Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Замацоўвае нацыянальную тоеснасьць у вечнасьці»: Міколу Купаву 70 год


Мікола Купава

Мікола Купава

Юбілей 31 студзеня спраўляе вядомы мастак і ініцыятар мноства выставаў і імпрэзаў Мікола Купава.

Старшыня беларускага Саюзу мастакоў, мастак і паэт Рыгор Сітніца кажа Свабодзе пра Купаву як пра чалавека, які надзейна ўпісаў сваё імя ў беларускую культуру, а таксама выказвае ўдзячнасьць Купаву як чалавеку, незамяняльнаму ў рэалізацыі культурніцкіх ініцыятываў.

Рыгор Сітніца

Рыгор Сітніца

«Мікола Купава — адзін з найбольш яскравых пасьлядоўнікаў любові да ўсяго нашага, да беларускага, да нашай нацыянальнай тоеснасьці ў яе гістарычных і нацыянальных праявах. Ён праз усё сваё творчае жыцьцё трымаецца гэтых каштоўнасьцей. І падобна, што нікуды ён ня можа збочыць, таму што такая ягоная чалавечая, духоўная існасьць.

Гэта беларус, гэта мастак, гэта патрыёт. І ён гэта робіць спакойна, безь ніякага эпатажу, але замацоўвае ў мастацкай прасторы, а значыць, і ў вечнасьці, нашай тоеснасьці. Можна спрачацца з ягонай мастацкай манэрай, але гэта чалавек, які ўжо ня столькі мастак, колькі сьцьвярджальнік нацыянальнай ідэі праз мастацкія сродкі. Ён зрабіў вельмі шмат, часта бярэ на сябе такія ініцыятывы, якія іншыя ня возьме, і, спадзяюся, зробіць яшчэ вельмі шмат».

___________________________________________

Беларускі мастак Мікола Купава адзначае 31 студзеня 2016 года сваё 70-годзьдзе. Народжаны ў Воршы, Купава навучаўся ў Менскай мастацкай вучэльні, скончыў аддзяленьне графікі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытуту. Ад 1978 года — сябра Беларускага саюзу мастакоў, сябра «Беларускай майстроўні», у першай палове 90-х — намесьнік дырэктара менскай «Глебаўкі», ад 1998 да 2004-га — старшыня суполкі «Пагоня», ад 2002 да 2006-га — выкладчык на Архітэктурным факультэце БНТУ. Працуе ў галіне кніжнай і станковай графікі, акварэлі, малярства і эксьлібрыса. Дасьледуе беларускую архітэктуру, у прыватнасьці аршанскае абарончае і сакральнае дойлідзтва. Выканаў мастацкае аздабленьне звыш 30-ці кніжак і альбомаў. Браў удзел у больш як 70 нацыянальных, пэрсанальных і міжнародных выставах.

Сярод графічных прац мастака — «Шляхамі Янкі Купалы», «Вільня», «Вязынка», «Дом Марыі Каменскай», «Якуб Колас», «Янка Купала», «Францішак Багушэвіч», «Няміга». Усе названыя працы ён выстаўляў на аўкцыён, прыбытак зь якога пайшоў на помнік Міхасю Жызьнеўскаму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG