Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шуму шмат, а прыбытку мала». У Менску знайшлося толькі 267 дармаедаў


Дармаеды ўнясуць у сталічны бюджэт менш за мільярд рублёў падаткаў, пры тым што агулам у бюджэт паступаюць дзясяткі трыльёнаў.

У падатковыя інспэкцыі Менску за 2015 і пачатак 2016 году зьвярнуліся 267 асобаў, якія паведамілі пра «няўдзел у фінансаваньні дзяржаўных расходаў», гэта значыць — пра жаданьне сплаціць «падатак на дармаедаў», распавёў Minsknews.by начальнік інспэкцыі Міністэрства па падатках і зборах па Менску Андрэй Сабалеўскі.

Аляксандар Сасноў
Аляксандар Сасноў

«Думаю, што тыя, у каго ёсьць грошы і хто хоча працаваць, той заплоціць, на тое і разьлічвалі. А тыя, хто бамжуе, а такіх шмат бачу ля Камароўкі, дык яны не працуюць і плаціць ня будуць, — кажа Свабодзе былы міністар працы Аляксандар Сасноў. — Ніякага агульнага падыходу да ўсіх грамадзян няма. Хто здаўся, то проста каб адчапіліся ад іх, бо грошы ў іх ёсьць і праблемы ў гэтым ня бачаць. Але ёсьць пэўная катэгорыя, якая не працуе і плаціць не зьбіраецца».

Дармаедаў, сярод іншых, могуць прыцягваць да прымусовых грамадзкіх працаў ва ўмовах, блізкіх да прыгоннага права, кажуць юрысты. Сасноў згаджаецца з тым, што такая барацьба з дармаедамі — парушэньне і ўласных законаў, і міжнародных пагадненьняў.

«Наша дзяржава ўжо даўно парушае ўсе міжнародныя пагадненьні па арганізацыі працы, якія сама падпісала і ратыфікавала калісьці. Таму тое, што тут чарговы раз парушае — так, такая дзяржава».

Згаданыя 267 «дармаедаў» агулам сплоцяць збораў на 779,3 млн рублёў. Ужо 315,3 млн сплацілі 107 чалавек. Сумы нязначныя на фоне таго, што агулам па Менску за 2015 год падаткаў было сабрана 85,2 трлн (85 200 000 мільёнаў). Навошта тады было ствараць «непрыбытковы» падатак, які нарабіў столькі шуму ў грамадзтве? Сасноў ня мае адказу:

«Ведаеце, сядзіць чыноўнік. Яму далі загад, каб нешта прыдумаў — ён прыдумаў. Кіраўнікам спадабалася, вось і прынялі. Каманду далі — прынята, а парушае закон ці не парушае, гэта не бянтэжыць. Я даўно казаў, што шуму шмат, а прыбытку мала ад гэтай задумы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG