Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сырыя: больш за 60 ахвяраў і больш за сотню параненых у выніку атакі на шыіцкую сьвятыню


Больш за 60 чалавек загінулі і больш за сотню былі параненыя ў выніку трох выбухаў каля шыіцкай сьвятыні ў ваколіцах Дамаска 31 студзеня, якраз калі прадстаўнікі апазыцыі і рэжыму Башара аль-Асада сабраліся пад эгідай ААН у Жэнэве для перамоваў.

На тэрыторыі шыіцкай сьвятыні Саіда Зэйнаб, дзе адбылася атака, пахаваная ўнучка прарока Мухамэда.

Паводле зьвестак «Сырыйскай абсэрваторыі па правах чалавека», якая знаходзіцца ў Вялікабрытаніі, 29 грамадзянскіх і 25 паліцэйскіх былі забітыя, целы яшчэ дзевяці не ўдалося ідэнтыфікаваць.

Адказнасьць за напад узялі на сябе баевікі групоўкі «Ісламская дзяржава», заявіўшы пра ўдар па «найважнейшай крэпасьці шыіцкіх баевікоў у Дамаску».

Галоўная сырыйская апазыцыйная група на перамовах у Жэнэве ў нядзелю ўпершыню сустрэлася са спэцыяльным пасланьнікам ААН па Сырыі Стафан дэ Містура. Сябры апазыцыйнай дэлегацыі Высокага перамоўнага камітэту, які падтрымлівае Савудаўская Арабія, папярэдзілі, што могуць спыніць удзел у кансультацыях, калі ня будзе палепшанае становішча цывільных у Сырыі.

Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па зьнешняй палітыцы і палітыцы бясьпекі Фэдэрыка Магерыні заявіла 31 студзеня, што выбухі ў шыіцкай сьвятыні ў ваколіцах Дамаска, відавочна, накіраваныя на зрыў перамоваў па мірным урэгуляваньні ў Сырыі.

Дзяржсакратар ЗША Джон Керы таксама заклікаў удзельнікаў мірных перамоваў працягнуць дыялёг, нягледзячы на нядзельны тэракт у Дамаску.

Спэцпасланьнік ААН па Сырыі Стафан дэ Містура паведаміў, што на 1 лютага заплянаваныя асобныя перамовы з прадстаўнікамі рэжыму аль-Асада і прадстаўнікамі апазыцыі.

Паводле зьвестак ААН, у выніку сырыйскага канфлікту ўжо загінулі больш за 250 000 чалавек, больш за 10.000.000 вымушана пакінулі свае дамы. У арганізацыі кажуць, што мэта мірных перамоваў спачатку заключаецца ў спыненьні баявых дзеяньняў, а пазьней — у палітычным урэгуляваньні ваеннага канфлікту.

XS
SM
MD
LG