Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы кіраўнік польскай дыпляматыі Вітольд Вашчыкоўскі рэзка скрытыкаваў польскую, і нават шырэй — эўразьвязаўскую палітыку адносна постсавецкіх краінаў, якая з 2009 году ўвасаблялася ў праекце «Ўсходняга партнэрства». Аднак ці такой ужо хібнай была тая палітыка як адносна «выдатнікаў» эўраінтэграцыі, такіх як Грузія, Малдова і Ўкраіна, гэтак і «двоечнікаў» — Азэрбайджана і Беларусі? І што, нават кажучы тэарэтычна, можа быць прапанаванае ўзамен?

Са спадаром Вашчыкоўскім можна пагадзіцца ў тым, што «Ўсходняе партнэрства» ад пачатку ўтрымлівала прынцыповую хібу — яно нават у аддаленай пэрспэктыве не абяцала краінам-партнэрам сяброўства ў Эўразьвязе. Але ці была гэтаму альтэрнатыва? Безумоўна, была б, калі ў Эўразьвязе існаваў кансэнсус ці прынамсі дамінавала б думка, што постсавецкія краіны — ад Азэрбайджана да Ўкраіны — можна і варта прыняць у ЭЗ. Аднак ані кансэнсусу, ані дамінантнай думкі такога кшталту ў большасьці краінаў ЭЗ не было ані 7 гадоў таму, пры заснаваньні партнэрства, не было на працягу гэтых 7 гадоў, і няма зараз.
З такога стану рэчаў і зыходзілі «архітэктары» «Ўсходняга партнэрства» — МЗС Польшчы і Швэцыі, калі ў 2009 годзе выступілі з адпаведнай ініцыятывай. Магчыма, тагачасныя Варшава і Стакгольм самі па сабе былі тады гатовыя прапанаваць краінам-партнэрам большае. Але яны дакладна ведалі, што да гэтага не гатовыя ані Бэрлін, ані Парыж, ані Рым, ані Лёндан. З гэтага і зыходзілі.

Нават склад тых краінаў, якія былі запрошаныя далучыцца да ініцыятывы, сьведчыў пра тое, што пэрспэктыва сяброўства ў Зьвязе ня мелася на ўвазе ў прынцыпе. Калі б мелася, то не прыйшло б у галаву зьбіраць пад адзін «дах» такія розныя краіны, як, скажам, Азэрбайджан і Ўкраіну. Зразумела, што гэтыя краіны і тады і зараз знаходзіліся палітычна, эканамічна і культурна на гранічна рознай адлегласьці ад стандартаў Эўразьвязу. І гэта мела б значэньне, калі б іх запрашалі паўдзельнічаць у працэсе, які мае на канчатковай мэце поўнае сяброўства.

Ну а калі не? Тады чаму б і не запрасіць. Якую мэту ставіла перад сабой «Усходняе партнэрства»? Даць магчымасьць краінам-партнэрам, тым, хто таго пажадае, ўвесьці ў сябе эўрапейскія стандарты. Гэтыя стандарты, між іншым, карысныя і самі па сабе, без сувязі з пэрспэктывай сяброўства ў ЭЗ: вяршэнства закону, незалежны суд, дэмакратычны палітычны працэс — усё гэта ўяўляе вялікую каштоўнасьць для «хатняга ўжываньня». Прапанаваліся і пэўныя бонусы — скажам, бязвізавы рэжым і зона свабоднага гандлю з ЭЗ.

Адносна краін Цэнтральнай Эўропы падобныя бонусы, прапанаваныя і атрыманыя ў 90-я гады мінулага стагодзьдзя, былі крокамі на «дарожнай мапе» да поўнага сяброўства. Тут не было «мапы» як такой.
Была, зразумела, і нейкая ня вельмі выразна сфармуляваная геапалітычная подбіўка, мэта — як бы так зрабіць, каб сяброўства ў ЭЗ не прапаноўваць і нават на яго не намякаць, але неяк прынамсі ўраўнаважыць уплыў Расеі ў рэгіёне, ў краінах-партнэрах, заангажаваць эліты гэтых краінаў ува ўзаемадзеяньне з эўрапейскімі элітамі, нарасьціць «тканіну» разнастайных эканамічных, экалягічных, гуманітарных, грамадзянскіх сумесных праектаў.

Калі б падобных плянаў, падобнай стратэгіі не было, то прынамсі Азэрбайджан і Беларусь ва «Ўсходняе партнэрства» не запрашалі б ад пачатку. У 2009 годзе было відавочна ня менш, чым зараз, што гэтыя краіны — кансалідаваныя аўтакратыі, якія ня маюць са стандартамі ЭЗ, па меншай меры ў сфэры палітыкі, нічога агульнага. Так што не выпадала спадзявацца нават на іх істотную эвалюцыю ў бок Эўропы. Але была, відаць, думка праз узаемадзеяньне неяк ураўнаважыць расейскі ўплыў.
Ну вось, у прынцыпе, і ўсё «Ўсходняе партнэрства».

«Усходняе партнэрства» стварала для гэтых краінаў ілюзію, але не стварала пэрспэктывы сяброўства ў Эўразьвязе. Палітыка, прынятая папярэднім урадам, скончылася катастрофай, паколькі Эўрамайдан паставіў яе пад пытаньне... Людзі ў Кіеве ў 2013 годзе выйшлі на Майдан з жаданьнем быць часткай Эўразьвязу, а не заставацца ў сенцах... Украінцы паставілі пад сумнеў менавіта «партнэрства» і захацелі сяброўства« — заявіў на слуханьнях у Сэйме кіраўнік польскага МЗС.

Пра якую ілюзію гаворыць Вітольд Вашчыкоўскі? У каго? Яшчэ пры ўтварэньні «Ўсходняга партнэрства» ў 2009 годзе з боку ўкраінскіх палітыкаў гучалі перасьцярогі, што новая ініцыятыва не адкрые для Ўкраіны дзьверы ў Эўропу, а наадварот — закрые іх, што зьвядзеньне ў адзін «калгас» краін, якія прагнуць эўраінтэграцыі і гатовыя дзеля гэтага шмат чым ахвяраваць, і краін, якія на афіцыйным узроўні нічога такога не прагнуць і знаходзяцца ў шэрагу саюзаў з Расеяй, нізводзіла першых да другіх.

У пэўным сэнсе «Ўсходняе партнэрства» не пацярпела катастрофу, а завяршылася поўным выкананьнем сваіх мэтаў адносна амаль усіх тых краінаў, адносна якіх на падобны вынік у 2009 годзе можна было разьлічваць. Грузія, Малдова і Ўкраіна зрабілі вялікую працу па імплімэнтацыі ў сябе эўрапейскіх стандартаў у розных сфэрах грамадзкага жыцьця, ўсе яны падпісалі з ЭЗ пагадненьне аб эканамічнай асацыяцыі і зоне свабоднага гандлю, Малдова ўжо атрымала бязьвізавы рэжым, Грузія і Ўкраіна напэўна атрымаюць у хуткім часе. Адносна гэтых краінаў увесь сэнс «Усходняга партнэрства» быў пасьпяхова вычарпаны.

Адносна Азэрбайджану і Беларусі рух у гэтым накірунку калі і адбыўся, то мізэрны. А, паклаўшы руку на сэрца, былі вялікія спадзяваньні, што ён будзе большым? Ну, крыху большым ён быць бы напэўна мог. Але падаецца, што не прынцыпова іншым. Бо дыктатура — яна дыктатура і ёсьць. Яна можа быць крыху мякчэйшай, крыху больш жорсткай (а можа і не крыху), але з эўрапейскімі менавіта стандартамі, а не часовымі палёгкамі яна несумяшчальная ў прынцыпе. І для сучаснай Беларусі, дарэчы, нават пэрспэктыва сяброўства ў ЭЗ (зразумела, аддаленая і складаная) насамрэч няшмат што зьмяніла б.

Ну сказалі б Беларусі, што яна, зрабіўшы балючыя і кардынальныя рэформы, акцэптаваўшы ў сябе тоўсты том эўразьвязаўскіх правілаў Acquis communautaire, скасаваўшы пэўныя саюзы з Расеяй (скажам, нават сьціплая зона вольнага гандлю з ЭЗ несумяшчальная з мытным саюзам з РФ), атрымае магчымасьць пачаць з ЭЗ перамовы аб сяброўстве? Некага ў Беларусі гэта і сапраўды натхніла б. Але ці многіх? Аляксандра Лукашэнку б дакладна не натхніла. Адно хіба на больш вострае палоханьне Расеі, маўляў, бачыце, нават у Эўразьвяз запрашаюць, але я сяброўствам з Расеяй не гандлюю. Зь іншымі :-)

З Украінай інакш. Украіна прасіла, дамагалася, патрабавала пэрспэктывы сяброўства ў Эўразьвязе і пры Кучме, і пры Юшчанку, і пры Януковічы, дарэчы. У пэўнай ступені манэўры Януковіча паміж Брусэлем і Масквой тлумачыліся тым, пра што сказаў міністар Вашчыкоўскі — расейскі бок прапаноўваў ня надта прывабныя, але пэўныя варыянты, эўрапейскі — па вялікім рахунку «сенцы». Дык «сенцы» не задавальнялі ня толькі Эўрамайдан, але і Януковіча таксама.

Усе гэта сапраўды так. Але Эўразьвяз — саюз больш за двух тузінаў дзяржаваў. І пытаньне сяброўства новых чальцоў, нават у аддаленай пэрспэктыве, адзінаасобна не вырашае ніводная краіна Зьвязу. Не вырашала яго адзінаасобна Польшча пры папярэдніках спадара Вашчыкоўскага, ня будзе яго адзінаасобна вырашаць і пры ім. І ягоныя папрокі на адрас папярэднікаў, якія «чамусьці» не прапанавалі краінам-партнэрам эўрапейскай пэрспэктывы — гэта насамрэч папрок усёй Эўропе, ўсяму Эўразьвязу. Ну так, папярэднікі цяперашняга шэфа МЗС Польшчы, ў прыватнасьці, Радэк Сікорскі, ня здолелі пераканаць Бэрлін і Парыж адкрыць для постсавецкіх краінаў дзьверы эўраінтэграцыі. У спадара Вашчыкоўскага гэта атрымаецца лепш? Гэта ніадкуль не вынікае, гледзячы па апошніх падзеях, новым уладам Польшчы ня проста пераканаць некаторыя краіны «старой Эўропы» нават наконт унутраных польскіх сюжэтаў. Неяк слаба верыцца, што атрымаецца ініцыяваць кардынальны паварот усёй эўрапейскай палітыкі, якая заставалася ў пытаньні пэрспэктываў поставецкіх краінаў нязьменнай шмат гадоў.

Добра, калі атрымаецца — бываюць у сьвеце цуды. Для Ўкраіны гэта і сапраўды было б сьвятлом у канцы тунэлю, ды і для Беларусі выразная магчымасьць сяброўства ў ЭЗ сытуацыю зьмяніла б. Але спадар Вашчыкоўскі ў сваім выступе ў Сэйме больш налягаў на крытыку папярэднікаў, а не канстатаваў, што каб праводзіць лепшую, правільную, зь яго пункту гледжаньня, палітыку адносна постсавецкіх краінаў, трэба ўгаварыць Мэркэль, Алянда, Камэрана, Рэнцы, што па плячы адно палітычнаму Геркулесу.

Хаця, магчыма, ніякіх такіх геркулесаўскіх подзьвігаў новы кіраўнік МЗС Польшчы зьдзяйсьняць і не зьбіраецца. Варта прыгадаць, што пэўны час таму прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда агучыў абіцыйную ініцыятыву Балта-Чарнаморска-Адрыятычнага саюзу дзяржаваў. Ініцыятыва была агучаная эскізна, але хто ведае — можа менавіта гэты праект стане для Варшавы альтэрнатывай «Усходняму партнэрству».

Аднак ужо зараз бачныя відавочныя хібы гэтай прапановы, якія ў нечым падобныя на хібы таго ж «Усходняга партнэрства». Саюз — справа добрая, навявае асацыяцыі з колішняй Рэччу Паспалітай «ад мора да мора». Але банальнае назіраньне: Польшча і Літва, чальцы гэтага гіпатэтычнага саюзу — чальцы Эўразьвязу, Беларусь і Ўкраіна — не. Эўразьвяз — гэта, апроч іншага, мытны саюз. І што ў інстытуцыйным эканамічным пляне Польшча ў тым гіпатэтычным Балта-Чарнаморска-Адрыятычнага саюзе можа прапанаваць, скажам, Беларусі і Ўкраіне? Можа прапанаваць, скажам, адкрыць межы, можа прапанаваць мытны саюз? Не, ня можа. Немагчыма быць у двух розных мытных саюзах. Можа прапанаваць, скажам, ваенны саюз з пэўнымі абавязкамі бакоў? Ну можа і так, але тады ўзьнікнуць калізіі з сяброўствам Польшчы ў НАТА. Іншым чальцам НАТА, якія маюць безумоўны абавязак абараняць Польшчу ў выпадку ваеннага канфлікту, могуць моцна не спадабацца абавязкі Польшчы ўзброенай сілай абараняць яшчэ некага, хто не ўваходзіць у НАТА.

Іншымі словамі, Польшча, як чалец НАТА і ЭЗ, да пэўнай ступені абмежаваная ў сваёй зьнешняй палітыцы. Не, сябраваць яна можа, з кім хоча, дапамагаць можа, каму хоча, але ўступаць у інстытуцыйныя адносіны ня можа. А нешта падказвае, што Польшча, пры ўсіх сымпатыях да Беларусі і Ўкраіны, не прамяняе нават няпростыя адносіны са «старой Эўропай» на нейкія, пакуль вельмі няпэўныя, адказныя саюзы з усходнімі суседзямі. Так што ідэя Балта-Чарнаморска-Адрыятычнага саюзу мае ўсе тыя ж хібы, што і ідэя «Ўсходняга партнэрства» — ніякіх пэўных абавязкаў мы на сябе ўзяць ня можам, але давайце сябраваць, давайце мы будзем разам, давайце мы будзем на вас станоўча ўплываць. Як бы ў будучыні пераемнік спадара Вашчыкоўскага не назваў вынік і гэтага праекту катастрофай.
Аднак, як сказана вышэй, «Ўсходняе партнэрства» сапраўды вычарпала свой сэнс. Эўропа ў стасунках з постсавецкімі краінамі апынулася на раздарожжы. І Польшча сапраўды можа прапанаваць Эўразьвязу, часткай якога яна зьяўляецца, нейкі новы падыход, новае бачаньне пэрспэктывы адносінаў. З ўлікам як посьпехаў, гэтак і правалаў «Усходняга партнэрства».

Перадрук з парталу TUT.BY

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG