Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польская дыпляматыя: «Ўсходняе партнэрства» пацярпела фіяска


Вітольд Вашчыкоўскі

Вітольд Вашчыкоўскі

Кіраўнік польскага МЗС Вітольд Вашчыкоўскі канстатаваў фіяска праграмы Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства». Пра гэта ён заявіў у Сэйме, адказваючы на пытаньні дэпутатаў.

Як цытуе міністра Радыё «Польшча», «Усходняе партнэрства» не заслугоўвае высокай ацэнкі, паколькі праграма не давала магчымасьці постсавецкім краінам — Украіне, Беларусі, Малдове, Армэніі, Грузіі і Азэрбайджану — шанец на ўступленьне ў Эўразьвяз. Яна, на думку палітыка, адводзіла згаданым дзяржавам толькі ролю буфэрнай зоны паміж Расеяй і Эўропай:

„Усходняе партнэрства“ стварала для гэтых краінаў ілюзію, але не стварала пэрспэктывы сяброўства ў Эўразьвязе.

«Мы адкінулі гэтую канцэпцыю як няправільную. „Усходняе партнэрства“ стварала для гэтых краінаў ілюзію, але не стварала пэрспэктывы сяброўства ў Эўразьвязе. Палітыка, прынятая папярэднім урадам, скончылася катастрофай, паколькі Эўрамайдан паставіў яе пад пытаньне».

Кіраўнік польскай дыпляматыі падкрэсьліў, што людзі ў Кіеве ў 2013 годзе выйшлі на Майдан з жаданьнем быць часткай Эўразьвязу, а не заставацца ў сенцах: «Таму нельга назваць праграму пасьпяховай. Украінцы паставілі пад сумнеў менавіта „партнэрства“ і захацелі сяброўства», — дадаў Вашчыкоўскі. Ён таксама раскрытыкаваў курс свайго папярэдніка Радаслава Сікорскага, зьвярнуўшы ўвагу, што той хацеў наблізіць Варшаву да цэнтра прыняцьця рашэньняў у Эўразьвязе шляхам супрацоўніцтва зь Нямеччынай, аднак гэты сцэнар ня стаў рэальнасьцю:

«Аказалася, што, набліжаючыся да Нямеччыны, мы не становімся суб’ектам, які рэалізуе эўрапейскую ўсходнюю палітыку. Ні ў Нармандзкім фармаце, створаным немцамі, ні ў Менскім фармаце Польшчы не аказалася». Згодна з новай канцэпцыяй, агучанай Вашчыкоўскім, Польшча не аддаляецца ад Нямеччыны, а проста хоча быць бліжэй да Вялікай Брытаніі і краінаў Вышаградзкай чацьвёркі.

29 студзеня міністар замежных спраў Польшчы Вітольд Вашчыкоўскі прадставіў у Сэйме даклад аб сытуацыі і пэрспэктывах разьвіцьця польскай замежнай палітыкі. У сваім выступе ён назваў Расею галоўнай пагрозай бясьпекі Польшчы, зьвярнуў асаблівую ўвагу на міграцыйны крызіс у Эўропе і жаданьне Варшавы разьмясьціць пастаянныя базы NATO на сваёй тэрыторыі.

XS
SM
MD
LG