Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьбіцьцё журналіста і беларускія «эклезіясты»


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

Справа журналіста парталу Tut.by Паўла Дабравольскага набірае хаду.

Здавалася б, шараговы, амаль руцінны ўчынак амапаўцаў: зьбілі двух нежурналістаў і аднаго журналіста. Зьбівалі і раней, праўда, на мітынгах і шэсьцях. А тут беспрэцэдэнтна нават для Беларусі – у памяшканьні суду. Такое сабе маленькае «а-у-у!», якое чарговы раз зрушыла сьнег з гары.

І вось вынік – які дзень запар хваля абурэньня толькі нарастае, а прапагандысты афіцыёзу мусяць выкручвацца, каб абараніць калегаў з «суседняга аддзелу».

Вядучых прапагандыстаў улада ўжо падключала пасьля розгаласу справы з публічным выкарыстаньнем «Пагоні». І вось праз пару месяцаў генэралы афіцыёзу ізноў мусяць тлумачыцца за дзеяньні сваіх падапечных. Старыя кадры, як і старая сыстэма, буксуюць. Прынамсі там, дзе хочацца стварыць новы твар – твар «сучаснай дзяржавы для народу».

Зьяўляюцца ўсё новыя нюансы, бо і кантэкст зьмяняецца. Напрыклад, імідж Tut.by заўжды быў не «апазыцыйным», а нэўтральным. Дый застаецца такім. Гэта нюанс. А кантэкст такі, што ў чаканьні эўрапейскіх грошай не выпадае множыць новых ахвяраў палітычных рэпрэсій.

Заснавальнік Tut.by Yury Zisser адгукаецца на матэрыял радыё «Свабода», дзе вулічны музыкант распавядае, як яго зьбіў АМАП за беларускую мову. Yury Zisser сярод іншага піша:

– МУС, а-у! 98-гадовая эпоха савецкай міліцыі скончылася, і больш так рабіць нельга. Нематываваны гвалт з боку супрацоўнікаў МУС незаконны, некультурны і б'е па іміджы самой міліцыі і ўсёй краіны, і можа прывесьці да санкцыяў з боку іншых дзяржаваў.

«Нічога не зьмяняецца», – паўтараюць людзі, якіх я ўмоўна клічу «эклезіястамі». Колькі б «эклезіясты» не занудзтвавалі, я бачу, што пасьля гадоў застою грамадзтва варушыцца. Год толькі пачаўся, а тут і абурэньне стылем (!) смс пра сьнег ад Менгарвыканкаму, і барацьба за графіці «чалавек бяз твару» ў Менску, і рэзкая рэакцыя на ідэю скараціць час працы грамадзкага транспарту, і справа графітыстаў «Беларусь мае быць беларускай», якім пагражалі шасьцю гадамі кратаў, а далі штрафы – усе гэтыя падзеі адбываюцца з актыўным удзелам тысячаў і тысячаў грамадзян.

Беларусы набываюць добрыя звычкі: браць удзел у грамадзкім жыцьці, нагадваць чыноўнікам, што яны працуюць у сацыяльнай службе сэрвісу, а не ў прыватнай карпарацыі «Дзяржава». Набываюць звычку не баяцца хоць бы выказацца ўголас, хай на паперы ці электронным зваротам.

Адбываюцца даўно прадказаныя рэчы. Спачатку з эканомікай, цяпер з соцыюмам. Рабочыя – у канцы п'есы. Пакуль ідзе ўступ. Зьнікла тэма «апазыцыі», якая «ва ўсім вінаватая». На чарзе прадпрымальнікі, на якіх астатнія грамадзяне глядзяць крыху збоку, бо не зразумела куды што рухаецца, і ці ня скончыцца як бывала «просьбай да прэзыдэнта», каб ён дапамог.

«Гэта ўсё часова, гэта паказуха, рэпрэсіі могуць пачацца ў кожную сэкунду» – бубняць «эклезіясты». Так, могуць. Але, калі нават пачнуцца, гэта будзе сытуацыя расчараваньня былых прыхільнікаў, і раздражненьня колішніх нэўтральных да ўлады. Новая сытуацыя, калі перацягнуць на свой бок прыхільнікаў праз дадатковы рубель не атрымаецца.

Кожная акцыя салідарнасьці – гэта фізкультура для грамадзкага цела. Гэта добрая звычка, а добрыя звычкі набываюцца значна даўжэй, чым шкодныя.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG