Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як вярнуць футболу ў Беларусі колішнюю папулярнасьць? Размова з футбольным агентам


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Праз паўтара месяца матчам за Супэркубак паміж барысаўскім БАТЭ і салігорскім «Шахцёрам» стартуе новы футбольны сэзон. Экспэрымэнты апошніх гадоў, цягам якіх вар’іравала колькасьць камандаў вышэйшай лігі, прызнаныя памылковымі, і сёлета Беларуская фэдэрацыя футболу вярнулася да раней апрабаванага фармату — у нацыянальнае першынства заяўленыя 16 клюбаў.

Ці паспрыяе пашырэньне вышэйшага дывізіёну большаму інтарэсу да чэмпіянату краіны з боку спэцыялістаў і заўзятараў? Якая роля адводзіцца дэбютантам — трыюмфатару першай лігі «Іслачы», эпатажным «Крумкачам» ды настойлівай у сваіх мэтах «Гарадзеі»? Да чаго рыхтавацца фанатам, якіх не адзін год мэтанакіравана прэсуюць праваахоўныя органы?

Перадсэзонную расстаноўку сіл на футбольнай мапе Беларусі ў інтэрвію Свабодзе аналізуе адзін з самых пасьпяховых беларускіх агентаў Валеры Ісаеў. Віцебскі мэнэджэр у розныя гады займаўся кар’ернымі справамі Рэнана Брэсана, Дзьмітрыя Верхаўцова, Станіслава Драгуна, Сяргея Паліцэвіча, дапамагае прарвацца ў Эўропу маладым вундэркіндам.

Напярэдадні чарговага сэзону 52-гадовы адмысловец абнародаваў уласнае бачаньне таго, як вярнуць футболу ў Беларусі колішнюю папулярнасьць. Ідэя палягае найперш у тым, каб вырвацца за стандартныя рамкі досыць прадказальнага першынства.

Балтыйскі чэмпіянат як альтэрнатыва сумным першынствам

— Валеры Ўладзімеравіч, 12 сакавіка Супэркубкам стартуе 26-ты па ліку чэмпіянат Беларусі. Заўзятары ігнараваньнем стадыёнаў засьведчылі, што ўнутранае першынства досыць сумнае і мае патрэбу ў рэфармаваньні. У розных інтэрпрэтацыях агучваюцца прапановы сумесных чэмпіянатаў — так, пару гадоў таму Расея мусіравала ідэю першынства СНД. Вы прыхільнік іншага вэктару — балтыйскага.

Футбольны агент Валеры Ісаеў
Футбольны агент Валеры Ісаеў

— Мне падаецца, што з гледзішча інфраструктуры — калі ад усяго абстрагавацца і апусьціць пэўныя палітычныя моманты — такі вось Балтыйскі чэмпіянат з удзелам Літвы, Латвіі, Эстоніі і Беларусі на сёньняшні дзень быў бы аптымальным варыянтам для ўсіх. І для прыбалтыйскіх краінаў, і для Беларусі таксама. Цалкам зразумела, што ў сілу цяперашняй палітычнай сытуацыі, візавых рэжымаў і г.д. узьнікне маса пытаньняў. Але я разважаю з пазыцыі чалавека, які ходзіць на футбол, жыве гэтай гульнёй, бо яшчэ за савецкім часам я наведваў стадыён ня толькі з бацькам, а з мамай і нават бабуляй — тады гэта было звыклай сямейнай справай. Ня ў тым сутнасьць, што трэба абавязкова гуляць у чэмпіянаце СНД ці нейкім іншым толькі дзеля птушачкі. Проста я лічу, што ў Прыбалтыцы ўзровень асьвятленьня чэмпіянатаў значна вышэйшы, адпаведна, і ўвага да футболу нашмат большая. Гэта першае.

Па-другое, я сам з задавальненьнем езьдзіў бы і ў Літву, і ў Латвію, і ў Эстонію. І думаю, што такіх ахвотнікаў было б дастаткова — без усялякага адміністрацыйнага рэсурсу, без таго, каб заганяць на трыбуны школьнікаў і цэлыя вайсковыя часткі.

Наўпроставы лінк

— Іншымі словамі, інтарэс да ўмоўнага Балтыйскага чэмпіянату вы прагназуеце большы, чым да свайго нацыянальнага першынства?

— Футбол — асаблівы від спорту: гэта эмоцыі, гэта азарт, гэта, без перабольшаньня, любоў. Вельмі шмат можна пералічваць. Таму, зноў жа, калі абстрагавацца ад рэаліяў і правесьці такі чэмпіянат, гэта было б цікава для ўсіх заўзятараў. У тым ліку для тых, якія яшчэ за часамі менскага «Дынама» езьдзілі па розных гарадах Саюзу — нават не кажу пра фанацкія групоўкі, а бяру звычайнага сярэдняга заўзятара. Каб паглядзець на такія матчы, людзі ахвотна б паехалі і ў Літву, і ў Латвію, і ў Эстонію. Да таго ж у кожнай з гэтых краін ёсьць цікавыя каманды, можа хіба ў Эстоніі меней клюбаў узроўню першай пяцёркі Беларусі. Зрэшты, паглядзіце — там таксама гуляюць беларускія хлопцы. І з улікам таго, што адбываецца ў нашай краіне, якія зьяўляюцца каманды з экзатычнымі назвамі, балтыйскі дэсант будзе набіраць сілу. Таму паўтаруся: з пункту гледжаньня спартыўнага маркетынгу, з пункту гледжаньня глядацкага інтарэсу гэта было б надзвычай цікава і актуальна.

Інфаграфіка. Як бы мог выглядаць Балтыйскі футбольны саюз чатырох дзяржаваў:

Футбол ад мора да мора: ВКЛ як футбольная супэрдзяржава

— Дарэчы, нейкі час таму паўжартам ці ўсур’ёз агучвалася ідэя чэмпіянату Вялікага Княства Літоўскага. То бок футбол, як і колішняя эўрапейская супэрдзяржава, — ад мора да мора. Адзінае, адрозна ад вашай прапановы, туды хацелі далучыць і Ўкраіну...

— Зразумела, у дадзеным выпадку трэба ўдакладняць, што яшчэ маецца на ўвазе — напэўна, далёка ня толькі футбольны чэмпіянат. Падтэкст відавочны. Калі ж казаць па сутнасьці, то Ўкраіну цягнуць, па вялікім рахунку, няправільна. Давайце прызнаемся: нягледзячы на тое, што ў гэтай краіне па сёньня ідзе вайна, як ні круці, чэмпіянат там мацнейшы за наш. І наведвальнасьць зусім іншая, і ўсе іншыя моманты. Будзем гаварыць шчыра: мы пабачылі, што такое быць бліжэй да Эўропы і што такое заставацца на яе ўскрайку. Бліжэй да Эўропы — гэта, найперш, новыя стадыёны, калі казаць пра Ўкраіну. Безумоўна, паспрыяла тое, што калі пайшлі зьмены ў правільным кірунку, Украіне і Польшчы даверылі праводзіць папярэдні чэмпіянат Эўропы. Па вялікім рахунку, было б дастаткова і Польшчы, бо там будавалі арэны яшчэ да таго, як было прынятае рашэньне пра Эўра-2012. Але Ўкраіну падцягнулі, значыць — заслужыла. У любым выпадку ў гэтых краінах ёсьць шыкоўныя сучасныя стадыёны. Ну, а пакуль мы лічым, што мэнтальна бліжэйшыя да іншых суседзяў, дык і параўнайце: якія стадыёны зьявіліся ў Польшчы-Ўкраіне і што зьяўляецца ў нас?

Каманда эстонскай лігі Levadia
Каманда эстонскай лігі Levadia

— У Беларусі пакуль ці разбураюць, ці нешта абяцаюць — гэта калі пра «Дынама» і прывідны Нацыянальны стадыён...

— Давайце гаварыць так: калі мерацца стадыёнамі з усімі нашымі суседзямі, уключна з расейцамі, пахваліцца няма чым. Цяпер можна пашкадаваць пра тыя часы, калі былі высокія цэны на нафту і, адпаведна, фармаваўся нармальны бюджэт. Так, паздавалі стадыёны ў Берасьці, у Гомелі, збольшага давялі да ладу гарадзкія пляцоўкі. Але паглядзіце на іхнія праекты — не вытрымліваюць аніякай крытыкі. Я проста ведаю, што ў кожнага дырэктара ў кабінэце вісіць падзяка арганізацыі-спонсару, сам бачыў гэта ў Віцебску. Тым ня меней ужо на момант будаўніцтва яны не адпавядалі свайму прызначэньню, бо ў бальшыні сваёй — гэта не спэцыялізаваныя стадыёны. Добрая для Беларусі арэна ў Гомелі — чыста футбольная. А вось у Віцебску стадыён паламалі: спачатку патрацілі грошы на знос, а ўжо потым будавалі новы. Хоць той можна было элемэнтарна пакінуць, каб гулялі дзеці, займаліся лёгкаатлеты. А ў рамках бюджэту будавалі б новы, зямлі ж хапае. То бок стадыёны, якія закладаліся ў спрыяльныя часы, — яны, з майго пункту гледжаньня, адпачатку брыдкія, нефункцыянальныя.

— То бок, футбольная інфраструктура Ўкраіны, якая вядзе вайну, непараўнальная зь мірнай Беларусьсю?

— А як і што параўноўваць? Мы калі раней гаварылі пра Ўкраіну, я ўжо выказваў меркаваньне, што ім не патрэбны ніякі сумесны чэмпіянат — у іх і так усё нармальна, яны самадастатковыя. Перакананы, што нават у гэтай сытуацыі, калі, будзем спадзявацца, рана ці позна гэта скончыцца, зноў вернецца ранейшая колькасьць камандаў, якая была ў чэмпіянаце дагэтуль. Але, адрозна, скажам, ад нашай футбольнай супольнасьці, там рэальна разумеюць, што адбываецца ў краіне, рэальна ўсё ацэньваюць. Ёсьць 10 камандаў, ёсьць дакладныя крытэрыі адбору — значыць, будуць гуляць 10. Ёсьць 12, якія адпавядаюць усім патрабаваньням, — значыць, і будзе гуляць 12. Гэта ў нас, калі сочыце, даэкспэрымэнтаваліся да таго, што ў вышэйшай лізе пазьяўляліся каманды з экзатычнымі назвамі...

Славуты літоўскі «Жальгірыс»
Славуты літоўскі «Жальгірыс»

«Крумкачы» як увасабленьне футбольнага балясту

— Па іранічным тоне нескладана пазнаць, пра каго гаворка. Маеце на ўвазе «Крумкачоў»? Ня верыце, што дэбютанты дададуць відовішчнасьці чэмпіянату?

— Так, «Крумкачы», «Іслач». Ды канечне, нічога яны не прынясуць. Не кажу, што гэта цырк, але пэўна не дасягненьне спартовай галіны — Міністэрства спорту ці Фэдэрацыі футболу. Лічу, што гэта правал — сам факт зьяўленьня такіх клюбаў у эліце. Ня будзем гаварыць, хто добры, хто дрэнны, але гэта каманды першай лігі, ня больш. Такія каманды не для вышэйшага дывізіёну: нельга спачатку туды выходзіць, а потым думаць, дзе ўзяць грошы, дзе гуляць, дзе браць маладых футбалістаў. Для ўсіх краінаў існуе дакладны крытэрый — рэглямэнт Міжнароднай фэдэрацыі, вялікай карпарацыі футболу. У ім дакладна прапісаныя правілы ліцэнзаваньня ў элітных лігах гэтага віду спорту. Новыя каманды ім не адпавядаюць! Нават некаторыя клюбы, якія ўжо даўно гуляюць, з нацяжкай праходзяць працэдуру ліцэнзаваньня. Дык навошта самадзейныя калектывы ў эліце? Зь іх прыходам прафэсійнасьць нашага вышэйшага дывізіёну пад пытаньнем. Я нічога ня бачу ў гэтых праектах цікавага для прафэсійнага футболу. Ну якія гэта стартапы, калі стартап — абсалютна іншае? Якія могуць быць ідэі ў каманды, якая выходзіць у вышэйшую лігу? Ды ўсё даўно прыдумана: ёсьць патрабаваньні да стадыёнаў, да групаў падрыхтоўкі, да ўзроўню разьвіцьця інфраструктуры, да бясьпекі, да мэдыцыны — усё прапісана. Каманды, якія зайшлі ў гэтым годзе, не праходзяць па ніводным крытэрыі.

Наўпроставы лінк

— Наколькі разумею, апроч «Крумкачоў» і «Іслачы», ставіцца пад сумнеў і «Гарадзея»?

— Мабыць, давайце ня будзем абагульняць на «Гарадзею»: усё ж там якое-ніякае горадаўтваральнае прадпрыемства, дый яны ня першы год ужо за «вышку» б’юцца. Плюс з улікам таго, як «Слуцак» у лізе трымаецца, скажам так, адпусьцім гэтую каманду з богам, хай застаецца. Таму што іншыя гарады, якія апрыёры павінны мець сваё прадстаўніцтва ў элітным дывізіёне — напрыклад, Полацак, Маладэчна, Смаргонь, некаторыя іншыя такога ж узроўню, — яны і блізка ня хочуць туды ісьці. Дзеля справядлівасьці, такіх гарадоў можна паўтара дзясятка назваць па краіне, дзе ёсьць і стадыёны, і дзеці ў школах падрыхтоўкі. Але яны сядзяць і пільна пралічваюць, што такое вышэйшая ліга — дадатковае сур’ёзнае фінансаваньне і спадарожны галаўняк. Ім гэта не патрэбна...

«Крумкачы» ўзрушылі футбольную грамадзкасьць
«Крумкачы» ўзрушылі футбольную грамадзкасьць

— А «Крумкачам», відаць, патрэбна — які ў гэтым крымінал?

— «Крумкачы» весяляцца, у нейкім сэнсе нават зьдзекуюцца. Да таго ж, яшчэ ў большай ступені гэта патрэбна каму? Спартыўным газэтам і сайтам, дзе не хапае інфармацыі пра «сумны чэмпіянат». Зрэшты, гэта на руку любым СМІ, бо пра нешта незвычайнае пісаць неабходна ў любым выпадку. Будзем гаварыць аб’ектыўна: у нас для мэдыяў мала зачэпак, каб апісваць падзеі спорту. А тут такая нагода... Асабіста я стаўлюся ў цэлым з усьмешкай да падобных праектаў, але з пазыцыі любога прафэсіянала ўваходжаньне такіх камандаў, падкрэсьліваю, у элітны дывізіён — ня тое што крок назад, гэта ўвогуле крок незразумела куды. На сёньняшні дзень гэтыя каманды — максымум першая ліга чэмпіянату Беларусі. Па ўсіх паказьніках, абсалютна. Бо «папрыколвацца» можна і ў аматарскім чэмпіянаце — на здароўе, ніхто не асудзіць. А так напхалі ў лігу 16 камандаў, і зараз будзем цягнуць іх за вушы.

Сабатажнікі элітнага дывізіёну як працяг эканомікі

— Дарэчы, наконт колькасных кіданьняў апошніх гадоў: 16 камандаў, потым 14, 12, зноў 16. Дзе залатая сярэдзіна для футбольнай Беларусі?

— Залатая сярэдзіна, як мне падаецца, ляжыць крыху ў іншай плоскасьці. Яна не павінна ляжаць у плоскасьці таго, што мы не зьвяртаем увагі на працэсы ў дзяржаве і навокал, а самі вырашым, колькі трэба — 10 ці 16. Я ўжо казаў: ёсьць дакладныя крытэрыі ліцэнзаваньня камандаў вышэйшага дывізіёну. Вядома, параўнаньне некарэктнае, але ў ЗША, на ўсялякі выпадак, канкрэтная сума — 100 мільёнаў даляраў за ўваход у элітную лігу MLS. Плюс канкрэтны крытэр таго, што рабіць надалей. У нас новыя каманды гэта ня выканалі. І ня выканаюць, усё пачнуць нацягваць: Мінспорту будзе цягнуць стадыёны, якія дадуць у арэнду, нешта возьме на сябе фэдэрацыя, бо «Іслач» будзе езьдзіць за 70 кілямэтраў ад Менску гуляць у Маладэчна. Хоць, напэўна, было б лепш разабрацца — пад’ехаць у Маладэчна і пагаварыць, чаму іхняя каманда не гуляе ў вышэйшай лізе і туды нават не імкнецца. Замест таго, каб цягнуць за вушы іншых. Не разумею лёгікі. Можна ў інтэрнэце пасьмяяцца, а далей? (Дарэчы, ня бачыў нават іхніх сайтаў — можа, прапусьціў.) Усе акцыі з гледзішча спажыўца, зразумела, вясёлыя, усё кляс. Але мэты? Адзначылі песьняй Новы год, арганізавалі групы «Ўкантакце». Ну, ня тая плянка, не ўзровень прафэсійнага футболу. А іх зараз будуць нацягваць, рабіць зь іх профі. Пры тым, што ўсе, хто гуляў у «Крумкачах», узроўнем не адпавядалі вышэйшай лізе, не праходзілі туды аб’ектыўна. І раптам ствараюць супэрмэнаў. Дык гуляйце ў першай лізе, давайце ўсё рабіць па-чэснаму! Заслугоўваеце — уваходзьце, ёсьць крытэрыі — выконвайце. Калі добры футбаліст, пагуляй спачатку ў «Крумкачах», потым пераходзь у «Нёман», затым — у БАТЭ, і толькі пасьля — у «Барсэлёну». Ёсьць дакладныя крытэрыі ацэнкі майстэрства, што гэта за футбаліст. Дык ужо давайце і да камандаў іх ужываць.

Гульня чэмпіянату Латвіі: Liepaia
Гульня чэмпіянату Латвіі: Liepaia

— Ня думаеце, што ўмоўны чэмпіянат Балтыйскай лігі, за якую вы агітуеце, не акажацца беларускага ўзроўню? Тым больш што ў краінах Балтыі футбол — аб’ектыўна ня спорт № 1? Можа, усё ж ёсьць сэнс замахнуцца на дугу «ад мора да мора»?

— Яшчэ раз паўтару: калі абстрагавацца ад усяго, чэмпіянат быў бы вельмі цікавы. Гэта тычыцца толькі тых краінаў, пра якія я казаў, бо Ўкраіне гэта не патрэбна — яны ўжо прынялі рашэньне, скараціўшы лігу пад ліцэнзаваньне. Хтосьці не праходзіць, няма грошай — валіце ў першы дывізіён. Аб’ектыўна ім гэта, канечне, ня трэба. А для нас на сёньня гэта быў бы паратунак. Няхай нават 20 камандаў сабралі б: умоўна кажучы, 5 ці нават 10 беларускіх паводле пэўных крытэраў, таксама па 5 калектываў маглі б дэлегаваць Эстонія, Латвія, Літва — усюды ёсьць добрыя каманды. Гэта быў бы шыкоўны чэмпіянат! Тым больш, як я казаў, у іх усё роўна ў СМІ гэта асьвятляецца лепш, чым у нас, аб’ектыўней. Яны не жыравалі так, як мы, калі на нас валіліся нафтавыя грошы, правільна? У іх не было вайны — інфармацыйнай, сыстэмнай, ніякай. Яны не зьбіраліся выйграваць чэмпіянат сьвету, не крычалі, што яны лепшыя, ня ставілі невыканальных задач, не каралі трэнэраў за тое, што не выводзілі з групы. Ці выходзілі, ці не выходзілі — усё нармальна, без завышаных чаканьняў. Сьціплыя, акуратныя стадыёны. Так, гэта ня спорт № 1 для ніводнай са згаданых краінаў. Але яны з гэтага ня робяць ніякай трагедыі. Тым ня меней такі чэмпіянат павялічыў бы і ў іх аўдыторыю, і ў нас, адназначна.

Беларусізацыя як ступень футбольнай ідэнтыфікацыі

— Якія аб’ектыўныя прычыны, на ваш погляд, перашкаджаюць рэалізаваць такую задуму?

Валеры Ісаеў з футбалістамі розных пакаленьняў - бацькам і двума сынамі
Валеры Ісаеў з футбалістамі розных пакаленьняў - бацькам і двума сынамі

— Наколькі гэта можна рэалізаваць у цяперашняй сытуацыі? Калі ў нас увесь час паўтараюць, што спорт па-за палітыкай — дык дакажыце. Думаю, улічваючы ўзровень эканомікі гэтых краінаў, каб чыноўнікі фэдэрацыі сыстэмна ўздымалі такое пытаньне ў Міжнароднай фэдэрацыі, плён быў бы. Як я бачу, адзінай праблемай можа быць тое, што самі лідэры нацыянальных чэмпіянатаў могуць абурыцца — маўляў, застанецца адна квота на ўдзел у Эўракубках. Але думаю, што ўсё гэта адкрыта для абмеркаваньня ў рамках УЭФА. Ясна, што функцыянэрам у тых жа літоўскай ці латыскай фэдэрацыях хочацца мець хоць нешта, але сваё. Тады, зноў жа, хто ў такім разе думае пра заўзятараў? Я аб’ектыўна гляджу на тое, што адбываецца ў нас на стадыёнах. Хоць цёплы стадыён, хоць самы што ні на ёсьць футбольны, але калі ўжо БАТЭ ня можа справіцца, каб запоўніць сваю арэну, чаго чакаць ад іншых? Наколькі разумею, калі яны будавалі стадыён, то мусілі рабіць аналітыку — на колькі месцаў арыентавацца? Каб людзі ішлі ня толькі на міжнародныя матчы, а каб знайсьці нейкі балянс і для ўнутранага першынства. У выніку на чэмпіянаце краіны загружанасьці стадыёну няма. Пры гэтым ёсьць розьніца, якія каманды прыяжджаюць: на лепшыя клюбы — больш гледачоў, на горшыя — менш. Таму прычына хаваецца ў іншым.

— Украінскі, літоўскі ці эстонскі нацыянальныя чэмпіянаты маюць свой адметны калярыт, які не пераблытаеш ні зь якім іншым. У Беларусі спадарожная інфраструктура збольшага расейскамоўная, хоць апошнім часам сфармавалася кола энтузіястаў, якія пішуць лісты ў розныя інстанцыі, прымушаючы мясцовыя клюбы беларусізавацца. Такі працэс, на ваш погляд, неабходны?

Валеры Ісаеў ля народнага мэмарыялу ў Кіеве
Валеры Ісаеў ля народнага мэмарыялу ў Кіеве

— Буду гаварыць за сябе, як я гэта разумею сам. Як і многія з народжаных у СССР, па першым часе я зь цяжкасьцю ўспрымаў рэзкі ўхіл у беларускі бок. З улікам прапаганды, якая была ў тыя гады, я ня быў прыхільнікам таго, каб тут панавала беларуская мова і г.д. Але на фоне таго, што ў рэгіёне адбываецца на працягу апошніх 2–3 гадоў, у мяне вельмі моцна зьмянілася ўспрыняцьце абсалютна ўсяго. Зьмянілася папросту таму, што ёсьць магчымасьць рэальна параўноўваць, што адбываецца ў нас і за нашымі межамі, і чаму так адбываецца. Таму, нават з улікам такога досьведу, магу зрабіць выснову: ня трэба нічога насаджваць, разуменьне працэсаў раней ці пазьней прыходзіць само. Прыйдзе і да іншых. Зноў жа, кажу пра ўласнае адчуваньне сытуацыі. Цяпер да ўсяго беларускамоўнага я стаўлюся зь цікавасьцю. Сам я не радыкал і не зусім дасьведчаны ў пытаньнях глыбокай гісторыі, не магу разважаць на прадмет «Пагоні» і нацыянальнага сьцяга, але за Беларусь хачу пастаяць. Безумоўна, мне было б цікава, каб прынамсі надпісы на футболках былі па-беларуску. Дзякуй богу, такога разуменьня ўсё больш...

«Пагоня» як зачэпка для выплеску міліцэйскай агрэсіі

— Але дапамагчы зарыентавацца тым, хто вагаецца, відаць, ня лішне?

— Ведаеце, калі меркаваць нават па маіх дзецях, якія ўжо скончылі школу, яны недалёка ад мяне адышлі: беларускае — ну і ладна, ня больш. Таму за тыдзень ці за месяц мы нічога кардынальна ня зьменім, нават калі заклеім беларускамоўнай інфармацыяй усе стадыёны. Трэба штосьці мяняць у рэальным жыцьці. А тое, каб беларускія праявы зьяўляліся ў большай колькасьці, — толькі ўхваляю. Безумоўна, я не перакананы, што гэта будзе спрыяць рэзкаму росту вынікаў, аднак тэндэнцыя правільная.

— Чаму гэтага не разумеюць праваахоўныя органы? Любая праява беларускасьці нават на подступах да стадыёну — бел-чырвона-белыя шалікі, майкі ці любая атрыбутыка з «Пагоняй» — заканчваецца прыводам у міліцыю ды прафіляктычнай праверкай прэсу?

Футбольныя заўзятары з "Пагоняй" на матчы БАТЭ - Барсэлёна ў Барысаве
Футбольныя заўзятары з "Пагоняй" на матчы БАТЭ - Барсэлёна ў Барысаве

— Скажыце, а ёсьць розьніца, ідзем мы на футбол ці на канцэрт? Напрыклад, у нас у Віцебску праходзіць «Славянскі базар». Летам, калі ідзеш у цэнтар гораду, трэці год ці нават ужо больш,стаяць прыстасаваньні з датчыкамі і амапаўцы ўсіх правяраюць. Тое, у якой форме ўсё робяць, — гэта шмон, гэта бязьмежжа. І якая розьніца — футбол гэта, канцэрт ці нейкае іншае мерапрыемства? У прынцыпе розьніцы няма — футбольны ты заўзятар ці звычайны жыхар. Тут трэба гаварыць пра наступнае: у цэлым стаўленьне міліцыі да таго, што яны робяць з намі, як мінімум пакідае жадаць лепшага ў пляне зьмены адносінаў да суайчыньнікаў. На маё перакананьне, іх адпачатку на нейкіх занятках не таму вучаць, разумееце? Па лёгіцы, яны павінны нам усьміхацца і ствараць прыязную атмасфэру. Зразумела, што асноўны настрой ствараюць іншыя людзі — на стадыёне ці ў канцэртнай залі. А людзі ў пагонах павінны нас аберагаць і ні ў якім разе не абражаць. І гэта тычыцца ня толькі футболу, а ўсіх масавых мерапрыемстваў. Як я ўжо прывёў прыклад, тое ж адбываецца ў нас на «Славянскім базары». У іх такія пысы, выбачаюся, што нібыта праходзяць не жыхары гораду, не наведнікі канцэрту, а праз аднаго — тэрарысты, бандыты, алькаголікі, якіх трэба нэўтралізаваць. Гэта адназначна не праблема аднаго толькі футболу. Ну, а шалікі з «Пагоняй» — думаю, толькі дробная зачэпка для таго, каб праявіць сваю агрэсіўнасьць. Занадта агрэсіўна яны сябе паводзяць...

26 студзеня выканкам Беларускай фэдэрацыі футболу ўхваліў каляндар чэмпіянату Беларусі на 2016 год. Сэзон у вышэйшай лізе стартуе 2 красавіка, а завершыцца 27 лістапада. У спаборніцтвах возьмуць удзел 16 камандаў, якія згуляюць у два колы (30 тураў). Матч за Супэркубак будзе згуляны 12 сакавіка. Фінал Кубку — 21 траўня. Плянуецца паўза ад 3 да 30 ліпеня, зьвязаная з выступам клюбаў у эўракубку. Каманды, якія па выніках першынства зоймуць 15–16 месцы, пакінуць вышэйшы дывізіён, на іх месца прыйдуць два першыя калектывы зь першай лігі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG