Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ў Сочы, міграцыйны крызіс і «катастрофа» Ўсходняга партнэрства


«Трайны удар. Тры пытаньні для трох аналітыкаў». Удзельнічаюць Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч і Юры Дракахруст.

  • Навошта Лукашэнку спатрэбілася тэрміновая сустрэча з Пуціным, калі праз некалькі тыдняў Менску адбудзецца пасяджэньне дзяржсавету саюзнай дзяржавы?
  • Ці адбываецца ў Эўропе паварот у міграцыйным пытаньні?
  • Ці пацярпела катастрофу праграма ЭЗ Усходняе партнэрства, як пра тое заявіў новы міністар замежных справаў Польшчы?

Навошта Лукашэнку тэрміновая сустрэча з Пуціным?

Карбалевіч: Ня так даўно Лукашэнка і Пуцін сустракаліся ў Маскве. Хутка ўсё кіраўніцтва Расеі павінна прыехаць у Менск. Тым часам на мінулым тыдні прэм’ер-міністры абодвух дзяржаў Кабякоў і Мядзьведзеў сустракаліся ў Пецярбургу. Адразу пасьля гэтага Лукашэнка тэлефануе Пуціну і дамаўляецца аб тэрміновай сустрэчы, ляціць у Сочы і чакае яго. Мая вэрсія: тэрмінова трэба грошы. Рэч у тым, што сёлета Беларусь павінна выплаціць 3,3 мільярда даляраў зьнешніх пазык. Прычым у першыя два месяцы гэтага году павінна быць выплачана 1,8 мільярда даляраў. Вядома, што золатавалютныя рэзэрвы Беларусі невялікія, рэальных грошай там дзесьці 2,2 мільярда. Калі іх зараз усе заплаціць за даўгі, што застанецца? Таму Лукашэнка імкнецца ці то атрымаць новы крэдыт ад Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця, прычым тэрмінова, альбо рэструктурызаваць старыя даўгі. З тых грошай, што Беларусь павінна выплаціць у пачатку года, ільвіная доля пазыкаў Расеі. Дык вось з Расеяй можна дамовіцца і не плаціць, рэструктурызаваць, выплаціць пазьней.

Дракахруст: Я згодны, што гэта хутчэй за ўсё пытаньне грошай. Магчыма гэта зьвязана зь менскім працэсам урэгуляваньня ўкраінскага крызісу. Нагадаю, на наступным тыдні, 11 лютага, спаўняецца год пасьля заключэньня менскіх пагадненьняў. На перамовах у Менску даволі вострая сытуацыя, ня выключана, што адбудуцца перамовы ў фармаце «нармандзкай чацьвёркі» — прадстаўнікоў Нямеччыны, Францыі, Ўкраіны і Расеі. Тэмай перамоваў у Сочы можа стаць новы раўнд гэтых нармандзкіх перамоваў па Ўкраіне, магчыма, у Менску. Урэшце грошы могуць і пачакаць, а вось міжнародныя перамовы чакаць ня змогуць.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Безумоўна, вэрсія пра грошы зьяўляецца і самай відавочнай, і самай абгрунтаванай. Для Лукашэнкі галоўная тэма, зразумела, грошы, але для прэзыдэнта Расеі іншыя прыярытэты — ваенная база і эканамічныя адносіны з Украінай. Расеі спыніла дзеяньне пагадненьня аб зоне свабоднага гандлю з Украінай, а Беларусь — не. І магчыма расейскае кіраўніцтва хацела б прымусіць Менск стаць на расейскую пазыцыю ў гэтым пытаньні.

У паведамленьні наконт тэлефоннай размовы паміж Лукашэнкам і Пуціным 28 студзеня было адзначана: «Прэзыдэнты зьвярнулі ўвагу на факт пачатку дзеяньня пагадненьня Ўкраіны з Эўразьвязам аб стварэньні зоны свабоднага гандлю і абмеркавалі ў сувязі з гэтым дзеяньні Беларусі і Расеі на найбліжэйшую пэрспэктыву». Натуральна, для Беларусі будзе нявыгадна выйсьці з гэтай дамовы з Украінай, але тут Масква можа дыктаваць свае ўмовы, калі выдзяліць грошы Беларусі. Гэта і непасрэдны крэдыт ад Расеі, і даўно паабяцаны і невыдадзены крэдыт Эўразійскага фонду. Там спачатку ішла размова пра 3 мільярды даляраў, потым ў выніку перамоваў стала фігураваць лічба 2 мільярды. Але ўсе тэрміны прадастаўленьня гэтага крэдыту прайшлі. Натуральна, што гэтае пытаньне Лукашэнка павінен паставіць перад Пуціным, а той, у сваю чаргу, пытаньне ўзаемаадносінаў з Украінай і ваеннай базы. Чым гэта ўсё скончыцца, вядома ж, прагназаваць цяжка.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Дракахруст: Хачу нагадаць, што напрыканцы мінулага году, калі ішла размова пра зону свабоднага гандлю, беларускія прадстаўнікі, і сам Лукашэнка, заяўлялі — мы да гэтага адразу далучацца не будзем, мы пачакаем месяц, паглядзім, як яно рэальна будзе працаваць, ці будуць трапляць эўрапейскія тавары праз Украіну ў Беларусь.

Вось роўна месяц якраз і прайшоў. Гэта той дэдлайн, які беларускі бок сам для сябе абазначыў. Як гэта часта ў беларуска-расейскіх адносінах бывае, узьнікла яшчэ адна стаўка, і ня выключана, што Расея заплаціць Беларусі не за базу, а за далучэньне да гэтага гандлёвага «байкоту» Ўкраіны.

Паварот Эўропы ў міграцыйным пытаньні

Цыганкоў: На выходныя падчас мерапрыемстваў сваёй партыі канцлер Нямеччыны Ангела Мэркэль заявіла, што пасьля заканчэньня вайны ўцекачы павінны будуць вярнуцца назад у свае краіны, Сырыю і Ірак. Ці можна сказаць, што на фоне гэтай і іншых заяў палітыкаў у Эўропе адбываецца паварот у міграцыйным пытаньні? Я думаю, так, гэты паварот адбываецца, і выкажу парадаксальную думку, яго варта ацаніць цалкам пазытыўна.

Эўрапейскія палітыкі прызналі рэальнасьць таго, што Эўропа не можа прыняць усіх жадаючых пераехаць.

Эўрапейскія палітыкі прызналі рэальнасьць таго, што Эўропа не можа прыняць усіх жадаючых пераехаць. Сярод усіх уцекачоў толькі прыблізна палова людзей з краінаў, у якіх адбываюцца ваенныя дзеяньня. Астатнія проста шукаюць лепшага жыцьця ў Эўропе, гэта людзі з арабскіх краінаў, а таксама з краінаў Паўночнай Афрыкі — Альжыру, Тунісу, Марока. А таксама з афрыканскіх краін, такіх як Самалі, ці з Аўганістану і Пакістану.
Мне здаецца, эўрапейскім палітыкам варта было б паставіць пэўную мяжу хаця б на інфармацыйным узроўні, сказаць, што мы ня можам усіх прыняць, гэта нерэальна, і калі ласка ня едзьце да нас усе, ня толькі тыя, хто пакутуе ад вайны. Канцлер Нямеччыны сваім славутым лёзунгам «Мы справімся», на маю думку, даслала не зусім правільны мэсыдж. Прынамсі, ён не зусім правільна быў зразуметы патэнцыйнымі ўцекачамі, а менавіта як тое, што можна ехаць усім, хто хоча, і адкрытыя дзьверы для ўсіх.

Здаецца, апошнія словы і дзеяньні кіраўніцтва Нямеччыны, Швэцыі і і шэрагу іншых краінаў і сталі прызнаньнем гэтай памылкі. Наплыў уцекачоў спарадзіў вялікія праблемы — гэта практычныя крокі некаторых дзяржаў па прыпыненьні Шэнгенскіх пагадненьняў, калі яны сталі проста вымушаныя аднавіць памежны кантроль, а таксама рост крайне правых настрояў. Гэтыя два чыньнікі варта было прагназаваць наперад. Каб іх прадухіліць, спачатку варта было б паводзіць сябе не вельмі лібэральна і гасьцінна, каб прыпыніць ад пачатку наплыў уцекачоў. Цяпер цэнтрысцкія палітыкі вымушаны дрэйфаваць управа, каб не даць прыйсьці да ўлады крайнім правым.

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Карбалевіч: Канечне, можна казаць, што палітыку трэба памяняць — але як гэта зрабіць практычна? У Эўразьвязу фактычна няма мяжы на поўдні. Цяпер ідуць перамовы з Турэччынай, каб яна ўладкавала ўцекачоў у сябе, але Турэччына элемэнтарна шантажуе Эўрапейскі Зьвяз — ёй прапануюць 3 мільярды, а яна кажа, давайце 5. Між тым уцекачы працягваюць менавіта праз Турэччыну ехаць у Эўропу. Нават прыпыніць гэты паток не атрымліваецца.

Сапраўды, уцекачы ствараюць для Эўропы шэраг праблемаў. Тыя дзьве праблемы, пра якія сказаў Віталь — не адзіныя. Тут ёсьць і доўгатэрміновыя праблемы — напрыклад, дэмаграфічная. Цяпер у ЗША абмяркоўваецца праблема, што ў сярэдзіне гэтага стагодзьдзя белыя амэрыканцы будуць ужо ў меншасьці. Як гэта паўплывае на ідэнтычнасьць? Падобная праблема паўстае і для эўрапейскіх краін, асабліва заходнеэўрапейскіх.

Краіны Эўрапейскага Зьвязу абцяжараныя сацыяльнай сфэрай.

Апроч таго, цяпер існуе праблема эканамічнага росту ў Эўропе, і адной з прычынаў зьяўляецца тое, што краіны Эўрапейскага Зьвязу абцяжараныя сацыяльнай сфэрай. Там зашмат сацыялізму, у Францыі і Італіі фактычна наймальнік не можа звольніць наёмнага работніка. Гэта зьяўляецца тормазам прыцягненьня інвэстыцыяў і росту. Дык вось уцекачы паглыбляюць гэтую праблему, бо іх утрыманьне патрабуе новых сацыяльных выдаткаў. Таму зразумела, што палітыкі, і спадарыня Мэркэль у тым ліку, спрабуюць трохі адкруціць сытуацыю назад. Тым больш, што падзеі на пачатку году моцна ўдарылі па рэйтынгу самой Мэркэль і яе партыі.

Дракахруст: Заява, якую вы, Віталь, згадалі — хутчэй прыкмета разгубленасьці. Мы вернем назад людзей, калі скончыцца вайна — гэта нагадвае знакамітую байку пра Хаджу Насрадзіна, які абяцаў шаху, што за дваццаць гадоў навучыць ішака гаварыць. Бо за 20 гадоў памрэ ці ішак, ці Хаджа, ці шах, якому давалася абяцаньне.

Пасыл спадарыні Мэркэль зразумелы — неяк супакоіць людзей, даць ім пэрспэктыву.

Хто ведае, калі там што скончыцца? Вось мы бачым прыклад Лібіі — там скінулі тырана, і што, там скончылася грамадзянская вайна? Скінуць Асада і што — будзе сырыйцам шчасьце, скончыцца вайна там? Пасыл спадарыні Мэркэль зразумелы — неяк супакоіць людзей, даць ім пэрспэктыву. Цяпер пра тое, што палітыка мяняецца, сьведчаць больш практычныя факты. Амаль адразу пасьля інцыдэнтаў у Кёльне рэзка падвысілася колькасьць людзей, якія заварочвалі ад мяжы Нямеччыны назад у Аўстрыю.

У Нямеччыне крайне правыя сілы ўсё ж такі маргінальныя. Пазыцыя другой па вазе партыі краіны, сацыял-дэмакратаў, яшчэ больш лібэральная, чым пазыцыя Мэркэль. Таму выразнай крайне правай альтэрнатывы там няма. Але вось у Францыі міграцыйны крызіс сапраўды можа прывесьці Марын Ле Пэн у Елісейскі палац.

Я б не пагадзіўся з вамі, Валер, наконт Турэччыны. У ёй самой ужо 2 мільёны ўцекачоў. Так што тут рэч ня толькі ў дрэннай Турэччыне, якая адкрывае свае брамы, а ў самой праблеме. Ніхто не ведае, як яе вырашаць. Але так здаецца, што варта было б ад пачатку казаць, што гэта менавіта праблема, а не нагода праявіць міласэрнасьць і дабрыню.

Ці пацярпела катастрофу Ўсходняе партнэрства?

Дракахруст: Кіраўнік польскага МЗС Вітольд Вашчыкоўскі, выступаючы ў Сэйме, рэзка скрытыкаваў праграму «Ўсходняе партнэрства» — праграму супрацы ЭЗ з постсавецкімі краінамі.

«Мы адкінулі гэтую канцэпцыю як няправільную. „Усходняе партнэрства“ стварала для гэтых краінаў ілюзію, але не стварала пэрспэктывы сяброўства ў Эўразьвязе. Палітыка, прынятая папярэднім урадам, скончылася катастрофай, паколькі Эўрамайдан паставіў яе пад пытаньне».

Кіраўнік польскай дыпляматыі падкрэсьліў, што людзі ў Кіеве ў 2013 годзе выйшлі на Майдан з жаданьнем быць часткай Эўразьвязу, а не заставацца ў сенцах.

Сапраўды, да пэўнай ступені гэтая крытыка справядлівая. Праграма Усходняга партнэрства ня ўтрымлівала ў сабе «якару», «маяку» поўнага сяброўства ў Эўразьвязе. Гэта аслабляла адпаведныя праэўрапейскія імпульсы і ў Беларусі, якая і не зьбіралася туды ўступаць, і ва Ўкраіне, якая вельмі зьбіралася.

Эўропа ад пачатку мела дастаткова кансэнсусныя пазіцыі, што мы гэтыя краіны прымаць у Эўразьвяз не гатовыя.

Але ў заявак польскага міністра ёсьць выразны прысмак палітычнай рыторыкі. Маўляў, нашы папярэднікі ўсё развалілі, а мы прыйшлі разграбаць іх памылкі і завалы. Гэта цяжка насамрэч назваць памылкай, бо ў прынцыпе Эўропа ад пачатку мела дастаткова кансэнсусныя пазіцыі, што мы гэтыя краіны прымаць у Эўразьвяз не гатовыя. І ўся праграма будавалася, зыходзячы з гэтага — як бы нам прапанаваць краінам-партнэрам не сяброўства, а штосьці іншае. Ну і прапаноўвалі бязьвізавы рэжым, зону свабоднага гандлю. Ну і тыя, хто хацеў — Грузія, Малдова, Украіна — фактычна вычарпалі ўвесь парадак дня.

Зразумела, лепш было б, каб такі «маяк» перад Беларусьсю, перад Украінай запалілі яшчэ тады, калі гэтае Партнэрства ўтваралася, 7 гадоў таму. Але наколькі я памятаю, ад пачатку падкрэсьлівалася, што такой пэрспэктывы ў агляднай будучыні няма.

І тут можна не пагадзіцца са спадаром Вашчакоўскім наконт ілюзій. Хаця... Вось мы гаварылі пра тое, як уцекачы ўспрынялі заявы Мэркэль наконт міграцыі. Чуць тое, што хочацца чуць — здольнасьць не толькі сырыйцаў, але і беларусаў, і ўкраінцаў. Магчыма хтосьці падумаў, што калі прапаноўваюць такую праграму, то прапаноўваюць і сяброўства.

Цыганкоў: Я думаю, што ня варта ацэньваць гэтую праграму, як суцэльную паразу, правал. Безумоўна трэба ацэньваць яе з гістарычнай пэрспэктывы. На той момант яна была адэкватная сытуацыі. Падзеі апошніх двух гадоў прывялі да пэўнага завяршэньня Ўсходняга партнэрства, да пэўнага тупіку, бо надта далёка разьбегліся ў розныя бакі тыя краіны, якія ў ім ўдзельнічалі. Украіна, Грузія і Малдова дасягнулі вялікага прагрэсу ў адносінах з Эўразьвязам, ну а Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь пайшлі сваім шляхам — Армэнія і Беларусь уступілі ў саюз з Расеяй, ну а ў Азэрбайджане істотна пагоршылася сытуацыі з правамі чалавека. Гэтая краіна ўсё больш робіцца ўсходняй дэспатыяй.

Агульная шыльда постсавецкасьці ўжо не аб’ядноўвае.

Таму эўрапейскія палітыкі, безумоўна, павінны прадумаць нейкую новую праграму. Паўстае пытаньне, ці яна наогул можа быць аднолькавая для такіх розных краінаў. Бо агульная шыльда постсавецкасьці ўжо не аб’ядноўвае. Краіны ідуць у розных кірунках, па-рознаму ставяцца да Эўропы, і адпаведна Эўропа павінна прапаноўваць ім розныя «пернікі», розныя «морквы». Таму ў бліжэйшы час, год-два, будзе адбывацца вялікая праца эўрапейскай дыпляматыі, ледзь не да кожнай краіны, магчыма, будзе свая прапанова, можа для 2-3.

Карбалевіч: Для таго, каб сказаць, які вынік гэтай праграмы, трэба разумець, якія мэты былі пастаўленыя. На мой погляд, мэтай было стварыць кола эканамічна пасьпяховых краін-суседзяў з рынкавай эканомікай вакол Эўразьвязу. Зразумела, што гэтага не атрымалася, і пабочным вынікам рэалізацыі Усходняга партнэрства стаў і ўкраінскі крызіс, і канфлікт Захаду з Расеяй.

Але я б хацеў зьвярнуць увагу на больш шырокі кантэкст. Не атрымалася праграма Ўсходняга партнэрства, але ж не атрымалася і праграма паўднёвага партнэрства з краінамі паўночнай Афрыкі. Паток уцекачоў менавіта з поўдня якраз і сьведчыць пра тое, што ў рэалізацыі праграмы партнэрства з паўднёвымі краінамі яшчэ большая катастрофа. Галоўная прычына гэтага ня толькі тое, што непадрыхтаваныя былі суседзі да дэмакратычных каштоўнасьцяў, але і ў слабасьці самой замежнай палітыкі Эўрапейскага Зьвязу.

Палітыка, якая не падмацоўваецца фінансавымі рэсурсамі, ня можа быць пасьпяховай апрыёры.

Гэтыя праграмы не былі падмацаваныя дастатковымі фінансавымі рэсурсамі. А палітыка, якая не падмацоўваецца фінансавымі рэсурсамі, ня можа быць пасьпяховай апрыёры. У гэтым сэнсе я б параўнаў яе з той, якую праводзіць Расея. Яна ў сваёй барацьбе за кантроль над гэтым рэгіёнам не шкадуе грошай. Яна гатова плаціць вялікую цану, непараўнальную з той, якую гатовы плаціць Эўразьвяз. Тут і 15% ВУП Беларусі, якія атрымліваліся за кошт датацыяў Расеі, і Украіне, Януковічу, калі вы памятаеце, Пуцін абяцаў 15 мільярдаў даляраў — нічога падобнага Эўрапейскі Зьвяз не прапаноўваў. Таму пэўнае раздарожжа, кропка біфуркацыі ў гэтай праграме існуе. Але цяпер перад Эўрапейскім Зьвязам стаяць нашмат больш вострыя выклікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG