Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кадыраў апублікаваў відэа з Касьянавым «у прыцэле вінтоўкі»


Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў апублікаваў у сваім Instagram відэаролік з расейскім апазыцыянэрам Міхаілам Касьянавым, на які накладзены фільтар у выглядзе прыцэла снайпэрскай вінтоўкі.

«Касьянаў прыехаў у Страсбур за грашыма для расейскай апазыцыі. Хто не зразумеў, той зразумее», — гаворыцца ў подпісы да відэа.

Паплечнік спадара Касьянава па партыі «Парнас» Ільля Яшын заявіў, што публікацыя зьяўляецца прамой пагрозай забойства.

У сярэдзіне студзеня Кадыраў назваў расейскую апазыцыю «ворагамі народа», якія спрабуюць «расхістаць» палітычную сыстэму ў РФ.

«Пазасыстэмную апазыцыю», на ягоную думку, трэба судзіць за «падрыўную дзейнасьць».

Гэтыя заявы выклікалі бурную крытыку з боку расейскіх праваабаронцаў і апазыцыянэраў. Аднак прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў прапанаваў не нагнятаць сытуацыю вакол заяваў кіраўніка Чачні, адказаўшы, што трэба «спакойна прачытаць сказанае».

XS
SM
MD
LG