Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 4 лютага: Сусьветны дзень барацьбы з ракам, дні нараджэньня Тадэвуша Касьцюшкі, Мікалая Радзівіла-Чорнага і Facebook


Аркадзь Куляшоў

Аркадзь Куляшоў

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларус, сьвеце, гісторыі.

Падзеі дня:

Менск. У Сусьветны дзень барацьбы супраць раку ў Беларусі пройдзе акцыя ў падтрымку анкалягічных пацыентаў «Мова рук» пад лёзунгам «Мы можам. Я магу». Арганізатар — сацыяльна-асветніцкая ўстанова «Цэнтар падтрымкі анкапацыентаў» — прапануе напісаць на далоні «Мы можам» або «Я магу» і сваё паведамленьне з інфармацыяй або дзеяньнем. Пасьля трэба сфатаграфаваць руку з надпісам і падзяліцца малюнкам ў сацсетках, выкарыстоўваючы хэштэгі # МоваРук, #WorldCancerDay, # ДзеньСупрацьРаку, # МыМожамЯМагу, #WeCanICan або #TalkingHands. Можна таксама стварыць аніміраваныя выявы ў фармаце GIF і разьмясьціць спасылку на сайце www.oncopatient.by. 4 лютага ўсе фота з сацсетак будуць зьмешчаны на міжнароднай «Сьцяне падтрымкі» на сайце www.worldcancerday.org.

Менск. Адкрыцьцё выставы фіналістаў конкурсу праектнай фатаграфіі «Прафота-2015». Месца правядзеньня — Прастора ЦЭХ (вул Кастрычніцкая, 16). Пачатак а 19:00

Менск. Літаратурна-музычны вечар да 90-годзьдзя малодшага сына Якуба Коласа Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча і 125-годзьдзя з дня нараджэньня жонкі Якуба Коласа Марыі Дзьмітрыеўны Міцкевіч. Міхась Канстанцінавіч да гэтага часу вядзе актыўную дзейнасьць. Месца правядзеньня — Дзяржаўны літаратурна-мэмарыяльны музэй Якуба Коласа (вул Акадэмічная, 5). Пачатак а 16:00

Менск. Прэзэнтацыя кнігі «Пра жыцьцё, пра волю, пра сябе...». Уладзімір Высоцкі ў перакладах Міхася Булавацкага. Удзельнічае бард Зьміцер Бартосік. Месца правядзеньня — кнігарня логвінаЎ (пр. Незалежнасьці, 37а). Пачатак а 19:00

Менск. «Беларуская мініятура XIX стагодзьдзя» — новая канцэртная праграма ансамбля салістаў «Клясык-Авангард» пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Байдава. Месца правядзеньня — Белдзяржфілармонія (пр Незалежнасьці, 50). Пачатак а 19:00

Менск. Адкрыцьцё фотавыставы Алены Ляшкевіч «Этнавандроўкі». Месца правядзеньня — офіс «Студэнцкага этнаграфічнага таварыства» (К. Лібкнехта, д. 112). Пачатак а 19.00

У гісторыі:

1789 — Джордж Вашынгтон абраны першым прэзыдэнтам ЗША.

1861 — Утвораныя Канфэдэратыўныя Штаты Амэрыкі, сэпаратысцкая дзяржава, якая праіснавала да 1865 году.

1945 — у Левадыйскім палацы каля Ялты пачала працу канфэрэнцыя кіраўнікоў краінаў антыгітлераўскай кааліцыі — Франкліна Рузвэльта, Ёсіфа Сталіна і Ўінстана Чэрчыля.

2003 — у Менску афіцыйна адчыненая амбасада Палестынскай аўтаноміі.

2004 — Запушчаны Facebook.

2005 — Пасьля «аранжавай» рэвалюцыі парлямэнт Украіны прызначыў прэм’ер-міністрам краіны Юлію Цімашэнку.

У памяці:​

1494 — нарадзіўся Франсуа Рабле, францускі пісьменьнік.​

1515 — нарадзіўся Мікалай Радзівіл Чорны, беларускі магнат і асьветнік.

1746 — нарадзіўся Тадэвуш Касьцюшка, герой нацыянальна-вызваленчага руху ў Рэчы Паспалітай і ў ЗША.

1808 — нарадзіўся Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, беларускі пісьменьнік.

1878 — нарадзіўся Дарафей Бохан, беларускі паэт, празаік, публіцыст.

1884 — нарадзіўся Павал Харламповіч, беларускі нумізмат, прафэсар археалёгіі, дырэктар Беларускага дзяржаўнага музэю

1897 — Людвіг Эрхард, нямецкі палітык, «бацька» пасьляваенных эканамічных рэформаў у Нямеччыне.

1929 — нарадзіўся Лявон Баразна, беларускі мастак.

1931 — памёр Усевалад Ігнатоўскі, беларускі гісторык.

1934 — нарадзіўся Арсень Ліс, беларускі навуковец-фальклярыст, пісьменьнік. ​

1978 — памёр Аркадзь Куляшоў, народны паэт Беларусі.

Цытата:

Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая.
Чаму так горка, не магу я зразумець.
Шкада заранкі мне, што ў небе дагарае
На ўсходзе дня майго, якому ружавець.

Ці помніш першае нясьмелае прызнаньне?..
Над намі жаўранкам зьвінеў і плакаў май.
Назаўтра золкае, туманнае сьвітаньне,
Суровы позірк твой і мой нямы адчай.

Пайшла ты, любая, пад гоман жоўтых сосен,
Пайшла, маўклівая, пад хваль жытнёвых шум,
Туды, дзе гойдала зялёнае калосьсе
На сьцежках ростані мой адзінокі сум.

Пайшла за ціхія, далёкія прасторы
Сьвітальнай зоркай ты, што гасьне ў сіняве.
Душы пакрыўджанай гарачыя дакоры
Сьлязой халоднаю застылі на траве.

Пайшла, пакінуўшы мне золкі і туманы,
Палынны жаль смугой ахутаных дарог,
Каб я хвілінны боль і горыч гэтай раны
Гадамі ў сэрцы заглушыць сваім не мог.

Пайшла, ніколі ўжо не вернесься, Алеся.
Бывай, смуглявая, каханая, бывай.
Стаю на ростанях былых, а з паднябесься
Самотным жаўранкам зьвініць і плача май.

Бывай, абуджаная ў сэрцы, дарагая.
Твой сьветлы вобраз панясу я па жыцьці.
На ўсходзе дня майго заранка дагарае,
Каб позна вечарам на захадзе ўзысьці.​

Аркадзь Куляшоў, «Бывай...»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG