Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Месяц без расейскага легпраму: жарт, зь якога не сьмяюцца


Віленскі рынак у Магілёве пустуе
Віленскі рынак у Магілёве пустуе

Чатыры тыдні большасьць дробных бізнэсоўцаў, якія гандлявалі таварамі лёгкай прамысловасьці, прывезенымі з Расеі, не выходзяць на працоўныя месцы. 1 студзеня ўступіў у сілу прэзыдэнцкі ўказ № 222, які абавязаў прадпрымальнікаў мець сэртыфікаты якасьці на тавар. Ад гэтага дня гандлёвыя цэнтры і рэчавыя рынкі апусьцелі. Гандляры заяўляюць, што на гуртавых складах, дзе яны бяруць тавар, патрэбнай дакумэнтацыі не выдаюць.

Магілёўскі карэспандэнт Свабоды высьвятляў, ці стала больш пакупнікоў у крамах і ў тых прадпрымальнікаў, якія забясьпечылі сябе адпаведнай дакумэнтацыяй на тавар? Ці павялічылася выручка ў крамах з сэканд-хэндам? Ці звыкліся наведнікі з апусьцелымі рэчавымі рынкамі і гандлёвымі цэнтрамі?

У крамах з вопраткай пакупнікоў няма. Калі нехта і заходзіць, дык толькі паглядзець на тавар ды цэньнікі. Такая сытуацыя характэрная для ўсіх месцаў, у якіх давялося пабываць. Вітрыны стракацяць аб’явамі пра зьніжкі, але ранейшы эфэкт такіх акцыяў, па ўсім відаць, цяпер не спрацоўвае.

У свой час прадпрымальнікі для крамаў выкупілі першыя паверхі дамоў. Цяпер яны зачыненыя
У свой час прадпрымальнікі для крамаў выкупілі першыя паверхі дамоў. Цяпер яны зачыненыя

Каб упэўніцца, што меркаваньне журналіста адпавядае рэчаіснасьці, запытваю ў саміх гандляроў, ці паболела ў іх пакупнікоў, як спынілі працу прадпрымальнікі на рынках і ў гандлёвых цэнтрах?

«Пакупнікоў больш ня стала. Заробкі ж у людзей цяпер мізэрныя», — прызналася гандлярка ў краме адзеньня. Суразмоўніца зазначыла: пакупніцкая актыўнасьць заўважана зьменшылася год таму: «Як стаў адчувальным крызіс», — выказалася жанчына і тут жа дадала ўжо з ноткамі раздражнёнасьці, каб журналіст зразумеў, што гаворка на гэтым скончаная:

«А што вы думаеце, як працавалі рынкі, у нас пакупнікоў было шмат? Магілёў жа лічыцца самым „нізкім“ па заробках ды ўзроўні жыцьця. Па ўсім ён самы нізкі».

Барацьба і салідарнасьць скончыліся праз тыдзень

«У людзей няма грошай і няма працы», — нібы падслухаўшы гаворку з папярэдняй суразмоўніцай, патлумачылі сытуацыю з адсутнасьцю пакупнікоў у наступнай краме.

«Як думаеце — за што нашым наведнікам купляць тавар? Большая частка нашых пакупнікоў — гэта прадаўцы, — канкрэтызавала сытуацыю ў гэтай краме гандлярка. — Мы ж купляем пераважна адзін у аднаго. Нехта прадае адзеньне, нехта сподняе; гэтак мы куплялі адзін у аднаго, а цяпер людзі сядзяць бяз грошай і працы».

Зачыненая крама — зьява 2016 году
Зачыненая крама — зьява 2016 году

На думку суразмоўніцы, людзі пайшлі апранацца і абувацца ў сэканд-хэнды:

«Там жа ўсё таньней, а ў людзей цяпер безвыходная сытуацыя, бо сябе і дзяцей апранаць неяк трэба», — выказала меркаваньне крамніца.

Перад тым, як гаварыць на тэмы, зьвязаныя з пратэстам дробных прадпрымальнікаў, гандляры прасілі выключаць дыктафон. Ня ўтойвалі, што пабойваюцца выказвацца адкрыта на гэты конт.

Некаторыя з уладальнікаў крамаў прызнавалі: у першыя дні нявыхаду іхных калегаў на працоўныя месцы ў гандлёвых цэнтрах ды рынках і яны трымаліся пазыцыі не адчыняцца. Запэўнівалі: зачыненымі прастаялі з тыдзень, пакуль не даведаліся, што суседзі пачалі працаваць. На гэтым, з расчараваньнем зазначалі суразмоўцы, барацьба і салідарнасьць скончылася.

Сэканд-хэнды не нажыліся з 222 указу. Пакупнікоў няма

Наяўнасьцю пакупнікоў не маглі пахваліцца і ў крамах з сэканд-хэндам. У адной маладая гандлярка на пытаньне пра пакупніцкую актыўнасьць папрасіла агледзець краму і адшукаць у ёй пакупніка:

«Хочаце — са мной пасядзіце гадзіну ці паўтары, я вам гарбаты зраблю, і пабачыце колькі будзе пакупнікоў», — з усьмешкаю прапанавала дзяўчына.

Адзеньне з Эўропы ў краму сэканд-хэнд пакупнікоў не заваблівае
Адзеньне з Эўропы ў краму сэканд-хэнд пакупнікоў не заваблівае

«У мяне нядаўна быў прывоз новага тавару. Я не магу прадаваць яго па 20-30 тысяч рублёў. А трэба адбіць цану закупу і зарабіць на арэнду, — тлумачыць сытуацыю з гандлем суразмоўніца. — Людзі чакаюць зьніжку, але зрабіць я яе не магу. Усё пакуль кепска. Таргоў няма».

Але ж, заўважаю, рынкі не працуюць і бальшыня павільёнаў у гандлёвых цэнтрах таксама, хіба да вас не пайшлі іх пакупнікі? «Мы на гэта спадзяваліся ў першыя дні, але пакуль нешта без прасьвету, — адказвае ўладальніца крамы. — Ня буду ўтойваць: у мяне дзьве пакупкі — на 10 тысяч і 80 тысяч рублёў, а цяпер амаль палова трэцяй дня. Гэта нават без заробку. Вось такі гандаль у мяне».

У наступнай краме сэканд-хэнду таксама прапанавалі пасядзець у іх, каб на ўласныя вочы пабачыць пакупніцкую актыўнасьць:

«Можаце ў нас гадзіну пасядзець, дзьве ці цэлы дзень. Ні зачыненыя рынкі, ні гандлёвыя цэнтры нам не дапамаглі, — даводзіць сытуацыю гандлярка. — Грошай няма ў людзей, і ўсё. Калі каротка адказаць: пакупнікоў не павялічылася, да жалю. Хаця я і не спадзявалася. Рынкі нам не ў дапамогу. У людзей проста няма сродкаў».

У гандлёвых цэнтрах нават не адчуваецца насычанага кававага водару, як раней

Гандлёвыя цэнтры чатыры тыдні без наведнікаў. Калі ў першыя дні новага году ў павільёнах яшчэ застаўся тавар, то было адчуваньне, што сытуацыя неўзабаве зьменіцца. Цяпер жа тавару няма, пакупнікоў таксама і гандлёвыя цэнтры выглядаюць кінутымі.

Гандлёвыя цэнтры ў 2016 годзе: ні тавару, ні пакупнікоў
Гандлёвыя цэнтры ў 2016 годзе: ні тавару, ні пакупнікоў

Нешматлікія гандляры не баяцца нават, што пакрадуць іхны тавар, калі яны адыдуць са свайго працоўнага месца. Кінуўшы павільёны, зьбіраюцца невялікімі грамадкамі і ў цішы гамоняць пра сваё. У паветры не адчуваецца, як раней, насычанага кававага водару.

З журналістам большасьць гандляроў гаварыць адмаўляецца — баімся, кажуць.

«І павільёнаў адчыненых мала, і грошай няма, таму і не ідуць да нас. Заробкі патрэбныя людзям, а цэны мы вымушаныя падымаць, бо сэртыфікаты патрабуюць — адпаведна, і цэны растуць, — патлумачыла сытуацыю гандлярка аднаго з гандлёвых цэнтраў. — Працэнтаў на 60 падрасла цана. Людзі не хацелі браць наш тавар па ранейшых цэнах, а цяпер і пагатоў».

Звыклыя аголеныя манэкены — чамусьці на першы плян выстаўляюць жаночыя вобразы
Звыклыя аголеныя манэкены — чамусьці на першы плян выстаўляюць жаночыя вобразы

Суразмоўніца зазначае, што яе не бянтэжыць адсутнасьць на працоўных месцах бальшыні яе калегаў. «Няхай робяць сэртыфікаты і працуюць», — безапэляцыйна заяўляе гандлярка.

Пакупнікі: нешта трэба рабіць, мо запрацуе калі наша вытворчасьць

За прамінулыя чатыры тыдні звыкнуцца з тым, што рэчавыя рынкі без гандлёвых палатак, наведнікі не пасьпелі. Для многіх сытуацыя выглядае дзікай:

«Вядома ж, дзіка бачыць пусты рынак. Я заўжды як іду з дому, дык праз рынак, часам чаго куплю, а цяпер жа пуста, — выказваецца жанчына сталага веку пра найвялікшы ў Магілёве Віленскі рынак. — Гэта ўсё кепска. Дзе ж людзям цяпер працу знайсьці? Вось мой унук знайшоў працу, а праз паўгода яго гаспадар звольніў. Нявыгадна стала. Цяпер паспрабуй знайсьці працу».

Звыклы пэйзаж Віленскага рынку
Звыклы пэйзаж Віленскага рынку

«Мяне сытуацыя з рынкамі напружвае. Вядома ж, хацелася б, каб рынкі працавалі, — выказвае сваё меркаваньне маладая жанчына. — Як не запрацуюць, то давядзецца хадзіць па крамах. Вышукваць таньнейшае. А ў сэканд-хэндах цэны часам бываюць вышэйшымі за крамныя».

«Нязвыкла гэта ўсё бачыць, — далучаецца да гутаркі яшчэ адзін наведнік рынку. — Відаць, нейкі жарт у гэтым быў. Я не магу дакладна сказаць, ад каго гэта залежыць. Ну, як, вядома, ад каго загад выконвалі, але з гэтым нешта трэба рабіць. Мо, каб запрацавала наша прамысловасьць, каб яна падагнала цэны на свае тавары, пад тыя, якія тут былі на рынку. Беларускае ж дарагое».

Гэтак выглядае Грабянёўскі рынак
Гэтак выглядае Грабянёўскі рынак

Згодна з указам № 222, прадпрымальнікі могуць гандляваць таварамі лёгкай прамысловасьці, завезенымі з-за мяжы, толькі пры наяўнасьці дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць якасьць і паходжаньне тавараў. Указ паралізаваў працу прадпрымальнікаў на рэчавых рынках і ў гандлёвых цэнтрах, дзе прадавалася прадукцыя расейскай лёгкай прамысловасьці.

Бізнэсоўцы заяўляюць, што ўказ б’е па людзях зь невялікім матэрыяльным дастаткам, бо зьнікне даступны для іх тавар. Саміх жа прадпрымальнікаў указ робіць беспрацоўнымі. Чыноўнікі Магілёўскага аблвыканкаму, зь якімі сустракаліся гандляры, заявілі: мясцовая ўлада іх крыўдзіць нікому не дазволіць, аднак, што для гэтага будзе рабіць — невядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG