Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальніцу ў Полацку аштрафавалі амаль на 5 млн за «перашкоды падатковай»


Аб’яднаньне прадпрымальнікаў зьбіраецца абскарджваць рашэньне, але ня верыць у справядлівы суд.

У Полацку 3 лютага завяршыўся суд, на якім разглядалася скарга прадпрымальніцы Веры Русецкай на пастанову падатковай аб прыцягненьні да адміністрацыйнай адказнасьці за супраціў пры правядзеньні праверкі ў кастрычніку 2015 году.

Як распавёў Свабодзе старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка, суд стаў на бок падатковай:

Анатоль Шумчанка

Анатоль Шумчанка

«Сёньня прыехалі ў 9:10 з адвакатам, прывезьлі новыя паказаньні сьведак, далучылі іх да справы. Але аказалася, рашэньне было падрыхтаванае загадзя. Прызначылі штраф у 23 базавыя велічыні (4 830 000 рублёў. — РС).

Мы будзем абскарджваць рашэньне, хай усе гэта пабачаць. Бо людзі выходзілі з залі суду і казалі, што не было ў нас суду і ня будзе. Я думаю, што ў судах з удзелам падатковай апраўдальных вэрдыктаў няма. Думалі, мо цяпер больш-менш пачнуць разьбірацца, але пабачылі: усё паказальна.

Гэта відавочна, што цяпер рашэньні будуць не на карысьць прадпрымальнікаў. Я на форуме нездарма казаў: улады страцілі давер людзей. Цяпер была маса момантаў, калі можна было вярнуць давер людзей, зрабіўшы разгляд судовых спраў аб’ектыўным».

Шумчанка распавядае, што, паводле вэрсіі прадпрымальнікаў, у кастрычніку праверку падатковай спужаў натоўп людзей і тая сышла сама, а Русецкую вырашылі «зрабіць крайняй». Яна нібыта «выштурхоўвала іх са свайго працоўнага месца, кідалася манэкенамі». Шумчанка кажа: калі б яна фізычна перашкаджала праверцы, трэба было выклікаць міліцыю. Першы раз суд адклалі празь недастатковасьць доказаў з боку падатковай інспэкцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG