Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дамы пабудавалі для льготнікаў, а грошай на льготныя крэдыты няма


На вуліцы Агінскага, 27 у Горадні людзі сабраліся каля пабудаваных дамоў, у якія іх не засяляюць

На вуліцы Агінскага, 27 у Горадні людзі сабраліся каля пабудаваных дамоў, у якія іх не засяляюць

Шматдзетныя сем’і, а таксама людзі, якія пражылі ў інтэрнаце звыш 10 гадоў і маюць права на льготныя крэдыты для будоўлі кватэраў, дамагаюцца ад гарадзенскіх уладаў, каб іх засялілі ва ўжо пабудаваныя дамы. Улады адказваюць, што на гэта няма грошай.

У нядзелю больш за 50 чалавек сабраліся ў новым гарадзенскім мікрараёне Альшанка на вуліцы Агінскага, 27, каб распавесьці журналістам, чаму іх не засяляюць у пабудаваныя дамы. Большасьць, праўда, нічым ня можа гэта патлумачыць. Кажа спадарыня Галіна:

— Першы раз нам як шматдзетнай сям’і прапанавалі жыльлё ў 2011 годзе, а мы стаялі ў чарзе з 2006-га. Тады ўжо сабралі жыльцоў на дом, але выйшаў указ аб адмене льготнага будаўніцтва, і мы жыльля не атрымалі. Але пазьней ільготнае будаўніцтва аднавілі, і наша чарга падышла, нас ізноў сабралі і ў Ленінскім раёне, і ў Кастрычніцкім, і сказалі, што ў жніўні 2015 году дамы здаюцца і мы будзем засяляцца. Потым тэрмін здачы перанесьлі на 31 сьнежня, але таксама нічога ніхто ня здаў — з прычыны таго, што няма грошай на льготнае крэдытаваньне.

Жанчыны паказваюць: вунь стаяць тры пабудаваныя дамы, але іх не засяляюць, а чаму канкрэтна, ніхто толкам ня ведае. Маўляў, тэлефануем, ходзім у выканкам, але там адзін адказ — няма грошай.

Спадарыня Людміла кажа, што вясною, паслухаўшы абяцаньні чыноўнікаў, нават перавяла сваіх дзетак у школу побач з новым домам, дзе сям’я мелася атрымаць кватэру.

— У нас трое дзетак, сваю двухпакаёўку прадалі, каб заплаціць тут па крэдыце за трохпакаёвую. Цяпер жывём у мамы на 30 мэтрах — уся наша сям’я. Мы ўжо замучыліся чакаць, колькі яшчэ нас будуць падманваць. А дзецям у школу далёка і нязручна езьдзіць.

Яшчэ адна шматдзетная сям’я распавядае, што наймае кватэру больш як чатыры гады.

— Мы плацім за кватэру каля чатырох мільёнаў, а ў мужа заробак — чатыры мільёны дзьвесьце, і я сяджу ў дэкрэце. Вось як нам жыць? Мы б лепш гэтыя грошы не чужому дзядзьку плацілі, а выплочвалі б крэдыт за сваю кватэру.

А вось людзі з інтэрната распавядаюць, што з двума дзецьмі жывуць тут ужо больш за дзесяць гадоў, і да іх пастаянна прыходзяць пытацца, калі будуць пераяжджаць, бо на іхні блёк стаіць чарга. Яны таксама не разумеюць, чаму іх не засяляюць у пабудаваныя кватэры і колькі яшчэ гэта працягнецца.

Некаторыя выказваюць свае вэрсіі, чаму ўлады не засяляюць іх у пабудаваны дом. Кажа спадарыня:

— Мы чулі, што з 1 сакавіка прымуць новы закон, паводле якога людзі, якія пражылі ў інтэрнатах па дзесяць гадоў, страцяць права на льготныя крэдыты пры пабудове кватэраў. Вось улады і хочуць дачакацца гэтага часу, а нас тут нямала.

Дадае мужчына, у якога шматдзетная сям’я:

— Мы таксама баімся, што нават з трыма дзецьмі могуць нам павялічыць адсоткі па крэдыце, бо ходзяць такія чуткі.

У панядзелак 2 лютага дэлегацыя з трох жанчын была на прыёме ў старшыні гарадзенскага гарвыканкаму Мечыслава Гоя, каб высьветліць — чаму іх не засяляюць у пабудаваныя дамы. Вось, што, паводле спадарынь, ім адказаў Гой:

— Нам старшыня гарвыканкаму сказаў, што яшчэ месяц будуць чакаць указу прэзыдэнта аб дафінансаваньні ільготнага будаўніцтва. А калі гэтага ня будзе, то яны падпішуць здачу дамоў у арэнднае або камэрцыйнае выкарыстаньне.

Іншая спадарыня:

— Гарантыі нам, хто быў унесены ў сьпісы на атрыманьне кватэраў у гэтых дамах, старшыня гарвыканкаму ня даў. А калі ўсё ж і будзе дакрэдытаваньне, а гэта не раней чым 1 сакавіка, то сьпісы ўсе на атрыманьне льготнага крэдыту будуць перагледжаныя, і тыя, хто пражыў у інтэрнаце больш за 10 гадоў, хутчэй за ўсё, будуць пераведзеныя ў агульную чаргу. Карацей, у нас ва ўсіх няпэўная будучыня...

Дадае яшчэ адна спадарыня:

— Ды нам наагул там сказалі, што мы да гэтых дамоў ня маем ніякага дачыненьня, паколькі былі складзеныя толькі папярэднія сьпісы жыльцоў на гэтыя дамы, але не падпісаныя дамовы і сьпісы нікім не зацьверджаныя. Але ж нас выклікалі ў выканкамы яшчэ вясною, мы пісалі заявы. А цяпер нам кажуць, што мы ня маем дачыненьня.

Свабода, у сваю чаргу, зьвярнулася па тлумачэньні ва ўпраўленьне капітальнага будаўніцтва Гарадзенскага гарвыканкаму. Намесьнік дырэктара Віктар Стараціраў пацьвердзіў, што тры дамы сапраўды збудаваныя, але сродкаў на льготныя крэдыты ў дзяржавы няма.

— Падрадчык пабудаваў дамы за свае грошы, і цяпер мы толькі атрымліваем скаргі — маўляў, калі разьлічыцеся? У Міністэрстве архітэктуры нам паабяцалі, што павінны быць зьмены ва ўказ № 215, паводле якога нам дазволяць працягнуць дамову на дафінансаваньне, і грошы на гэта прадугледжаныя. Мы на гэта таксама вельмі спадзяёмся і дзейнічаем строга паводле ўказу.

Жанчыны кажуць, што маюць намер наняць адваката, каб нехта адмыслова заняўся іхняй справай, бо самі яны цяпер ужо ні ў чым ня могуць разабрацца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG