Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША пацьвердзілі першы выпадак захворваньня на ліхаманку Зіка


Работнікі аховы здароўя ў Злучаных Штатах Амэрыкі заявілі ў аўторак, што ў штаце Тэхас пацьверджаны першы ў ЗША выпадак захворваньня на хваробу, выкліканую вірусам Зіка.

Паводле паведамленьня, хворы заразіўся ў выніку палавога кантакту з хворай асобай, якая вярнулася зь іншай краіны, дзе вірус Зіка ўжо існуе.

У панядзелак, 1 лютага, Сусьветная арганізацыя аховы здароўя абвясьціла ўспышку хваробы, выкліканай вірусам Зіка, надзвычайнай сытуацыяй у галіне аховы здароўя міжнароднага маштабу.

У апошнія дні хвароба асабліва хутка распаўсюджваецца ў Бразыліі, дзе ў жніўні павінны адбыцца Алімпійскія гульні і дзе яна ўжо, як мяркуюць, стала прычынай тысячы прыроджаных дэфэктаў.

Вірус Зіка пераносяць камары некалькіх відаў роду Aedes, якія таксама перадаюць і шэраг іншых небясьпечных для чалавека хваробаў. Але ён перадаецца і непасрэдна ад чалавека да чалавека.

Ліхаманка Зіка, выкліканая гэтым вірусам, сама па сабе не ўяўляе значнай небясьпекі і выклікае ў хворых нязначнае павышэньне тэмпэратуры і пагоршанае самаадчуваньне, лёгкі боль у галаве, цягліцах і суставах, а таксама сып на скуры і праходзіць празь некалькі дзён ці праз тыдзень. Але гэтая хвароба можа прывесьці да мікрацэфаліі і пашкоджаньня мозгу нованароджаных дзяцей, калі на яе перахварэе цяжарная жанчына. Дапускаюць і яе магчымую сувязь зь іншымі нэўралягічнымі ўскладненьнямі.

Пры гэтым у рэгіёнах, якія гэты вірус паразіў упершыню, у насельніцтва няма да яго імунітэту; таксама супраць захворваньня не існуе прышчэпак і лекаў і хуткіх дыягнастычных тэстаў на гэты вірус.

Вірус быў упершыню выяўлены ў Афрыцы ў малпаў, рэдкія заражэньні ім чалавека былі зафіксаваныя ў шэрагу краінаў Афрыкі і Азіі; пасьля 2007 году ён зьявіўся і ў іншых частках сьвету, у прыватнасьці, у апошні час хутка распаўсюджваецца ў Цэнтральнай і Лацінскай Амэрыцы. Па прагнозах СААЗ, у гэтым рэгіёне на працягу наступнага году на хваробу Зіка можа захварэць ад 3 да 4 мільёнаў чалавек.

XS
SM
MD
LG