Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лічбы са столі: Як і навошта хлусіць Пуцін


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Браць лічбы са столі, жангляваць ня варта. Зь імі не жартуюць. Сфальшаваныя лічбы могуць распальваць апэтыты агрэсара.

Былы дарадчык Пуціна Андрэй Іларыёнаў прааналізаваў лічбы ў выказваньнях расейскага прэзыдэнта, што датычаць Украіны. Лічбы са столі, ня лічбы, а хлусьня. Пуцін гаворыць, што рускіх ва Ўкраіне 17 мільёнаў. Іларыёнаў зазначае: 17 працэнтаў. А гэта азначае, што іх 8 мільёнаў. Істотная розьніца?

Далей Пуцін гаворыць: у Крыме 90 працэнтаў рускіх. Іларыёнаў зазначае: іх 58 працэнтаў. І ўсё гэта — адпаведна лічбам перапісу.

Магчыма, прэзыдэнт Расеі робіць гэта, каб апраўдаць постфактум Крым і Данбас, агрэсію? Не, зусім не, кажа Андрэй Іларыёнаў. Такія «вольнасьці» зь лічбамі адносна Ўкраіны Пуцін дапускае ў сваіх выступах з 2008 году. Прычым рэгулярна. Задумайцеся: схлушаная лічба праз шэсьць гадоў абярнулася анэксіяй і гібрыднай вайной.

Андрэй Іларыёнаў зьвяртае ўвагу яшчэ на адну небясьпечную акалічнасьць. Межы ня важныя, гаворыць сёньня Пуцін. А гэта можа азначаць, што у яго няма «ўяўленьня аб тым, што зьяўляецца тэрыторыяй Расеі», зазначае Іларыёнаў. Што вельмі небясьпечна для ўсіх суседзяў Расеі, кажа ён.

Гутарка з экспэртам адбылася ў эфіры «Эха Москвы». Калі такая канцэпцыя склалася ў галаве гаспадара Крамля, то чакаць бяды могуць і на паўночным усходзе Эстоніі, і ў Латгаліі, і ў Беларусі, мяркуе Іларыёнаў. Напрыклад, каманда можа падкінуць Пуціну такую інфармацыю: «А ў нас пабудаваная мяжа з Беларусьсю няправільна. У нас там этнічныя рускія жывуць».

Экспэрт разьвівае тэму. «Беларусь на 90 працэнтаў зьяўляецца рускамоўнай, можа быць, нават і больш, зазначае Іларыёнаў. Цяпер узровень рускамоўнасьці ў Беларусі, здаецца, нават падвысіўся ў параўнаньні з савецкімі часамі. Але тады, уласна кажучы, уся Беларусь зьяўляецца цэльлю вельмі лёгкай, таму што мае аўтарытарны палітычны рэжым. І можаце так уявіць сабе: а раптам штосьці здарыцца з гаспадзінам Лукашэнкам? Ну часова стаў недзеяздольным. Пайшоў у грыбы — і вось згубіўся».

Краіна недэмакратычная, рашэньне прымае адзін чалавек. «Значыць, у гэтай сытуацыі палітычная сыстэма Беларусі аказваецца паралізаванай, мяркуе Іларыёнаў. Калі там раптам пачынаюць гуляць “зялёныя чалавечкі”, то, уласна, як мы гэта бачылі, гэта пытаньне некалькіх гадзінаў, у крайнім выпадку, некалькіх сутак».

І вось цікава: ці хто-небудзь у нас адсочваў, аналізаваў словы Пуціна, пачынаючы ад пачатку, усе ягоныя «агаворкі па Фрэйду»? Прагнозы рабіў? Ніхто? А навошта! У нас свае чыноўнікі зь лічбамі гулялі. Што быццам расейцаў у нас больш, чым ёсьць. Называлі і працэнт і канкрэтную лічбу са столі, хаця сапраўдная ва ўсіх энцыкляпэдыях была. Навошта? Напэўна, каб апраўдаць закрыцьцё беларускіх школ, каб прыменшыць вагу тытульнай нацыі, каб зрабіць меншасьцю патрыётаў, каб не маглі дзяцей вучыць на роднай мове. На пацеху Масквы, само сабой.

Мы цешыліся, што лёгка знайшлі рэцэпт, раскрылі сакрэт, як прыручыць дракона. Іншыя яму: мы не такія як ты, мы адрозныя, не чапай! А дракону не падабаецца, агонь унутры ўтаймоўвае зь цяжкасьцю. А мы не такія дурні. Мы яму: мы таксама рускія! Ён: рускія, гаворыш? Адзін народ, гаворыш? Так! І мова ў нас руская. Мір-дружба. А ён і задаволены, пасьміхаецца нават, хоць усьмешкай гэта асабліва не назавеш. А мы не нарадуемся: газ са скідкай будзе заўсёды! А ён, падступны, несьвядома падахвочваўся на подзьвігі. Намі самімі. Але ж у нас і ў думках такога не было, мы ж толькі дружыць хацелі, па-суседзку.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG