Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баевікі абстрэльваюць зь мінамётаў і буйнакалібэрных кулямётаў — штаб АТА


У прэс-цэнтры штабу Антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе ў сераду паведамілі, што за мінулыя суткі баевікі працягнулі абстрэльваць пазыцыі сілаў АТА, выкарыстоўваючы пры гэтым мінамёты. Усяго за 2 лютага сэпаратысты 55 разоў парушалі ўмовы перамір’я.

Пра гэта гаворыцца ў ранішнім паведамленьні прэс-цэнтру на старонцы ў Facebook.

«У навакольлі Данецка па нашых апорных пунктах у Пясках, Вопытным і Аўдзееўцы, акрамя гранатамётаў і стралковай зброі праціўнік вёў агонь зь мінамётаў калібрам 82 мілімэтра. У раёне Мар’інкі працаваў варожы снайпэр. З надыходам прыцемкаў праціўнік аднавіў інтэнсіўныя абстрэлы нашых пазыцыяў у Маёрску і Зайцавым. Баевікі ўжылі гранатамёты і мінамёты калібрам 120 мілімэтраў. Непадалёк ад Краснагораўкі акупанты вялі агонь па нашых умацаваньнях зь мінамётаў і буйнакалібэрных кулямётаў», — гаворыцца ў паведамленьні.

Інфармацыі пра пацярпелых у выніку баявых дзеяньняў украінскіх вайскоўцаў няма.

Спэцыяльная маніторынгавая місія АБСЭ ва Ўкраіне пацьвердзіла абстрэлы баевікамі вёскі Зайцава пад Горлаўкай у Данецкай вобласьці. Пра гэта паведамляе Deutsche Welle.

Трохбаковая кантактная група ў Менску 13 студзеня заявіла пра чарговую дамоўленасьць аб спыненьні агню ў зоне баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны з 14 студзеня. Аднак з тых часоў бакі канфлікту неаднаразова абвінавачвалі адзін аднаго ў парушэньні «рэжыму цішыні».

XS
SM
MD
LG