Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ъ»: За Крым і эвакуацыю Януковіча далі Тульскую вобласьць


Аляксей Дзюмін, фота зь Вікіпэдыі

Аляксей Дзюмін, фота зь Вікіпэдыі

Уладзімер Пуцін адправіў у адстаўку губэрнатара Тульскай вобласьці Ўладзімера Грузьдзева і прызначыў на яго месца да верасьнёвых выбараў Аляксея Дзюміна, які толькі месяц таму быў прызначаны намесьнікам міністра абароны. Расейскі «КоммерсантЪ» прыгадвае «даволі пасьпяховую» вайсковую кар’еру Дзюміна, якую той яшчэ можа працягнуць.

Да 2014 году служба Дзюміна была зьвязаная з Фэдэральнай службай аховы, дзе той добра сябе зарэкамэндаваў, забясьпечваючы бясьпеку Пуціна на публічных мерапрыемствах, піша «Ъ» са спасылкай на крыніцы ў Крамлі. У 2014-м ён атрымаў званьне генэрал-маёра і ўзначаліў Сілы спэцыяльных апэрацыяў, «якія выканалі адну з ключавых роляў у апэрацыі па далучэньні Крыму да Расеі», і са сваімі задачамі справіўся «проста бліскуча».

Менавіта пад яго кіраўніцтвам, кажа «Ъ» крыніца ў Генштабе, праводзілася эвакуацыя экс-прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча 23 лютага 2014 году (ва Ўкраіне гэта ўспрынялі як «самаўхіленьне» прэзыдэнта ад абавязкаў і абралі новага). Аб пасьпяховай эвакуацыі тут жа паведамілі Пуціну, які высока ацаніў дзейнасьць Дзюміна. За гэта апошні паводле асабістага указаньня Пуціна атрымаў пасаду кіраўніка Генштабу і першага намесьніка галоўнакамандуючага сухапутнымі войскамі.

Аб адстаўцы тульскага губэрнатара Грузьдзева і прызначэньні на яго месца Дзюміна Пуцін абвясьціў падчас асабістай сустрэчы зь імі. Адзначаецца, што асаблівых прычынаў для звальненьня Дзюміна з пасады намесьніка Шайгу не было. Сам Дзюмін казаў «Ъ», што прапанова была для яго «вялікай нечаканасьцю». Грузьдзеў жа нібы падаў у адстаўку «з асабістых прычынаў»: у яго нарадзілася дзіцё і ён захацеў быць «бліжэй да Масквы».

XS
SM
MD
LG