Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стартуе кампанія збору сродкаў на аплату штрафаў графіцістаў «Беларусь мае быць беларускай»


29 студзеня ў Мінску завершыўся працэс над графіцістамі за малюнкі «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе». Суд пакараў хлопцаў штрафамі: Вадзіма Жаромскага — у 50 базавых велічынь (10 500 000 рублёў), Максіма Пякарскага — у 40 базавых (8 400 000 рублёў) і Вячаслава Касінерава — у 30 базавых (6 300 000 рублёў).

25 студзеня карэспандэнт TUT.BY Павел Дабравольскі асьвятляў «справу графіцістаў» ў судзе Фрунзенскага раёна і разам з Максімам Шыцікавым ды Паўлам Сяргеем, якія прыйшлі падтрымаць графіцістаў, былі затрыманы, зьбіты і аштрафаваны.

Максіма Шыцікава і Паўла Дабравольскага пакаралі штрафам у 45 базавых велічынь — 9.450.000 беларускіх рублёў, а Паўла Сяргея да штрафу ў 50 базавых велічынь — 10.500.000. На іх былі складзеныя пратаколы за лаянку і «Непадпарадкаваньне законным патрабаваньням службовай асобы».

У сваім апошнім слове на судзе Вячаслаў Касінераў казаў:

«Мы не хуліганы, мы больш адукаваныя, чым тыя, хто нас затрымліваў. Нас судзяць за погляды, за тое, што мы супраць аўтарытарызму».

Хлопцы-графіцісты зьвярнуліся да «Арт Сядзібы» з просьбай дапамагчы арганізаваць збор сродкаў на аплату штрафаў. Было вырашана распачаць збор сродкаў. Падтрымаць хлопцаў і пералічыць грошы на аплаты штрафаў прапануецца некалькімі спосабамі:

1. Набыць цішотку з малюнкам «Беларусь мае быць беларускай». Прыбытак пойдзе на аплату штрафаў.

2. Ахвяраваць сродкі некалькімі варыянтамі, якія ўказаныя на сайце Арт Сядзібы.

Падрабязная інфармацыя тут.

Аплаціць штраф «графіцісты» вінныя цягам месяца. Пасьля чаго абяцаюць публічна адсправаздачыцца за сабраныя ў межах акцыі сродкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG