Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнтагон фармуе новы бюджэт з улікам агрэсіўнасьці Расеі


Міністар абароны ЗША Эштан Картэр.

Міністар абароны ЗША Эштан Картэр.

Асноўнымі пагрозамі міністар абароны ЗША Эштан Картэр назваў Расею, Кітай, Паўночную Карэю, Іран і тэрарыстычную групоўку «Ісламская дзяржава».

Міністар абароны ЗША Эштан Картэр заявіў у аўторак, што Пэнтагон будзе дамагацца асыгнаваньняў на сваю дзейнасьць 582 мільярды 700 мільёнаў даляраў на наступны фінансавы год і зьменіць прыярытэты сваіх выдаткаў з улікам новай стратэгічнай абстаноўкі, адзначанай ростам агрэсіўнасьці Расеі і тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава».

Картэр заявіў, што Пэнтагон будзе прасіць 3,4 мільярда на 2017 год на супрацьдзеяньне «агрэсіі Расеі», што стане чатырохразовым павелічэньнем ў параўнаньні з 2016-м фінансавым годам. «Мы ўмацоўваем наша становішча ў Эўропе, каб падтрымаць нашых саюзьнікаў па НАТО перад абліччам расейскай агрэсіі», — паведаміў Картэр.

«Гэта забясьпечыць фінансаваньне многіх рэчаў. Будзе больш амэрыканскіх сіл у Эўропе, якія разьмяшчаюцца на ратацыйнай аснове, будзе больш падрыхтоўкі і вучэньняў з нашымі саюзьнікамі, больш перакіданьня і разьмяшчэньня войскаў і паляпшэньня інфраструктуры для падтрымкі гэтых задачаў,» — сказаў Картэр.

Выступаючы ў Эканамічным клюбе ў Вашынгтоне, Картэр заявіў, што бюджэтны запыт Пэнтагона будзе адпавядаць леташняму пагадненьню, дасягнутаму Кангрэсам аб дзяржаўным бюджэце, але будзе перезасяроджаны на пяці вялікіх праблемах, якія стаяць перад амэрыканскімі ваеннымі: Расея, Кітай, Паўночная Карэя, Іран і тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава».

XS
SM
MD
LG