Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вікінг» на «Шаўковым шляху»: антырасейскі транспартны дэмарш


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Украінскі ўрад падпісаў мэмарандум зь Літвой, які прадугледжвае аб’яднаньне праекту «Шаўковы шлях» праз Украіну ў Кітай з праектам «Вікінг», у якім важную ролю мае выконваць Беларусь. Дзякуючы гэтаму да зоны свабоднага гандлю ў рэгіёне далучацца краіны Эўразьвязу.

Падзея ўжо выклікала нэрвовую рэакцыю ў Маскве, якая лічыць такую асацыяцыю праявай антырасейскай салідарнасьці. Тым часам у Кіеве нагадваюць, што ад 1 студзеня Расея прыпыніла для Ўкраіны дзеяньне дамовы СНД аб свабодным гандлі і ўвяла мыта дзеля «абароны ўнутранага рынку». Згодна з указам расейскага прэзыдэнта ўсе грузаперавозкі з Украіны ў краіны Сярэдняй Азіі павінны ажыцьцяўляцца толькі праз пэўныя пункты на расейска-беларускай мяжы ў аплямбаваных фурах і вагонах.

У такой сытуацыі ўкраінскія ўлады вымушаныя шукаць альтэрнатыўныя шляхі: 15 студзеня з порту Ільічоўск праз Грузію і Азэрбайджан рушыў першы пробны цягнік у Казахстан і далей да мяжы з Кітаем.

Далучыцца да так званага транскасьпійскага маршруту прапануецца Вільні і Менску — узьнікае магчымасьць пастаўляць грузы ў Азію праз украінскія парты, то бок у абыход Расеі. Гаворка найперш пра цягнік камбінаванага транспарту «Вікінг», які рушыць «ад мора да мора» — па тэрыторыі Літвы, Беларусі і Ўкраіны.

Ініцыятары праекту абяцаюць цікавыя эканамічныя пэрспэктывы: летась кіраўніцтва Клайпедзкага порту падпісала шэраг мэмарандумаў з кітайскай кампаніяй China Merchants Group адносна арганізацыі транспартна-лягістычнага цэнтру ў рамках «Шаўковага шляху». Кітайцы хочуць набыць тэрмінал і актыўна разьвіваць порт пад глябальны транзыт.

Экспэрт у пытаньнях энэргетычнай бясьпекі Станіслаў Гусак даўно кажа пра неабходнасьць транспартнага калідору ў абход Расеі. Рэалізацыю транскасьпійскага маршруту на новым узроўні ён вітае:

За гэтым праектам — будучыня ўсяго рэгіёну.

«Я так думаю, што гэта вельмі пэрспэктыўны напрамак. Нават скажу так: за гэтым праектам — будучыня ўсяго рэгіёну. Цікавасьць да яго выяўляюць шмат транснацыянальных кампаній, якія, не сумняюся, зь цягам часу накрыюць вялізную тэрыторыю ад Фінляндыі і краін Балтыі спачатку да Беларусі, а потым празь Беларусь — да Ўкраіны і далей на Ўсход. Увогуле можна казаць шмат пра якія напрамкі. Вядома, найперш чыгунка як самы зручны від грузавога транспарту. А ў будучым — абавязкова нафтаправоды, газаправоды, бо гэта, без перабольшаньня, можа стаць „дарогай гандлю“ на маршруце Ўсход-Захад без задзейнічаньня Расеі. Таму гэта вельмі пэрспэктыўна і прынясе нашым дзяржавам шмат чаго карыснага. Гэта нават не чаканьні, а рэаліі, якія досыць лёгка кладуцца з прыцэлам у будучыню. Інакш, як мне падаецца, ужо ня можа і быць».

Адмыслоўцы зьвяртаюць увагу на тое, што ў «антырасейскім транспартным дэмаршы» ўдзельнічаюць як апанэнты, так і саюзьнікі Масквы. З аднаго боку — Літва, сябра Эўразьвязу і НАТО, плюс Украіна, якая прынамсі туды імкнецца. Абедзьве дзяржавы аднолькава крытычна ставяцца да агрэсіўнай палітыкі Крамля. З другога боку — Беларусь, дэ-факта ледзь не бліжэйшы партнэр Расеі, удзельніца інтэграцыйных надбудоваў і арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы пад маскоўскім пратэктаратам.

Тым ня меней, як кажа Станіслаў Гусак, ва ўмовах поўнай непрадказальнасьці ўсходняга суседа кіраўніцтва Беларусі ўсё часьцей будзе заяўляць пра неабходнасьць дывэрсыфікацыі стратэгічных сфэраў:

Раней ці пазьней Расея сама апынецца за жалезнай заслонай — гэта толькі пытаньне часу, прычым, бліжэйшага.

«Таму што раней ці пазьней Расея сама апынецца за жалезнай заслонай — гэта толькі пытаньне часу, прычым, бліжэйшага. Ня думаю, што будзе 100-працэнтная эканамічная блякада. Тым ня меней усё ідзе да таго, што саюзьнікаў у яе практычна не застанецца. І калі так стане, то будзе правільна. Прынамсі, сумняюся, што пры такім раскладзе Беларусь таксама захоча выконваць свае абавязаньні перад „цэнтрам“. Расея гэта называе „саюзнымі абавязаньнямі“, а мы скажам канкрэтней — абавязаньні каляніяльнага парадку. Надышоў час заявіць пра свае нацыянальныя інтарэсы і працаваць для народа, а не для Масковіі».

Праект «Вікінг» распачаўся з ініцыятывы Літвы, Беларусі і Ўкраіны ў 2003 годзе. Пазьней да яго далучыліся Латвія, Эстонія і Баўгарыя. Галоўны грузавы маршрут злучае ўкраінскі порт Ільічоўск на Чорным моры празь Менск са станцыяй «Драўгісьце» ў літоўскай Клайпедзе на Балтыцы. Шлях больш як у 1700 кілямэтраў займае двое сутак. Летась аб’ём перавозак цягніка «Вікінг» перавысіў 4 тысячы кантэйнэраў, што на 50% больш за паказьнікі 2014 году. З выхадам на новы ўзровень статыстыку плянуецца істотна адкарэктаваць.

XS
SM
MD
LG