Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве вырашылі назваць адну вуліцу Магдэбурскай, але Ленінскую пераймяноўваць ня хочуць


Ілюстрацыйнае фота. Магілёў, плошча Славы

Ілюстрацыйнае фота. Магілёў, плошча Славы

У магілёўскай тапаніміцы неўзабаве можа зьявіцца мясьціна са згадкай пра магдэбурскае права.

Прэзыдыюм Магілёўскага гарсавету рэкамэндаваў тапанімічнай камісіі пры гарвыканкаме разгледзець пытаньне пра наданьне адной з новых гарадзкіх вуліц, плошчаў, ці сквэраў імя, зьвязанага з магдэбурскім правам.

Гэтак гарсавет адрэагаваў на зварот, накіраваны да органаў мясцовай улады ўдзельнікамі абласной навукова-практычнай канфэрэнцыі «Магдэбургскія традыцыі на Магілёўшчыне». Канфэрэнцыю праводзіла абласная арганізацыя Таварыства беларускай мовы.

На пасяджэньні прэзыдыюму не было праціўнікаў гэтай ініцыятывы, сказалі ў Магілёўскім гарсавеце:

«Пры абмеркаваньні дэпутаты, чальцы прэзыдыюму і запрошаныя асобы казалі, што наданьне магдэбурскага права пазытыўна адбілася на разьвіцьці гораду. Таму мы вырашылі, што было б мэтазгодна рэкамэндаваць тапанімічнай камісіі пры Магілёўскім гарвыканкаме разгледзець пытаньне аб прысваеньні назвы адной з новых вуліц ці плошчаў імя магдэбурскага права».

Тым ня менш у гарсавеце дадалі, што «ў тапанімічнай камісіі ёсьць людзі з супрацьлеглымі пазыцыямі, і там усё вырашаецца адкрытым галасаваньнем».

Магілёўскі гарвыканкам, дзе месьціцца і гарсавет

Магілёўскі гарвыканкам, дзе месьціцца і гарсавет

Сябра тапанімічнай камісіі гісторык Аляксандар Агееў кажа: пярэчаньняў наконт наданьня вуліцы ці плошчы імя магдэбурскага права наўрад ці варта чакаць.

«Безумоўна, падтрымка гарсавету ў нашых умовах — дужа важны чыньнік, каб ажыцьцявіць тую ці іншую прапанову», — лічыць навуковец.

«Зь сяброў тапанімічнай камісіі асабліва ніхто ня будзе супраць, — кажа ён. — Пагатоў гэта ня новае пытаньне. Гэта рэха нашых ранейшых прапаноў. Мы прапаноўвалі Савецкую плошчу назваць Ратушнай. Музэй Магілёва прапаноўваў усталяваць знак магдэбурскаму праву».

Аляксандар Агееў

Аляксандар Агееў

«Тут толькі адна праблема, — працягвае Аляксандар Агееў. — Дзе будзе тая вуліца, якую варта назваць? На ўскрайку гораду даваць такую назву... Мне асабіста гэта на душу не кладзецца. Трэба ў цэнтры, а дзе ў цэнтры? Варта ля ратушы. Але ўзьнікае пытаньне са знакамі, якія ўжо існуюць ля яе».

У цэнтры Магілёва амаль усе вуліцы носяць камуністычныя назвы, ад ратушы адыходзіць вуліца Ленінская, але яе пераймяноўваць на Магдэбурскую ўлады не гатовыя.

Паводле суразмоўцы, гэтыя пытаньні ня простыя, але вырашыць іх можна.

«Ідэалягічных праблемаў няма, калі ў гарсавеце нават такая рэкамэндацыя прайшла. Усе цяпер за большую колькасьць такіх гістарычных знакаў, а пагатоў з такім слаўным пэрыядам, калі жыхары Магілёва найбольш сярод беларускіх гарадоў цанілі сваю вольнасьць у той час. Гэта многія гісторыкі адзначаюць», — заключае Аляксандар Агееў.

У адным з пунктаў звароту ўдзельнікаў канфэрэнцыі гаворыцца:

«Лічыць мэтазгодным надаць у Бабруйску, Быхаве, Бялынічах, Горках, Крычаве, Магілёве, Мсьціславе, Слаўгарадзе, Чавусах, Чэрыкаве, Шклове назву адной з цэнтральных вуліц — Магдэбурская, плошчы, сквэру — Ратушная (Ратушны)».

Усе гэтыя гарады мелі Магдэбурскае права. У Шклове нават ацалеў будынак ратушы.

Будынак Шклоўскай ратушы

Будынак Шклоўскай ратушы

Амаль ува ўсіх памянёных гарадах ТБМ-аўцы арганізавалі сустрэчы рупліўцаў мясцовай гісторыі з прадстаўнікамі ўлады.

«Былі распрацаваныя прапановы, што можна зрабіць у гарадах, дзе было магдэбурскае права, — адзначае магілёўскі гісторык і ўдзельнік канфэрэнцыі Ігар Пушкін. — Нашы рэкамэндацыі былі дасланыя на адрас аблвыканкаму, і адтуль іх павінны былі разаслаць ува ўсе райцэнтры. У Магілёве ж пытаньне разгледзелі на гарсавеце».

Ратуша ў Магілёве

Ратуша ў Магілёве

«Мы нават і не спадзяваліся, што гэтак адрэагуюць, — працягвае суразмоўца. — На канфэрэнцыі згадваўся Магілёў як станоўчы прыклад шанаваньня магдэбурскага часу. У нас і ратушу аднавілі, і шыльду інфармацыйную павесілі на будынку гарвыканкаму, што Магілёву было нададзена магдэбурскае права».

Інфармацыйная шыльда пра магдэбурскае права на будынку Магілёўскага гарвыканкаму

Інфармацыйная шыльда пра магдэбурскае права на будынку Магілёўскага гарвыканкаму

Ігар Пушкін заўважае, што важным было, каб дзень наданьня Магілёву магдэбурскага права (28 студзеня) увайшоў у афіцыйны каляндар знакавых дат гораду. Паводле гісторыка, для тапанімічнай камісіі будзе праблематычна вызначыць, якую вуліцу назваць Магдэбурскай. «Такая вуліца павінна быць недалёка ад гістарычнага цэнтру. А вось каб горад афіцыйна сьвяткаваў 28 студзеня — гэта было б выдатна», — кажа навуковец.

Ігар Пушкін

Ігар Пушкін

Зварот да мясцовай улады па магдэбурскім праве, адзначае суразмоўца, падпісалі дактары навук, дацэнты, вядомыя навукоўцы і грамадзкія дзеячы.

Магілёў атрымаў магдэбурскае права 28 студзеня 1577 году. У 1654 годзе горад пазбавілі права на магдэбурскія вольнасьці за тое, што магілёўцы добраахвотна адчынілі браму і ўпусьцілі варожае войска Маскоўскага княства.

Магілёўскі мянокліч часоў магдэбурскага права: «Зломіш, але не сагнеш»

Магілёўскі мянокліч часоў магдэбурскага права: «Зломіш, але не сагнеш»

Празь сем год, 1 лютага 1661 году, гараджане паўсталі супраць захопнікаў, выразаўшы непрыяцельскі гарнізон. Паводле граматы караля Яна Казіміра Вазы гораду вярнулі магдэбурскае права з новым гербам. Гэты герб горад носіць і сёньня. У блакітным полі тры срэбраныя вежы; у адчыненай браме сярэдняй — рыцар, узброены мячом; уверсе над варотамі Пагоня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG