Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэці раз за месяц у Маскве зьнесены мэмарыял Барысу Нямцову


30 студзеня супрацоўнікі маскоўскага прадпрыемства «Гормост» разабралі і вывезьлі ў невядомым напрамку народны мэмарыял на месцы забойства расейскага палітыка Барыса Нямцова на Вялікім Маскварэцкім мосьце. Да гэтага паліцыя затрымала двух чалавек, якія там дзяжурылі.

Прыкладна а 3-й гадзіны ночы праваахоўнікі затрымалі ля мэмарыялу двух дэмакратычных актывістаў — Паўла Калесьнікава і Алега Варашыліна. Пры гэтым паліцыянты заявілі, што нібыта атрымалі паведамленьне пра бойку ў гэтым раёне. Неўзабаве Калесьнікава і Варашылава адпусьцілі без складаньня пратаколу, але за гэты час супрацоўнікі «Гормоста» цалкам зачысьцілі тэрыторыю.

Стыхійны народны мэмарыял на Вялікім Маскварэцкім мосьце быў арганізаваны адразу ж пасьля гібелі палітыка ў ноч на 28 лютага 2015 году. Але ўжо ў сакавіку таго ж году паўсталі канфлікты ў сувязі са спробамі яго прыбраць.

Кіраўнік «Гормоста» Юры Іваноў неаднаразова заяўляў, што з моста будзе прыбірацца любая атрыбутыка, акрамя кветак. Паводле яго слоў, супрацоўнікам прадпрыемства дадзены загад вычышчаць рознага кшталту надпісы, шыльды, налепкі. Іх разьмяшчэньне ён назваў «банальнай непавагай да гісторыі горада і помніка ў цэлым».

У траўні 2015 году мэрыя Масквы адмовілася ўвекавечыць памяць пра палітыка, а прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў заклікаў журналістаў не «палітызаваць» пытаньне з забойствам Нямцова.

XS
SM
MD
LG