Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Біржавыя індэксы ўпалі ў Нью-Ёрку ўсьлед за рэзкім падзеньнем цэнаў на нафту


Рэзкае падзеньне цэнаў на нафту пацягнула падзеньне біржавых індэксаў у Нью-Ёрку.

Цэны здабытай у ЗША заходнетэхаскай нафты ўпалі ў аўторак на таргах ў Нью-Ёрку больш чым на 5 адсоткаў да 29 даляраў 97 цэнтаў за барэль. Нафта маркі Brent патаньнела на 4 з паловай адсоткі. За падзеньнем коштаў на нафту рушылі ўсьлед асноўныя індэксы на Нью-Ёркскай фондавай біржы, якія зьнізіліся амаль на 2 адсоткі.

Скачок нафтавых цэнаў у апошнія дні, выкліканы не пацьверджанымі зьвесткамі пра магчымую каардынацыю дзеяньняў Расеі і Арганізацыі краінаў-экспартэраў нафты з мэтай падаражэньня нафты, зьмяніўся падзеньнем. Аналітыкі пакуль ня бачаць падставаў для прагнозаў аб уздыме ўзроўню цэнаў на нафту ў агляднай будучыні. Адначасова, з-за таннасьці нафты рэзка зьнізілася прыбытковасьць вядучых нафтавых канцэрнаў. Найбуйнейшая нафтавая кампанія ЗША Exxon Mobil паведаміла ў аўторак пра тое, што яе прыбыткі скараціліся на 58 адсоткаў, што пацягнула падзеньне курсаў акцыяў энэргетычных кампаній. Інвэстары працягваюць скідаць акцыі розных фінансавых канцэрнаў, баючыся запаволеньня эканамічнага росту ў сьвеце і магчымых праблемаў зь вяртаньнем крэдытаў, выдадзеных нафтаздабытчыкам.

Спэцыялісты прагназуюць захаваньне нестабільнасьці на фінансавых рынках, распачатай у канцы мінулага году, што можа прымусіць амэрыканскую Фэдэральную рэзэрвовую сыстэму ўстрымацца ад пад’ёму крэдытнай стаўкі ў бліжэйшыя месяцы.

XS
SM
MD
LG