Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вочы вялікага страху: Брытанскі прафэсар пра сваю кнігу аб савецкай выведцы


У Вялікабрытаніі апублікаваная кніга прафэсара прынстанскай Школы гістарычных дасьледаваньняў Джонатана Хэслама «Блізкія і далёкія суседзі. Новая гісторыя савецкай выведкі». На аснове нядаўна рассакрэчаных архіўных матэрыялаў у кнізе апавядаецца аб працы савецкай выведкі, пачынаючы з 1917 году і да заканчэньня халоднай вайны.

У якасьці эпіграфу прафэсар Хэслам абраў расейскую прыказку «У страху вочы вялікія». На думку аўтара кнігі, страх — ключавое слова для тлумачэньня стратэгіі савецкай выведкі, якую заўсёды ахопліваў страх перад ўяўным «колам ворагаў», пастаянным «варожым асяродзьдзем». У выніку небясьпека, якой нібыта падвяргаецца Савецкі Саюз, значна перабольшвалася. Гэтае перабольшваньне дасягнула паранаідальнай гістэрыі пры Сталіне, выклікаўшы нябачаную ў гісторыі агрэсіўную шпіёнаманія. ВЧК, ОГПУ, НКВД, КГБ былі задуманыя як фарпосты барацьбы прыфрантавой дзяржавы з процьмай злосных і варожых сіл Захаду.

Аналізуючы мэтады і тактыку савецкай разьведкі, пачынаючы з ВЧК і заканчваючы спэцслужбамі Савецкага Саюзу перад развалам, брытанскі гісторык называе яе зорным часам дзесяцігодзьдзе з 1934 па 1944 год, на якое, у прыватнасьці, прыпадае вярбоўка легендарнай кэмбрыдзкай пяцёркі савецкіх агентаў. Гэты посьпех, на думку прафэсара Хэслама, быў падрыхтаваны адным з заснавальнікаў савецкай зьнешняй выведкі, Артурам Артузавым, які ўзначальваў замежны аддзел ВЧК і якога аўтар кнігі лічыць самым таленавітым савецкім выведнікам; пасьля ён быў ліквідаваны Сталінам.

У кнізе падрабязна апавядаецца аб разнастайных мэтадах вярбоўкі агентуры ў заходніх краінах, аб чыстках і рэпрэсіях ў савецкай выведцы і зьнішчэньні яе замежных рэзыдэнтаў у 1930-я гады, аб найбуйнейшых савецкіх выведніках і знакамітых перабежчыках, пра ролю Сталіна ў стварэньні атмасфэры шпіёнаманіі, пра тое, што ж адрозьнівае выведку Савецкай Расеі ад выведак краінаў Захаду. Савецкая выведка была створана ў 1920 годзе ў выглядзе замежнага аддзелу ВЧК. Ці была яна ўтворана бальшавікамі на пустым месцы або вопыт царскай выведкі быў пры гэтым усё ж выкарыстаны? У інтэрвію Радыё Свабода прафэсар Хэслам тлумачыць:

— Досьвед царскай выведкі быў важны галоўным чынам для контравыведкі першых гадоў савецкай улады, калі Артузаў, Мянжынскі і Дзяржынскі праводзілі апэрацыю «Трэст», ствараючы пастку для белай эміграцыі. Эмігрантаў пасьпяхова пераконвалі, што ў Савецкай Расеі нібыта існуе разгалінаваная контррэвалюцыйная арганізацыя, якая мае патрэбу ў папаўненьні і інфармацыі з-за мяжы. Тады на чале савецкай контравыведкі Артуру Артузаву вельмі спатрэбіўся вопыт царскай «ахранкі». Што тычыцца зьнешняй выведкі, то тут бальшавікі пачыналі практычна з нуля, асабліва гэта тычылася шыфравальнай справы, крыптаграфіі, паколькі ніхто з царскіх экспэртаў у гэтай галіне не перайшоў на бок бальшавіцкага рэжыму.

— Ці сапраўды савецкая выведка у сталінскія часы была найбуйнейшай у сьвеце?

— Так, вядома ж. Але тут трэба аддзяляць зьнешнюю выведку ад тайнай палітычнай паліцыі, якая заўсёды была нашмат буйнейшай. Абедзьве яны ўваходзілі ў адзіную структуру ВЧК-ОГПУ-НКВД-КГБ, і толькі пасьля падзеньня савецкай улады адбыўся іх фармальны падзел на дзьве самастойныя арганізацыі. Але савецкая зьнешняя выведка і да Другой сусьветнай вайны, і адразу пасьля яе была несупастаўна буйнейшай за заходнія выведкі. Я не згадваю ГРУ — праца на тэрыторыі СССР ніколі не ўваходзіла ў яго функцыі; гэта была другая па велічыні савецкая зьнешняя выведка. У гэтых ведамстваў ніколі не было праблем з фінансаваньнем, на зьнешнюю выведку заўсёды выдаткоўваліся велізарныя грошы.

— У чым, на ваш погляд, асноўнае адрозьненьне савецкай выведкі ад заходніх?

— Савецкая выведка была унікальнай ў шмат якіх адносінах. Перш за ўсё гэта быў інструмэнт рэпрэсіўнага таталітарнага рэжыму, які пакутаваў на шпіёнаманію і паранаідальны страх перад ўяўным «колам ворагаў». Акрамя таго, ад заходніх выведак яе адрозьніваў памер бюджэту і спосаб фінансаваньня. На Захадзе аб’ём фінансаваньня выведак прывязваўся да ступені замежнай пагрозы. Падчас Другой сусьветнай вайны і ў эпоху халоднай вайны заходнія выведкі вельмі нядрэнна фінансаваліся, але ў мірны час, як правіла, адчувалі хранічнае недафінансаваньне. У адрозьненьне ад Савецкай Расеі, на Захадзе выведка ніколі не была прыярытэтнай часткай зьнешняй палітыкі. Так што КДБ і ГРУ заўсёды выйграваў ад ксэнафобіі і пэрманэнтнай параноі з нагоды «варожага акружэньня», якія панавалі ў СССР.

— Вы пішаце: «Расейцы заўсёды былі нашмат больш пасьпяховыя ў контравыведцы, чым у зьнешняй выведцы». Што прымушае вас так думаць?

— На гэта скардзіліся многія савецкія перабежчыкі, такія як Алег Гардзіеўскі. У іх працах аб савецкай выведцы і ў мэмуарах пастаянна гэта падкрэсьлівалася. У кнізе я распавядаю аб дзейнасьці кіраўніка контравыведкі ВЧК, а затым начальніка замежнага аддзела ОГПУ Артура Артузава і яго каманды ў якасьці доказу, што ў міжваенны пэрыяд самыя адораныя савецкія выведнікі служылі менавіта ў контравыведцы. Зьнешняя выведка вельмі адставала ад контравыведкі. Посьпехі да яе прыйшлі тады, калі Артузаў і дзьве тысячы яго супрацоўнікаў па непасрэдным загадзе Сталіна перайшлі на працу ў зьнешнюю разьведку, якая цярпела ў той час сур’ёзныя няўдачы. У прыватнасьці, з гэтым я зьвязваю і посьпехі зь вярбоўкай кембрыдзкай пяцёркі ў 30-я гады — Філбі, Бэрджэса, Бланта і іншых. Савецкая зьнешняя выведка сваімі посьпехамі ў даваенныя і пасьляваенныя гады шмат у чым абавязаная былым супрацоўнікам контравыведкі.

— А чым вы тлумачыце, што савецкая выведка гэтак пасьпяхова вэрбавала агентаў на Захадзе, асабліва ў 30-50-я гады? Прычым нашмат больш пасьпяхова, чым заходнія выведкі ў СССР.

— Гэты посьпех быў абумоўлены двума фактарамі. Першы — бліскучая прапагандысцкая машына, якую меў Савецкі Саюз. У 60-я і 70-я гады яна ўжо не працавала гэтак пасьпяхова, бо да таго часу сьвет ужо ведаў пра Вялікі тэрор і ГУЛАГ. Але ў 30-я гады гэтая машына вельмі пасьпяхова сябе праявіла, і вельмі многія на Захадзе сталі ахвярамі савецкай прапаганды. Да таго ж у той час на Захадзе бушаваў эканамічны крызіс — Вялікая дэпрэсія, масавая беспрацоўе, здавалася, што капіталізм не працуе і сьвет ў тупіку. І ўсё гэта адбывалася на фоне хуткай і магутнай індустрыялізацыі Савецкага Саюзу. У тыя гады людзі на Захадзе задумваліся над прапанаваным камуністамі і сацыялістамі рашэньнем праблем. Гэта падводзіць нас да другога фактару — да таленавітых супрацоўнікаў савецкай выведкі, якія служылі ў 20-я і 30-я гады пад камандай Артузава. Гэта былі выдатна адукаваныя, зь веданьнем замежных моваў, абаяльныя, але абсалютна бязьлітасныя ідэалісты-фанатыкі. Амаль усе яны загінулі падчас Вялікага тэрору, і ў далейшым савецкая выведка ўжо ня мела кадраў такога ўзроўню. Дарэчы, сярод іх было вельмі шмат людзей нярускага паходжаньня; да прыкладу, Артузаў быў італьянцам, ён нарадзіўся ў Швайцарыі, яго сапраўднае прозьвішча Фраўчы. І калі Філбі і яго паплечнікі па кембрыдзкай пяцёрцы зьбеглі ў Савецкі Саюз, пазнаёміліся з рэальным сацыялізмам і расчараваліся ў ім, было занадта позна. Усё вельмі проста: яны ашукаліся і былі ашуканыя.

— Мне падалося перабольшаньнем цьверджаньне, што Савецкі Саюз не перамог бы ў Другой сусьветнай вайне, не атрымліваючы ад ангельцаў расшыфровак нямецкіх сакрэтных плянаў і загадаў ...

— Шыфравальныя аддзелы савецкай зьнешняй выведкі пакутавалі з-за недахопу кваліфікаваных кадраў (даваенныя кадры былі рэпрэсаваныя, а матэматыкаў-выпускников ВНУ пачалі прымаць туды літаральна за некалькі месяцаў да вайны). Савецкія шыфравальнікі ня мелі доступу да заходніх распрацовак у гэтай галіне, і выведка цалкам залежала ад сваіх выбітных агентаў у Лёндане. Іронія палягала ў тым, што Сталін у большай меры, чым самі ангельцы, вымушаны быў спадзявацца падчас вайны на інфармацыю аб нямецкіх плянах, атрыманую ад саюзнай брытанскага ўраду. Да гэтага дадавалася і сакрэтная інфармацыя, якая паступала ад укаранёных у брытанскую выведку савецкіх агентаў накшталт Кіма Філбі. Вялікія посьпехі Чырвонай Арміі падчас баталій 1943 году шмат у чым тлумачацца атрыманьнем з Англіі сакрэтнай інфармацыі аб нямецкіх намерах і рухах. Вядома, я ня выключаю, што Савецкі Саюз урэшце перамог бы Нямеччыну і бяз гэтай інфармацыі, але тое, мабыць, было б куплена ўдвая, а то і ўтрая большым лікам жыцьцяў.

— Наколькі апраўданыя цьверджаньні, што без атрыманьня заходняй сакрэтнай навуковай інфармацыі і прамысловага шпіянажу Савецкі Саюз ня змог бы стварыць атамную бомбу?

— Абсалютна апраўданыя. Расейцы з гэтым выдатна справіліся, хоць на Захадзе лічылі, што СССР здольны стварыць атамную бомбу самае раньняе да 1955 году. Савецкі Саюз ня змог бы падарваць атамную бомбу ў канцы жніўня 1949 без сакрэтнай інфармацыі, якую яму перадалі такія навукоўцы, як Клаўс Фукс ў Англіі, а таксама агенты ў ЗША і Канадзе. Трэба сказаць, што шпіянаж быў вельмі важным у той час для захаваньня сталінскага рэжыму. Амэрыканцы і ангельцы выдатна гэта разумелі. Менавіта стварэньне расейцамі атамнай зброі з дапамогай прамысловага шпіянажу прывяло да парытэту сіл падчас халоднай вайны. Кажучы гэта, я зусім не хачу прынізіць савецкіх навукоўцаў-атамшчыкаў. Яны зрабілі ўсё магчымае для стварэньня атамнай бомбы, але ім доўга не дазвалялася працаваць над стварэньнем атамнай зброі, у той час калі ў ЗША і Брытаніі яе распрацоўка ішла поўным ходам. Так што ня дзіўна, што яны адсталі.

Цалкам прачытаць інтэрвію з прафэсарам Джонатанам Хэсламам можна тут.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG