Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія апазыцыянэры назвалі відэаролік Кадырава пагрозай забойства


Кіраўнік Чачні разьмясціў на сваёй старонцы ў Instagram відэазапіс, на якой апазыцыйныя палітыкі Міхаіл Касьянаў і Ўладзімір Кара-Мурза зьнятыя праз «аптычны прыцэл».

Старшыня Партыі народнай свабоды (ПАРНАС) Міхаіл Касьянаў назваў відэа, у якім ён і сустаршыня ПАРНАС Уладзімір Кара-Мурза-малодшы зьнятыя праз стылізаваны аптычны прыцэл, пагрозай забойства дзяржаўнага дзеяча па матывах варожасьці і заявіў пра намер зьвярнуцца ў праваахоўныя органы.

Кара-Мурза ў эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы» ахарактарызаваў апублікаваны ў Instagram кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава відэаролік як падбухторваньне да забойства. Ён таксама нагадаў, што ўжо амаль год прайшоў з моманту забойства апазыцыянэра Барыса Нямцова, і заявіў, што сьляды гэтага злачынства «відавочна вядуць у Грозны».

Расейскі апазыцыянэр Аляксей Навальны ў адказ на відэа з Касьянавым і Кара-Мурзом апублікаваў на сваім сайце артыкул, у якім выказаў упэўненасьць у тым, што «ўсе падобныя заявы апошніх тыдняў і канкрэтна гэтая санкцыянаваныя Пуціным і Крамлём, а цалкам верагодна, імі і інсьпіраваныя».

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў у панядзелак ня стаў камэнтаваць відэа, апублікаванае кіраўніком Чачні, заявіўшы, што ў Крамлі не сочаць за інстаграмам Рамзана Кадырава.
Кіраўнік Чачні разьмясціў відэа з Касьянавым і Кара-Мурзом у ноч на панядзелак. Кадыраў суправадзіў відэа двума подпісамі: «Касьянаў прыехаў у Страсбур па грошы для расейскай апазыцыі» і «Хто не зразумеў, той зразумее».

У студзені Кадыраў у сваіх заявах неаднаразова называў расейскіх апазыцыянэраў «ворагамі народу» і «шакаламі». У Грозным нядаўна прайшоў масавы мітынг у падтрымку Кадырава.

XS
SM
MD
LG