведаюць пра праблемы, зьвязаныя зь беларускай мовай, і хочуць спрычыніцца да захаваньня гэтай цудоўнай мовы, а таксама тыя, хто мае беларускія карані, але ўжо даўно жыве ў Расеі.

«Што тычыцца беларускай мовы, то я б сказала, што тут ў асноўным былі рамантычныя памкненьні. Заявак ад людзей, якім беларуская мова трэба па практычных меркаваньнях, было надзвычай мала. Як выключэньне магу прыгадаць дзяўчыну-фальклярыста, якой беларускай мова трэба ў працы. А астатнія — гэта людзі, якія ведаюць пра праблемы, зьвязаныя зь беларускай мовай, і хочуць спрычыніцца да захаваньня гэтай цудоўнай мовы, а таксама тыя, хто мае беларускія карані, але ўжо даўно жыве ў Расеі. Зрэшты, апошняя прычыны характэрная ня толькі для беларускай, але і для ўсіх астатніх моваў», — распавядае Вераніка Сяргеева.

Куратар праекту распавяла пра цяжкасьці, зьвязаныя з пошукам выкладчыка беларускай мовы. Аказваецца, у Маскве яе не выкладаюць ні ў водным ВНУ:

Антон Сомін

Антон Сомін

«Мы адразу замахнуліся на высокі ўзровень выкладаньня. І ўзялі выкладчыкаў з МДЛУ і МГІМА. Але высьветлілася, што беларуская мова ўвогуле не выкладаецца ў маскоўскіх ВНУ. Празь некаторыя час я сустрэла Антона Соміна — ён сам зь Менску, але жыве ў Маскве і зьяўляецца малодшым навуковым супрацоўнікам Лябараторыі лінгвістычнай канфлікталёгіі Школы філялёгіі НДУ ВШЭ, а таксама выкладчыкам Інстытуту лінгвістыкі РГГУ. Ён, дарэчы, сам зацікавіўся нашым праектам і прапанаваў сябе ў якасьці выкладчыка беларускай мовы. Дарэчы, Антон напісаў дапаможнік для самастойнага вывучэньня беларускай мовы, кніга хутка пабачыць сьвет у адным з выдавецтваў Масквы».

XS
SM
MD
LG