Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захад вінаваціць Пуціна ў забойстве і карупцыі


Уладзімер Пуцін

Уладзімер Пуцін

1 лютага сэнатар-рэспубліканец Боб Коркер (Bob Corker), які ўзначальвае сэнацкі Камітэт па міжнародных адносінах, заявіў аб карумпаванасьці прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна.

Адказваючы на пытаньне «Голасу Амэрыкі» пра заяву Мінфіна ЗША, падтрыманую Белым домам, аб карумпаванасьці прэзыдэнта РФ Уладзімера Пуціна, Боб Коркер падкрэсьліў, што народ Расеі пачынае разумець, што яго лідэр засяродзіў у сваіх руках вялікі асабісты капітал.

Паводле словаў заканадаўцы, гэта можа прывесьці да дадатковай нестабільнасьці ў Расеі.

«Гэта немагчыма зрабіць з дапамогай нармальных дзеяньняў дзяржаўнага дзеяча... Гэта можа быць зроблена ў выніку карупцыі», — заявіў Боб Коркер. «Я думаю, — удакладніў ён, — што з часам гэта згуляе дэстабілізуючую ролю для яго рэжыму».

У студзені брытанскі суд у ходзе адкрытага разбору прыйшоў да высновы, што Пуцін, хутчэй за ўсё, даў дабро на забойства былога агента ФСБ Аляксандра Літвіненкі, які быў атручаны радыёактыўным рэчывам у Лёндане ў 2006 годзе. Потым прадстаўнік Міністэрства фінансаў ЗША абвінаваціў Пуціна ў карупцыі, заявіўшы, што той назапашвае таемны капітал і дапамагае ўзбагаціцца сваім сябрам за кошт дзяржавы.

Прадстаўнікі ўрадаў па абодва бакі Атлянтыкі актыўна паўтараюць гэтыя абвінавачваньні.

Паводле словаў брытанскага прэм’ера Дэвіда Кэмэрана, разьбіральніцтва па справе Літвіненкі «пацьвердзіла тое, што мы заўсёды падазравалі».

Тым часам у Вашынгтоне афіцыйны прадстаўнік Белага дома Джош Эрнэст заявіў журналістам, што заява кіраўніка дэпартамэнту санкцыяў у Мінфіне ЗША Адама Шубіна аб карумпаванасьці Пуціна «найлепшым чынам адлюстроўвае погляды адміністрацыі».

Як адзначае Дэвід Сатэр, аўтар кнігі «Меней ведаеш — лепей сьпіш: шлях Расеі да тэрору і дыктатуры пры Ельцыне і Пуціне», якая павінна выйсьці ў сьвет у траўні гэтага году, у яго няма сумневаў у абгрунтаванасьці абвінавачваньняў на адрас расейскага лідэра.

«Пуцін стаў прэзыдэнтам, таму што трэба было абараніць Ельцына і сям’ю Ельцына ад крымінальнага перасьледу, — лічыць ён. — А хто мог лепш з гэтым справіцца, чым чалавек, які сам зьяўляецца злачынцам і мае сувязі з ФСБ?»

Крэмль неадкладна адхіліў і асудзіў абвінавачваньні, ахарактарызаваўшы іх як палітычна матываваныя і назваўшы заяву аб датычнасьці Пуціна да забойства Літвіненкі «тэатрам абсурду». Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў заявіў, што абвінавачваньні ў карупцыі з боку ўладаў ЗША «абразьлівыя» і сьведчаць пра незадаволенасьць Вашынгтона палітыкай па Сырыі і Ўкраіне і жаданьне сарваць магчымую спробу Пуціна пераабрацца у 2018 годзе.

Большасьць расейцаў, якія звыкліся да крытыкі Захаду на адрас Пуціна, не надаюць новым абвінавачваньням вялікага значэньня. Як паказала апытаньне, праведзенае незалежным цэнтрам «Левада», многія ўвогуле ня ў курсе падрабязнасьцяў справы Літвіненкі.

Маскоўскі палітычны аналітык Станіслаў Бялкоўскі адным зь першых даў ацэнку таемнага капіталу Пуціна, які, паводле яго падлікаў, складае каля 40 мільярдаў даляраў, паўтарыў гэтую заяву ў праграме «Панарама», дзе прагучалі абвінавачваньні Шубіна.

Як адзначыў Бялкоўскі ў інтэрвію «Голасу Амэрыкі», мала хто з расейцаў ведае пра абвінавачваньні ў карупцыі, якія сыпаліся на Пуціна на ўсім працягу яго шляху да ўлады.

«Фэдэральныя тэлеканалы, якія зьяўляюцца найважнейшай часткай пуцінскай татальнай сыстэмы прапаганды, не перадаюць такую інфармацыю, — кажа ён. — Пераважная большасьць расейскага насельніцтва практычна ня мае ўяўленьня пра якія-небудзь абвінавачваньні ў карупцыі ў дачыненьні да Пуціна».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG