Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістаў, якія выявілі пратэрмінаваны тавар у краме, судзяць за хуліганства


Рыгор Грык (справа) і Аляксандар Вайцешык у судзе

Рыгор Грык (справа) і Аляксандар Вайцешык у судзе

У Баранавічах адбываецца судовы працэс над Рыгорам Грыкам і Аляксандрам Вайцешыкам. Актывістаў вінавацяць у хуліганстве ў краме «Mart Inn».

20 і 22 сьнежня Рыгор Грык з Аляксандрам Вайцешыкам выявілі пратэрмінаваны тавар у краме. Актывісты выклікалі міліцыю, якая зафіксавала няякасны тавар.

Адміністрацыя крамы напісала на актывістаў заявы ў міліцыю, паводле якіх былі складзеныя пратаколы, што Грык з Вайцешыкам «з хуліганскіх перакананьняў, выказваючы яўную непавагу да грамадзтва, перагарадзілі праход паміж касамі вазочкам, чым зьдзейсьнілі наўмысныя дзеяньні, якія парушаюць спакой грамадзянаў».

У часе судовага паседжаньня была выслуханая дырэктарка крамы Вольга Борыс. Спадарыня заявіла, што актывісты прыходзілі ў краму «наўмысна, каб парушыць працу крамы, зьбіць нас з рытму».

Дырэктарка распавяла, як Грык з Вайцешыкам «гулялі па гандлёвай залі», а ахоўнік Вадзім Карачун сачыў за імі. Актывісты падкацілі вазочкі да касы, ды не давалі дырэктарцы «паглядзець, што там ляжыць, і ў якім стане.»

«Хаця гэты тавар знаходзіцца ў краме, гэты тавар — крамы, а ня іх асабісты», — заявіла Вольга Борыс.

Дырэктарка не адмаўляла, што Грык з Вайцешыкам набралі вазочкі пратэрмінаванага тавару. Аднак на касах іх разьлічыць адмовіліся.

Вайцешык распавядаў, што клаў грошы на прылавак, каб яго разьлічылі. Выступаючы напрыканцы паседжаньня, прадавачка распавяла, што ўгледзела пратэрмінаваны тавар ды адмовілася яго прадаваць. Судзьдзя запыталася ў прадавачкі, як яна магла гэта ўгледзець, не беручы тавар у рукі, што было бачна на запісе з камэраў відэаназіраньня.

У часе судовага паседжаньня былі заслуханыя паказаньні іншых сьведкаў — ахоўніка з крамы Вадзіма Карачуна ды яго бацькі, які «выпадкова зайшоў па цыгарэты».

Ахоўнік распавёў, што Грык з Вайцешыкам перагарадзілі праход ля касаў, «паводзілі сябе задзірліва». Наступны сьведка, пэнсіянер Вячаслаў Карачун, які выявіўся бацькам Вадзіма Карачуна, але праігнараваў пытаньне адвакаткі, ці не былы міліцыянт ён, распавёў колькі непрыемнасьцяў Грык і Вайцешык прынесьлі пакупнікам. Сьведка нават пісаў заяву аб паводзінах актывістаў:

«Стаіць, усьміхаецца (пра Вайцешыка — РС), з фотаздымачом здымае усё гэта... Вайцешык наўмысна перагарадзіў гэты выхад, паўтараю — наўмысна. Усьміхаецца і глядзіць. Жанчыны перад сабой цягнуць гэтыя кошыкі, поўныя тавару, учыняе ім фізычны боль, маральную шкоду наносіць... Гэта ўсё наўмысныя дзеяньні з боку Вайцешыка», — апавёў сьведка Вячаслаў Карачун.

Бяранавіцкі праваабаронца Сяргей Гоўша ў інтэрвію Свабодзе кажа пра абсурднасьць суду над пакупнікамі, якія выявілі пратэрмінаваны тавар:

«Сапраўды, дзіўны працэс. Абвінавачаныя людзі ў тым, што яны хуліганілі. Гэта — пакупнікі, якія прыйшлі з таварам, а іх не разьлічваюць. Аказалася, тавар той пратэрмінаваны. Але ж ён не павінны быць такі, ён не павінен выкладацца. Грык і Вайцешык выклікалі міліцыю, і чакалі яе ля касы.

Міліцыя зафіксавала, што сапраўды тавар пратэрмінаваны. Складзены пратакол на дырэктара крамы. Дык хто ў дадзеным выпадку вінаваты?

Абвінавачваюць таго, каго не павінны абвінавачваць — пакупніка, а не дырэктарку, якая дапусьціла пратэрмінаваны тавар на паліцах».

Наступнае паседжаньне суду над актывістамі адбудзецца 1 лютага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG