Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Шэсьць былых кіраўнікоў дзяржаваў — пра Барыса Ельцына ЭКСКЛЮЗІЎ СВАБОДЫ


Леанід Краўчук, Станіслаў Шушкевіч і Барыс Ельцын пасьля падпісаньня Белавескіх пагадненьняў.

Леанід Краўчук, Станіслаў Шушкевіч і Барыс Ельцын пасьля падпісаньня Белавескіх пагадненьняў.

У рамках праекту Радыё Свабода "Расея і я " я сустрэлася з дванаццацю былымі кіраўнікамі пост-савецкіх дзяржаваў і запісала зь імі вялікія відэаінтэрвію. Старт праекту — 15 лютага. А сёньня я прапаную меркаваньні і ўспаміны былых лідэраў пра першага прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына, якому сёньня споўнілася б 85 гадоў.

Ландсбергіс: Гісторыкі дакапаюцца, хто быў сапраўднай уладай, якія чыніла гвалт над прэзыдэнтам

Вітаўтас Ландсбергіс, адзін з лідэраў літоўскага руху за незалежнасьць ад СССР і першы кіраўнік Літвы, лічыць, што Ельцын быў шчырым чалавекам, і ў яго было пачуцьцё гонару і годнасьці.

Ландсбергіс: Я гэта бачыў на нашых перамовах і ў моманты, калі яго паплечнікі спрабавалі яго штурхнуць на нядобрасумленны шлях. І варта было яму нагадаць: «Барыс Мікалаевіч, але мы ж з вамі дамовіліся», — і гэтага было дастаткова. Гэта быў сумленны чалавек. Потым яго зьбілі з панталыку ў сувязі з вайной у Чачні. Вядома, гэта былі сілы яго карумпаванага акружэньня, нават сямейнага, і ён трапіў у залежнасьць ад такіх абставінаў вакол яго і ўжо ня змог супрацьстаяць рэваншызму расейскай імпэрыі. Нават сам, можа быць, паддаўся. Хоць невядома, што адбылося, калі ён напачатку казаў публічна: «Мы ніколі не ўварвемся ў Чачню, таму што нам бы гэтага ніхто не дараваў», — а праз два тыдні ўжо быў зламаны і падпісаў указ пра ўварваньне. Калі-небудзь гісторыкі дакапаюцца, хто быў сапраўднай уладай, якія чыніла гвалт над прэзыдэнтам.

Краўчук: Ельцын трошкі адрозьніваўся ад Пуціна сваімі сьветапогляднымі пазыцыям

Першы прэзыдэнт Украіны Леанід Краўчук, які падпісваў з Белавескае пагадненьне з Барысам Ельцыным і Станіславам Шушкевічам, лічыць, што пры любых кіраўніках «філязофія Расеі складаецца з таго, што Ўкраіна павінна быць толькі з Расеяй, нават не зусім дакладна — пад Расеяй».

Краўчук: Я сяджу з Барысам Ельцыным... Ён трошкі адрозьніваўся ад Пуціна сваімі сьветапогляднымі пазыцыямі, палітыкай, канцэпцыяй стаўленьня да Ўкраіны. Мы гутарым, і ён мне задае пытаньне: «Леанід Макаравіч, вы сапраўды верыце, што Ўкраіна пойдзе ў Эўропу?» Я кажу: «Барыс Мікалаевіч, мы ж падпісалі з вамі Будапэшцкае пагадненьне, дзе выразна вызначана, што кожны народ сам вызначае, куды яму ісьці». «Э не, мы 330 гадоў разам, усё працятае гэтым словам „разам“, і разарваць нас немагчыма, — кажа ён, — Расея ніколі не пагодзіцца, каб Украіна пайшла ў Эўропу, пакінула Расею. Вы думаеце, што гэта толькі я так лічу? Давайце вось пойдзем з Крамля — мы ў Крамлі былі — на плошчу, і вы пакажаце 100 чалавек пальцам, каго? Я скажу сваёй ахове, каб яны гэтых людзей сабралі, і вы ім задасьце гэтае пытаньне, ці жадаюць яны, каб Украіна стала асобнай эўрапейскай дзяржавай. Я вам гарантую: 96-95 чалавек са ста скажуць: „Не, гэта наша гістарычная пазыцыя“». Сёньня Ўладзімер Пуцін лічыць гэтак жа. Гарбачоў лічыць гэтак жа. Няма чалавека ў Расеі, які б думаў інакш, я маю на ўвазе палітычны бамонд, які пры ўладзе. Так, там ёсьць апазыцыя і творчыя людзі, якія па-іншаму думаюць, але я кажу пра тых, хто ў кіраўніцтве.

Лучынскі: Ельцын быў вельмі аўтарытарным, але пераўтварыў сябе ва ўмовах новай Расеі і стаў дэмакратам

Другі прэзыдэнт Малдовы Петру Лучынскі лічыць, што Барыс Ельцын увасабляў Расею.

Петру Лучынскі і Барыс Ельцын. Фота з архіву прэзыдэнта Лучынскага.

Петру Лучынскі і Барыс Ельцын. Фота з архіву прэзыдэнта Лучынскага.


Лучынскі: З Барысам Мікалаевічам Ельцыным я пазнаёміўся, калі ён працаваў у Свярдлоўску. І так атрымалася, што мы знайшлі агульную кантакт, і гэта працягвалася да канца жыцьця. Ён увасабляў Расею, быў надзвычайным чалавекам. Ён быў вельмі аўтарытарным, але пераўтварыў сябе ва ўмовах новай Расеі і стаў дэмакратам. І мы з Ельцыным заўсёды знаходзілі агульную мову ў тых момантах, у якіх было неабходна прымаць нейкую пазыцыю.

Руйтэль: «Расея гэта ўхваліць», сказаў Ельцын


Прэзыдэнт Эстоніі Арнольд Руйтэль (2001-2006) быў старшынём Прэзыдыюма Вярхоўнага Савету Эстонскай ССР (1983-1990) і адыграў ключавую ролю ў падрыхтоўцы Дэклярацыі аб сувэрэнітэце, прынятай Вярхоўным Саветам 16 лістапада 1988 году, якая стала першай дэклярацыяй аб сувэрэнітэце ў СССР. Ён згадвае сустрэчу з Барысам Ельцыным 20 жніўня 1991 году.

Арнольд Руйтэль: Гэта быў сапраўды запамінальны дзень. Найперш мне адразу далажылі аб тым, што пачаўся путч. Каля шостай раніцы мяне папярэдзілі, што я магу быць арыштаваны. Я сказаў, што пайду на працу, што мы склічам Вярхоўны савет і заявім, што не падпарадкоўваемся патрабаваньням путчу. Што мы і зрабілі. На тэрыторыю Эстоніі сталі прыбываць у аўтобусах дадатковыя сілы. У той час тут знаходзіліся сур’ёзныя падразьдзяленьні савецкай арміі. Была небясьпека, што нас арыштуюць. Была інфармацыя, што больш за сто чалавек, спэцыяльнае падразьдзяленьне захопу, прыбылі для гэтага ў Эстонію. Але нягледзячы на гэта ўвечары 20 жніўня мы прынялі сваё рашэньне. Мы ведалі, што ў Маскве ў гэты час пачалося ўзброенае супрацьстаяньне. Сувязь з кіраўніцтвам у Маскве падтрымлівалася. І мы абвясьцілі аднаўленьне незалежнасьці. Путч праваліўся, і стала актуальным пытаньне тэрмінова аднавіць і юрыдычныя правы Эстоніі. Я адразу ж паехаў у Маскву. Ужо на другі дзень. Адразу папрасіў аб сустрэчы з Ельцыным, прэзыдэнтам Расеі. Тады ён быў на пахаваньні трох маладых людзей. Як толькі ён адтуль вярнуўся, то адразу ж прыняў мяне ў сваім кабінэце. Будынак, дзе зьбіраліся дэпутаты, быў абстраляны. Я сустрэўся зь ім і распавёў пра просьбу. Ён адразу ж пагадзіўся і цалкам ухваліў аднаўленьне незалежнасьці Эстоніі. «Расея гэта ўхваліць», сказаў... Пасьля падпісаньня ўсіх працэдурных дакумэнтаў і перадачы грамат Ельцын паклікаў мяне на плошчу да народа. Ён выступаў там і я быў разам зь ім. Мы стаялі на пастамэнце. Народ ахоўваў яго шчытамі. А мы былі побач з ім напагатове на выпадак пачатку баёў. Але, там, вядома ж, стаялі людзі, якія яго падтрымлівалі. Вялізны натоўп. Потым яшчэ пайшлі зь ім у народ, пагутарылі з людзьмі...

Шушкевіч: Ельцын ня быў крывадушным

Першы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч называе сябе гарачым прыхільнікам Ельцына.

Барыс Ельцын, Станіслаў Шушкевіч і Вячаслаў Кебіч

Барыс Ельцын, Станіслаў Шушкевіч і Вячаслаў Кебіч



Станіслаў Шушкевіч: Барыс Ельцын выразна прытрымліваўся прынцыпу права на нацыянальную дзяржаўнасьць. Па-сапраўднаму, ня крывадушна. І трэба было б рухацца па гэтым шляху... Ельцын — вялікі расеец. У яго былі праўдзіва расейскія, карэнныя слабасьці, але і праўдзіва расейскія карэнныя вартасьці. Ён ня быў крывадушным. Пуцін — гэта прафэсійны шпіён. Ельцын — прафэсійны будаўнік, прафэсійны кіраўнік будоўляў, кіраўнік людзьмі. А Пуцін — прафэсійны дазнавацель чалавечай сутнасьці... А Ельцын быў вялікі ў сваёй праўдзівасьці. Ён казаў: бярыце свабоды, я маю на ўвазе нацыянальнай, колькі хочаце, колькі можаце асвоіць. І ён меў рацыю. Сувымераць іх нельга... Ельцын быў сапраўдным прыхільнікам дэмакратыі. У яго былі фантастычныя складанасьці, і калі ён адчуваў гэтыя складанасьці, мы іх таксама адчувалі. Таму што на яго ціснулі камуністы, ціснулі левыя, ён вымушаны быў стварыць левы ўрад, ён вымушаны быў адхіліць сваіх бліжэйшых паплечнікаў, уключаючы Бурбуліса. З Гайдарам таксама так было, таму што рэформы ішлі туга. Рэформы ішлі туга, таму што насельніцтва не пасьпявала ўсьвядоміць... Але самае важнае, што тэндэнцыя была правільная, што мы ішлі да незалежнасьці.

Улманіс: Адрозна ад іншых расейскіх кіраўнікоў, Ельцын любіў і прызнаваў заходнюю культуру і дэмакратыю


Першы прэзыдэнт Латвіі пасьля аднаўленьня незалежнасьці Гунтыс Улманіс вёў перамовы з Барысам Ельцыным аб вывадзе савецкіх войскаў з тэрыторыі Латвіі.

1994 год. Прэзыдэнт Латвіі Гунтыс Улманіс і прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын. Фатаграфія з архіву Гунтыса Ўлманіса.

1994 год. Прэзыдэнт Латвіі Гунтыс Улманіс і прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын. Фатаграфія з архіву Гунтыса Ўлманіса.



Гунтыс Улманіс: Любога кіраўніка, у тым ліку і расейскіх кіраўнікоў, трэба ацэньваць у рамках пэўнага часу. Калі быў Ельцын, ня мог зьявіцца ў Расеі чалавек з характарам Пуціна. І наадварот. Я не ўяўляю, як мог бы Ельцын сёньня кіраваць Расеяй са сваім характарам, але ён быў вельмі тыповым яркім прадстаўніком свайго народа. І адрозна ад іншых расейскіх кіраўнікоў, ён любіў і прызнаваў заходнюю культуру і дэмакратыю. Наколькі любіў, судзіць не бяруся, але прызнаваў... Ён ставіўся да кіраўнікоў Заходняй Эўропы і Амэрыкі зь вялікай павагай. Ён паставіўся зь вялікай павагай да балтыйскіх кіраўнікоў, у тым ліку і латвійскіх. Ня думаю, што гэта былі толькі эмацыйныя ўсплёскі. Гэта было ў той час неабходна, таму што мы ўсе былі ідэалістамі, у тым ліку і ў Расеі. І я думаю, што Ельцын бачыў перавагі і яркія колеры дэмакратычнага грамадзтва. Ён бачыў, але яму было складана гэта зьвязваць з расейскім грамадзтвам, якое да гэтага, як мы сёньня бачым, ня вельмі было гатова. Або, будзем казаць так: у Расеі маюцца асаблівыя спэцыфічныя погляды на дэмакратычныя працэсы, і яны іх фармуюць па сваім прынцыпам. Калі кажуць, што Ельцын прызначыў работніка КДБ прэзыдэнтам, ня думаю, што Ельцын кіраваўся на той момант, кім той працаваў і дзе. Для яго былі важныя іншыя рысы характару. Пуцін ўсё ж, як бы мы яго ні ацэньвалі ў сьвятле сёньняшніх падзей, чалавек моцнага характару. Чалавек, які вырашае і робіць. Гэта павінны зразумець заходнія кіраўнікі, і зыходзячы з гэтага павінны размаўляць з Расеяй, каб не атрымаліся страшныя моманты кшталту Крыму або што-небудзь горш.

Гэта фрагмэнт праекту «Расея і я», сэрыі відэаінтэрвью з былымі кіраўнікамі пост-савецкіх дзяржаваў пра адносіны з Расеяй. У праекце «Расея і я» бяруць ўдзел былыя прэзыдэнты Ўкраіны Леанід Краўчук і Віктар Юшчанка, былыя прэзыдэнты Малдовы Петру Лучынскі і Ўладзімер Варонін, былы прэзыдэнт Латвіі Гунтыс Улманіс, былы кіраўнік Літвы Вітаўтас Ландсбергіс і былы прэзыдэнт Літвы Раландас Паксас, былы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч, былы прэзыдэнт Эстоніі Арнольд Руйтэль, былы прэзыдэнт Кыргызстану Аскар Акаеў, экс-прэзыдэнт Армэніі Робэрт Качаран і былая выкаўнаўца абавязкаў прэзыдэнта Грузіі Ніно Бурджанадзэ. Глядзіце ўсе інтэрвію на нашым сайце, пачынаючы з 15 лютага.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG