Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вірус Зіка названы пагрозай чалавецтву, але не прычынай для адмены Алімпіяды


Немаўля, хворае на мікрацэфалію, якую, магчыма, выклікае вірус Зіка

Немаўля, хворае на мікрацэфалію, якую, магчыма, выклікае вірус Зіка

Прызнаная магчымай сувязь вірусу і захворваньняў дзяцей, народжаных тымі, хто хварэў на ліхаманку Зіка.

Усясьветная арганізацыя аховы здароўя (WHO) на паседжаньні ў панядзелак прызнала таямнічы вірус небясьпекай усясьветнага маштабу, перадае Reuters.

Сам вірус, які распаўсюджваецца праз камароў у Амэрыках, Афрыцы і Ціхаакіянскім рэгіёне, нібыта не выяўляе сур’ёзнай пагрозы для чалавека. Ліхаманка, якую ён выклікае, не вядзе да летальных выпадкаў, сымптомы слаба выражаныя. Спэцыфічнага лекаваньня нібы не патрабуецца, ліхаманка праходзіць за тыдзень. Але ў тых, хто перахварэў на вірус, могуць нарадзіцца дзеці зь мікрацэфаліяй і часам сындромам Гіена-Барэ. Прынамсі, WHO «сур’ёзна падазрае» сувязь ліхаманкі і дзіцячых захворваньняў, хаця гэта яшчэ не даказана навукова.

Арганізацыя стварыла спэцаддзел па барацьбе зь вірусам, заклікала даць глябальны адказ пагрозе і абвясьціла надзвычайнае становішча ў сфэры аховы здароўя. Надзвычайны стан у 2014 годзе абвяшчаўся ў сувязі з поліяміэлітам і ліхаманкай Эболы. WHO крытыкавалася за павольную рэакцыю на Эболу, якая ўнесла больш за 10 тысяч жыцьцяў за апошнія два гады.

Вакцыны ад вірусу пакуль не існуе, але WHO спадзяецца, што яе рашэньне дапаможа апэратыўна пачаць дасьледаваньні і прыняць меры па процідзеяньні вірусу. Адзначаецца, што каля траціны насельніцтва Зямлі знаходзіцца пад пагрозай ад вірусу, на ліхаманку Зіка ў бліжэйшы час могуць захварэць тры-чатыры мільёны чалавек толькі ў Амэрыках.

Тым часам Бразылія, у якой на ліхаманку Зіка ў 2015 годзе захварэлі паўтара мільёны чалавек, а выпадкі мікрацэфаліі ў нованароджаных сталі часьцейшымі ў 30 разоў, не зьбіраецца скасоўваць Алімпіяду, што мае прайсьці ў Рыё праз паўгода, перадае BBC. Улады заяўляюць, што ня бачаць рызыкі для спартоўцаў і гледачоў — за выключэньнем цяжарных жанчын, але адсылаюць дзьве сотні тысяч салдат у дапамогу санітарным экспэртам, якія маюць права ўваходзіць на прыватную тэрыторыю ў пошуках месцаў размнажэньня камароў.

XS
SM
MD
LG