Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінімальную цану на бутэльку «чарніла» усталявалі ў 26 800 рублёў


Міністэрства гандлю Беларусі пастановай ад 19 студзеня, усталявала ад 30 студзеня мінімальную цану на «віны пладовыя марачныя марачныя, палепшанай якасьці і адмысловай тэхналёгіі», вядомыя ў народзе як «чарніла», у памеры 26 800 рублёў за бутэльку ў 0,7 літра крэпасьцю 18% без падатку на дададзеную вартасьць.

Мінімальныя цэны на бутэлькі іншых аб’ёмаў і іншай крэпасьці маюць фармавацца прапарцыйна названай. Аптовыя і гандлёвыя надбаўкі маюць ужывацца «з улікам кан’юнктуры рынку».

Раней у бюджэце Беларусі на 2016 год былі прадугледжаныя захады дзеля падтрымкі алькагольнай галіны, у тым ліку зьмяншэньне акцызаў на моцны алькаголь на 7,4% і на пладовыя віны (у народзе «чарніла») на 7,5%.

Старшыня БХД Павал Севярынец называў занадта танны алькаголь «злачынствам супраць уласнага народу».

Яшчэ нядаўна Беларусь была сусьветным лідэрам па спажываньні алькаголю на душу насельніцтва з 18,85 літрамі на чалавека на год, але на 2014 год па зьвестках Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя адышла на 10 месца з 10,47 літраў на чалавека на год.

XS
SM
MD
LG