Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў: БНФ адмовіў Кангрэсу не праз ідэалёгію, а праз асабістыя амбіцыі


Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

Як заяўляе адзін зь лідэраў Кангрэсу дэмакратычных сілаў, пытаньне палягае зусім не ў падтрымцы ці непадтрымцы мэмарандуму Рады БНР, бо па ім пазыцыі з БНФ супадаюць.

Партыя БНФ 30 студзеня прыняла рашэньне пакуль не ўваходзіць у аргкамітэт па правядзеньні Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Старшыня партыі Аляксей Янукевіч казаў пра «засьцярогі наконт яснасьці ідэйнага зьместу Кангрэсу» і прапаноўваў «фармаваньне яснай ідэйнай плятформы, на аснове якой адбудзецца кансалідацыя », а ў якасьці такой плятформы партыя бачыць віленскі мэмарандум Рады БНР.

Як заявіў Свабодзе адзін зь лідэраў аргкамітэту па падрыхтоўцы кангрэсу Ўладзімер Някляеў, няўдзел у кангрэсе БНФ выкліканы зусім не разыходжаньнямі па ідэйным зьмесьце кангрэсу:

«У даўніх традыцыях апазыцыі калі нейкае пытаньне ня хочацца вырашаць, яго трэба як мага даўжэй зацягнуць. Дык вось, гэтыя прапановы, якія мы займелі ад партыі БНФ, гэта той самы, як яны думаюць, хітры ход, за якім стаіць нежаданьне далучыцца да Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Гэтае нежаданьне не палягае на нейкіх прынцыповых рэчах, на разыходжаньнях у адносінах да пабудовы нацыянальнай дзяржавы, у адносінах да Саюзнай дзяржавы ці Эўразійскага зьвязу. Не, тут пазыцыі супадаюць, няма чаго тлуміць галаву. Не супадаюць меркаваньні пра тое, хто павінен быць ініцыятарам кангрэсу, хто зможа стаць лідэрам у выніку, не супадаюць асабістыя падыходы кіраўнікоў апазыцыйных структураў.

Па сутнасьці, мы маем паўтор сытуацыі, якая склалася перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Тады таксама казалі пра прынцыповыя пазыцыі, несупадзеньне ідэалаў... А насамрэч размова ішла толькі пра адно: хто будзе адзіным кандыдатам. У большасьці сваёй кіраўнікі апазыцыйных структураў прыйшлі да высновы „калі ня я, то хто?“ — і кангрэс быў сарваны. Гэта прывяло да яшчэ большага раздрабленьня і аслабленьня апазыцыі, да самых ганебных у гісторыі выбараў. Тое самае адбудзецца, калі будзе сарваны кангрэс напярэдадні парлямэнцкіх выбараў».

Някляеў кажа, што на кангрэсе прапануецца адзіны сьпіс на парлямэнцкія выбары на замену шасьці сьпісаў, якія прапануюцца сёньня ад розных апазыцыйных структураў. БНФ жа, заяўляе ён, разглядае гэты сьпіс як «рэйтынг лідэрства апазыцыі». Асноўная ж мэта кангрэсу, кажа ён, — разам распавесьці грамадзтву пра цяперашнюю сытуацыю ў краіне і пазначыць шлях да выйсьця з палітычнага і эканамічнага крызісу, якога ўлады не прапануюць. Што да мэмарандуму Рады БНР, Някляеў нагадвае, што асабіста падпісаў мэмарандум Рады БНР, па мэмарандуме ў кангрэсу няма пытаньняў. Ставіць пад пытаньне патрыятызм Статкевіча, які на момант падпісаньня мэмарандуму знаходзіўся за кратамі, нельга, кажа Някляеў, гэта можна разглядаць толькі як зьнявагу. Кангрэс не адкідае магчымасьцей прыцягнуць як мага большую колькасьць дэмакратычных сілаў, кажа Някляеў, і кансультацыі з БНФ будуць доўжыцца. Але калі ня ўдасца пераканаць партнэраў у неабходнасьці кангрэсу, ён будзе праводзіцца бязь іх. Магчыма, будзе зьменены і фармат: замест кангрэсу можа адбыцца нацыянальны сход з удзелам усіх магчымых актывістаў і грамадзкіх аб’яднаньняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG