Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Пра калёнію нічога ня памятаю, памер заробку ня ведаю. Наперадзе пасяўная», — экс-пракурор Архіпаў


Былы намесьнік генпракурора Аляксандр Архіпаў (справа) і былы сьпікер Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ўладзімер Канаплёў у судзе, 17 чэрвеня 2014 году

Былы намесьнік генпракурора Аляксандр Архіпаў (справа) і былы сьпікер Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ўладзімер Канаплёў у судзе, 17 чэрвеня 2014 году

Былы намесьнік генпракурора Беларусі Аляксандр Архіпаў, якога пасьля датэрміновага выхаду з калёніі нечакана кінулі «падымаць» адсталую гаспадарку ў Смалявіцкім раёне, заявіў у інтэрвію Свабодзе, што Лукашэнку ён і надалей паважае.

«Чаго вы мной зацікавіліся? Мной ня трэба цікавіцца, я працую і ўсё», — гэтак спачатку адрэагаваў былы намесьнік генпракурора Аляксандр Архіпаў на званок карэспандэнта Свабоды на ягоны мабільны.

Як выявілася, Аляксандр Архіпаў не забыў нашу размову ў будынку Вярхоўнага суду перад абвяшчэньнем ягонага выраку. Тады ад камэнтароў адносна магчымага прысуду былы намесьнік генпракурора адмовіўся, цяпер жа быў крыху больш гаваркім.

— Як справы ў гаспадарцы, якую вы ўзначалілі? Прачытаў на сайце сельгасуправы Смалявіцкага раёну, што там ў вас вакансія галоўнага агранома ды іншыя. Знайшлі ўжо чалавека?

Тут нармальная гаспадарка, добрыя працаўнікі, усё круціцца-верціцца.

— Усе спэцыялісты на месцы, і галоўны аграном — усе. Ня ведаю, у вас, пэўна, недакладная інфармацыя. А што ёсьць, дык гэта раздутыя кадры, якія непатрэбныя нам. А так тут нармальная гаспадарка, добрыя працаўнікі, усё круціцца-верціцца.

— І якая ў вас галоўная задача цяпер? Чым найперш зьбіраецеся ў гаспадарцы заняцца?

— У нас наперадзе пасяўная. Галоўнае своечасова пасеяць і сабраць ураджай. Накарміць жывёлу і атрымаць малачко і мяса.

— А які ў вас будзе заробак, калі можна пра гэта даведацца?

— Ня ведаю. Я працую бяз году тыдзень і што, я мушу цікавіцца заробкам? Але мяркую, як ва ўсіх калгасьнікаў, гэтак і ў мяне — ні больш ні менш. А з улікам гаспадаркі, дык можа і меншы заробак, чым у суседзяў.

— Дык усё ж вам дасталася моцная гаспадарка, сярэдняя ці слабенькая?

— Мне цяжка пакуль адказаць, паглядзім. Я ж ня ведаю патэнцыялу людзей. Пакуль усе працуюць добра, стараюцца. А за два дні разабрацца цяжка.

— Але ж вы не адмысловец у сельскай гаспадарцы, вы ж юрыст. Як вы будзеце разьбірацца?

Я большасьць жыцьця працаваў на раёне, на зямлі. І ведаю, што адбываецца ў сельскай гаспадарцы не на слых.

— Ну і што? Я прывяду вам сотні прыкладаў, калі не адмыслоўцы ў сельскай гаспадарцы сёньня ўзначальваюць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Пасьпяховыя і багатыя людзі, зь Беларусі. А я большасьць жыцьця працаваў на раёне, на зямлі. І ведаю, што адбываецца ў сельскай гаспадарцы не на слых.

На пытаньне наконт калёніі, у якой яму давялося адбываць пакараньне, новы дырэктар гаспадаркі «Пятровічы» адказваць асабліва не жадаў:

— Нічога жахлівага са мной не было, гэта такі жыцьцёвы шлях. Але хопіць пра гэта. У мяне там было нармальнае жыцьцё, як у іншых. Нават працаваў там. А ў якой калёніі я быў, дык ужо і забыўся. Навошта мне памятаць? У мяне цяпер новае жыцьцё. Працаваць на новай працы на карысьць нашай радзімы.

— Якую мэту вы ставіце перад сабой? Вярнуцца ў выніку ў пракуратуру ці прысьвяціць сябе гаспадарчай дзейнасьці?

Буду працаваць на карысьць сваёй краіны.

— Не, буду займацца сельскай гаспадаркай. Мне ня гэтак мала гадоў, што яшчэ магу нечым заняцца іншым, я сваё ўжо адхадзіў. Паўтараю, што буду працаваць на карысьць сваёй краіны.

— Гэта добра. Але ў вас ёсьць мэта заслужыць давер, вярнуць сваё чэснае імя?

— А яно ў мяне засталося чэсным, як і было. І застанецца.

— Але ж суд вас прызнаў вінаватым у злачынстве, у тым ліку ў атрыманьні хабару.

— Гэта вам падаецца, што... Насамрэч самы галоўны судзьдзя для мяне гэта я сам. Калі я ведаю, што я прыстойны чалавек, дык і ўсе іншыя гэта ведаюць, а што там пішуць...

— Ці ёсьць у вас крыўда на Аляксандра Лукашэнку? Ён мог бы вас і не саджаць за краты, а абмежавацца звальненьнем.

Аляксандр Рыгоравіч быў аб’ектыўным ва ўсіх учынках адносна мяне. Таму ніякіх крыўдаў у мяне няма, ні на каго.

— Не, я гэтага чалавека паважаў і буду паважаць. Ды і пры чым тут Лукашэнка? Ня ён даваў загад мяне асудзіць, гэта поўнае трызьненьне. А тое, што ён пра мяне казаў — што з таго? Такую інфармацыю яму паклалі на стол. Наадварот, Аляксандр Рыгоравіч быў аб’ектыўным ва ўсіх учынках адносна мяне. Таму ніякіх крыўдаў у мяне няма, ні на каго. Калі хто быў вінаваты ў маёй сытуацыі, дык вінаваты я сам.

— На Ўладзімера Канаплёва таксама не крыўдуеце? Гэта ж ён вас уцягнуў у тую гісторыю.

— Паўтараю, ні на каго не крыўдую. Пытаньняў ні да каго няма. У мяне і ў сям’і засталося ўсё добра. Там у мяне таксама ўсе людзі моцныя, якія любяць Беларусь і будуць на яе працаваць.

Паводле зьвестак з Пракуратуры Беларусі, Аляксандр Архіпаў вызваліўся на падставе памілаваньня, якое падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Адбываў пакараньне Аляксандр Архіпаў, паводле крыніцы ў Дэпартамэнце пакараньняў МУС, у віцебскай калёніі «Віцьба-3», дзе адбываюць тэрміны шмат якія высокапастаўленыя чыноўнікі Беларусі, асуджаныя за карупцыю.

Былы генпракурор Беларусі летась быў асуджаны на 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і канфіскацыю маёмасьці за атрыманьне хабару і перавышэньне службовых паўнамоцтваў. Паводле выраку суду, Аляксандр Архіпаў дапамог пазьбегнуць адказнасьці кіроўцу, які зьбіў чалавека. За гэта былы намесьнік генпракурора атрымаў зьлітак золата і бутэльку дарагога каньяку. Разам зь ім быў асуджаны былы старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ўладзімер Канаплёў, якога суд прызнаў вінаватым ў неданясеньні аб злачынстве і аштрафаваў на 135 мільёнаў рублёў. Суд над Аляксандрам Архіпавым і Ўладзімерам Канаплёвым быў закрытым.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG