Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачнём з таго, што рэфэрэндуму не было. Па такіх надзвычайных пытаньнях, як будаўніцтва атамнай станцыі яго праводзіць абавязкова!

Нават пытаньне, ці мусіць начальства даваць справаздачу народу (ці нешта такое) — аднойчы было на рэфэрэндуме. А тут АЭС! Няхай у мяне спытаюцца: ну і што, табе тады лягчэй стала хіба? Народ жа прагаласаваў, што ня трэба, не напружвайся, чыноўнік. І каб дзеля станцыі зрабілі народнае галасаваньне, якім бы яно было? Калі начальству раптам спатрэбіцца «параіцца» з электаратам, ён прагаласуе за ўсё, што начальству трэба. Заўсёды «за»!

Што ж, гэта праўда. Але тут нават фармальна ніякага раджаньня не было. Значыць: людзі ў гэтым пытаньні зусім пустое месца. Тфу! Што на іх зьвяртаць увагу, калі ўсё схоплена? Як можна зразумець, гэта было рашэньне аднаго чалавека. А тое, што дзесьці вяскоўцаў аўтобусамі зьвезьлі ў РДК і патлумачылі, што АЭС — гэта шчасьце, хіба можна браць пад увагу?

Ад пачатку было ясна: АЭС у Астраўцы для начальства — што піраміды для фараонаў. Як жыла Беларусь без атамных станцый, так і пражыла б яшчэ сто гадоў. Просты прыклад: паднялася зноў «камуналка», самае дарагое, як заўсёды, — гарачыя батарэі ў кватэрах. Савецкая дурасьць і марнатраўства. Цэлы Савецкі Саюз стаяў за канвэерам, сядзеў у кабінэтах, а ў пустых кватэрах гарачэлі батарэі. І цяпер тое самае. Я пастаянна, кожны дзень, захіляю сваю батарэю капай, каб можна было працаваць. У астатніх памяшканьнях таксама такое цяпло ўдзень непатрэбнае. Значыць, я касую цяпло, але мушу плаціць за яго. Чыста савецкі абсурд.

У нармальнай краіне на батарэях стаяць рэгулятары, заедзьце ў Польшчу, гляньце! Што гэта азначае? Што начальству ня трэба купляць столькі мазуту ці электрычнасьці, столькі высілкаў рабіць, каб марнаваць цяпло, а потым спаганяць грошы зь людзей. Замяніце батарэі! І ня трэба АЭС будзе. Вокны замянілі? Замянілі. Лічыльнікі на ваду паставілі? Так. У новых жа дамах батарэі ставяць новыя! Народ не нарадуецца эканоміі.

Я не кажу пра лямпачкі, напрыклад, у пад’ездах ды іншых памяшканьнях, калідорах. У нашым пад’езьдзе, скажам, яны гараць круглы год: дзень, сонца, лета, няважна, ніхто ня выключыць. Я памятаю, калі мы прыехалі ў ГДР, гэта было чорт знае калі, мяне, савецкага хлопчыка, уразіла: націскаеш гузік, у пад’езьдзе запальваецца сьвятло, на хвіліну-дзьве, пакуль ты ня зойдзеш да сябе. У нас 2016 год. Дзе гэтыя ўключальнікі з ГДР, якой даўно няма?

Ды й увогуле, калі вярнуцца да іхняй АЭС, ці бізнэс-плян нейкі існуе абгрунтаваны? Не паветраныя замкі, а цалкам цьвярозы? Аналіз ці зроблены — якія у суседзтве краіны будуць мець у будучыні патрэбу ў электрычнасьці ад беларускай АЭС? Ці дамоўлена зь імі? Той Пуцін, напрыклад, быў перакананы, што Эўропа ніколі не абыдзецца без расейскай нафты і газу, і можна будзе замаўляць музыку, дыктаваць. І што цяпер мае? Але яму можна скараціць здабычу, калі што. А энэргаблёк на АЭС хіба спыніш? Няўжо ў беларуса заўсёды «запас бяды ня чыніць»? Баюся, радавацца ў такой сытуацыі – усё роўна, што пляскаць чужой ядзернай базе на тваёй тэрыторыі.

Успрымаць як дар божы рускі атам ня варта. Вунь як усё закруцілася навокал, будзем на вечным кручку ў Пуціных, у іхніх лапах. Ну й ці не атрымаецца «бізнэс па-беларуску»: прадаваць хоць каму ніжэй сабекошту (які, вядома, у нас ён традыцыйна высокі), як было ня раз на расейскім рынку? Ці не атрымаецца той «цыганскі гандаль» з надзьмутай паветрам пры дапамогзе саломіны праз адтуліну кабылай, як у расейскага клясыка? Пабудуем, пастукаемся ў дзьверы: у нас АЭС пад парай, лабас вакарас, літоўцы, электрычнасьць браць будзеце? А яны: «Ёк, не хачу», як у іншага расейскага клясыка. І што тады? Дзе сяброў-спажыўцоў шукаць?

Яны ж будуюць яе як нібыта атрыбут незалежнага існаваньня. Герб, флаг і АЭС! Але ж у кабале расейскай апынуцца да сканчэньня вякоў. У нявольніцтве палітычным добраахвотным. Хацелася б памыліцца, канечне.

Крыху дзіўна прагучала нядаўняя навіна: былыя кіраўнікі Літвы Валдас Адамкус і Вітаўтас Ландсбергіс патрабуюць «зрабіць усё, каб будаўніцтва атамнай станцыі ў Астраўцы было неадкладна спыненае». Пытаньне: хіба яны раней ня чулі пра будоўлю? Забілі ў званы толькі калі, як яны заяўляюць, «небясьпечная станцыя будзе падключана да магутных лініяў электраперадачы, якія ўжо працягнутыя ў Вісагінас, і тых, якія плянуецца працягнуць у Круоніс».

Заяўнікі зьвяртаюцца да ўраду і міжнародных арганізацый «з патрабаваньнем зрабіць усё, каб будаўніцтва Беларускай АЭС у Астраўцы неадкладна было спыненае». Патрабуюць былыя прэзыдэнты, каб электраэнэргія з Астравецкай станцыі ня трапіла ў Літву, не прадавалася там і не транспартавалася далей.

Ну калі ім удасца «нашкодзіць», дык, можа, хаця б папрасіць, каб забясьпечылі нас батарэямі з рэгулятарам ды «вумнымі» ўключальнікамі ГДРаўскага ўзору? Праўда, тады зь бізнэсам у начальства не атрымаецца так бліскуча, як спадзяваньні былі. А гэта ж для яго —галоўнае. Зарабляць і ў вус ня дзьмуць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG