Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кабякоў шукае ў Расеі рынкі збыту. Мядзьведзеў: мы зробім выбар на карысьць расейскіх вытворцаў


Прэм’ер-міністры Беларусі і Расеі Андрэй Кабякоў і Дзьмітры Мядзьведзеў абмеркавалі 29 студзеня на сустрэчы ў Стрэльні пад Санкт-Пецярбургам сытуацыю ў эканоміцы, а таксама супрацоўніцтва паміж дзьвюма краінамі напярэдадні Вышэйшага дзяржсавету так званай Саюзнай дзяржавы, паведамляе ТАСС.

Дзьмітры Мядзьведзеў адзначыў, што ў бакоў «ёсьць матэрыял для абмеркаваньня з улікам сумеснай нацэленасьці нашых краін на буйныя праекты, на імпартазамяшчэньне».

У сваю чаргу Андрэй Кабякоў сказаў: «Я думаю, што напярэдадні Вышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы нашы ўрады і краіны маюць плян, мы маем разьлікі і ўсе пэрспэктывы да таго, каб усе праявы, зьвязаныя з эканамічнай нестабільнасьцю, перш за ўсё на зьнешніх рынках, яны краінамі пасьпяхова пераадольваюцца».

«Галоўнае спадзяваньне Менску — гэта не крэдыты, зь якімі ўжо дакладна нічога не атрымаецца, а доступ на расейскі рынак», —

пракамэнтаваў цяперашні стан эканамічных беларуска-расейскіх дачыненьняў тэлеканалу Белсат эканаміст Аляксандар Сінкевіч.

Тымчасам наведваючы напярэдадні Пецярбурскі трактарны завод і адказваючы на засьцярогі наконт беларускіх канкурэнтаў, Мядзьведзеў падкрэсьліў, што ісьці насустрач Беларусі ягоны ўрад будзе да тае пары, пакуль гэта ня будзе супярэчыць інтарэсам расейскіх вытворцаў.

«Выбіраючы паміж падтрымкай сваіх вытворцаў ды іншых вытворчасьцяў, мы адназначна зробім выбар на вашу карысьць. Заўтра я буду сустракацца зь беларускім прэм’ерам і наўпрост яму гэта скажу», — паабяцаў Мядзьведзеў.

Сустрэчам прэм’ераў папярэднічала тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна. Як адзначыла прэс-служба кіраўніка Беларусі, кіраўнікі дзяржаў дамовіліся сустрэцца ў найбліжэйшы час, каб «у закрытай і больш грунтоўнай размове» абмеркаваць пытаньні двухбаковых адносін. У тэлефоннай размове Лукашэнкі з Пуціным таксама абмяркоўваліся меры «па сынхранізацыі дзеяньняў у сёньняшніх умовах».

Цягам апошняга году беларускі экспарт у Расею упаў на траціну. Масква прапрацоўвае чарговае скарачэньне бюджэтных выдаткаў і, паводле расейскага ўраду, сёлета можа цалкам згарнуць праграму крэдытаваньня замежных краінаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG