Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ананіч адмовілася асабіста прыняць зварот журналістаў аб зьбіцьці Дабравольскага


Лілія Ананіч
Лілія Ананіч

182 беларускія журналісты патрабуюць ад Мінінфарма і Генпракуратуры выказацца наконт зьбіцьця іх калегі Паўла Дабравольскага.

Амаль 200 беларускіх журналістаў, як зь недзяржаўных, так і зь дзяржаўных СМІ, накіравалі калектыўны зварот міністру інфармацыі і генэральнаму пракурору Беларусі ў сувязі са зьбіцьцём у судзе Фрунзенскага раёну Менску журналіста сайта tut.by Паўла Дабравольскага.

1 лютага зварот быў дастаўлены ў Міністэрства інфармацыі, дзе міністар Лілія Ананіч і яе намесьнік Сяргей Хільман адмовіліся прыняць яго асабіста і адправілі журналістаў рэгістраваць дакумэнт.

Зарэгістраваўшы зварот са 182 подпісамі, журналісты накіраваліся ў пракуратуру.

Ад Міністэрства інфармацыі прафэсійная супольнасьць просіць рэакцыі на інцыдэнт, якой дагэтуль не было, а таксама патрабуе давесьці да МУС і ўсіх яго структурных падразьдзяленьняў інфармацыю пра недапушчальнасьць перашкодаў законнай прафэсійнай дзейнасьці журналістаў. Ад пракурора журналісты чакаюць кантролю за ходам, паўнатой, бесстароннасьцю і законнасьцю правядзеньня праверкі па заяве Дабравольскага аб зьбіцьці.

Як паведаміла Свабодзе журналістка TUT.BY Алёна Шарамет-Андрэева, якая разам з калегамі зь іншых выданьняў панесла зварот міністру, у Міністэрстве інфармацыі было загадана рэгістраваць зварот ва ўстаноўленым парадку:

Алёна Шарамет-Андрэева
Алёна Шарамет-Андрэева

«Я зьвярнула ўвагу на беспрэцэдэнтнасьць выпадку і на тое, што мы б хацелі перадаць зварот асабіста міністру. Адказ быў пра тое, што такой магчымасьці няма і што трэба зьвяртацца ў прыёмныя гадзіны».

Тым ня менш Алёне Шарамет-Андрэевай, а таксама журналістам «Комсомольской правды в Белоруссии» і «БелаПАН», якія прыйшлі разам са сваёй калегай у Міністэрства інфармацыі, удалося пабачыцца зь Ліліяй Ананіч і яе намесьнікам.

«Пакуль нам тлумачылі парадак падачы зваротаў, міма праходзіў намесьнік міністра Сяргей Хільман. Яму паведамілі, што мы прыйшлі па пытаньні зьбіцьця журналіста Паўла Дабравольскага. У адказ ён ізноў рэкамэндаваў нам накіраваць зварот ва ўстаноўленым парадку і чакаць пісьмовага адказу. У гэты момант аднекуль вярталася Лілія Станіславаўна. Я прадставілася і сказала, што прынесла заяву ад 182 журналістаў з нагоды зьбіцьця нашага калегі. Яна рэзка разьвярнулася і сказала, што асабіста прымаць нічога ня будзе. Пасьля гэтага нічога не заставалася, як зарэгістраваць зварот на імя міністра інфармацыі ва ўстаноўленым парадку».

У Генэральнай пракуратуры, куды журналісты рушылі пасьля Мінінфарму, сытуацыя паўтарылася.

«Дзяжурны пракурор сказала, што яна ведае сытуацыю, але перадаць зварот асабіста генэральнаму пракурору няма магчымасьці. У выніку зварот таксама быў пададзены ва ўстаноўленым парадку. Цяпер будзем чакаць адказаў, якія павінны быць дадзеныя не пазьней як праз 30 дзён», — сказала Алёна Андрэева.

У ліку падпісантаў — журналісты газэт «Комсомольская правда в Белоруссии», «Автобизнес», «Звязда», «Белорусы и рынок», «Наша Ніва», а таксама супрацоўнікі інфармацыйнага агенцтва «БелаПАН», «Эўрарадыё», выданьня CityDog, тэлеканала «ВоенТВ», KyKy.org і парталу TUT.BY.

Журналіста Паўла Дабравольскага зьбілі 25 студзеня ў будынку суда Фрунзенскага раёна падчас выкананьня прафэсійных абавязкаў — асьвятленьня рэзананснага працэсу па справе графіцістаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG