Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У зьбітага журналіста Дабравольскага знайшлі «лёгкія цялесныя пашкоджаньні»


Дзяржаўны камітэт судовых экспэртызаў знайшоў у зьбітага міліцыянтамі ў Фрунзенскім судзе Менску журналіста Паўла Дабравольскага «лёгкія цялесныя пашкоджаньні».

5 ссадзін і 5 кровападцёкаў утварыліся «ад дзеяньняў цьвёрдага тупога прадмета (аў)».

«Гэтыя пашкоджаньні адносяцца да катэгорыі лёгкіх цялесных пашкоджаньняў, не пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя», — робіць выснову Дзяржкамітэт судовых экспэртыз.Сёньня журналіст tut.by Павал Дабравольскі перадаў прадстаўніку Сьледчага камітэту пашкоджаную падчас зьбіцьця вопратку.

Павал Дабравольскі распавёў карэспандэнту Свабоды:

— Мы задаволеныя вынікамі экспэртызы. Я аднёс гэтыя вынікі да сьледчага. Ён забраў арыгінал і пашкоджаныя рэчы — куртку і штаны. Экспэртыза даказала, што гэтыя пашкоджаньні былі нанесеныя 25 студзеня „тупымі цьвёрдымі прадметамі“, то бок так яны абазначылі чаравікі амапаўцаў. Экспэртыза даказала факт зьбіцьця. На цяжкія пашкоджаньні мы не прэтэндавалі, ды ў амапаўцаў такой мэты і не было, каб я атрымаў цяжкія пашкоджаньні. Мэта была ў псыхалягічнай атацы, ціску і прыніжэньні.

— Магчыма, нехта вам прынёс выбачэньні за гэты час?

— Мы, наадварот, чакаем, што гэтыя людзі могуць неяк адпомсьціць. Магчыма, што ў АМАПе гэтым людзям дасталася, магчыма, у вуснай форме ад кіраўніцтва. Таму яны могуць нам адпомсьціць, і юрысты кажуць, каб я адзін не хадзіў па горадзе, заўсёды азіраўся, і калі ў прыцемках убачу чалавек трох-чатырох, то ў іх бок не ішоў. Выбачэньняў мы ня чулі, наадварот, чакаем горшага. Тым часам публікацыі маюць агулам каля двух мільёнаў праглядаў, заявы „Рэпартэраў бязь межаў“, АБСЭ, БАЖ рыхтуе заявы. Рэакцыя вельмі моцная, і ёсьць надзея, што дзякуючы ёй МУС неяк адрэагуе. Я думаю, што гэта першая такая найбольш верагодная магчымасьць, каб амапаўцы панесьлі адказнасьць.

25 студзеня Павал Дабравольскі быў моцна зьбіты пасьля таго, як пачаў здымаць затрыманьне і зьбіцьцё актывістаў Паўла Сяргея і Максіма Шыціка ў Фрунзенскім судзе Менску. Актывістаў вывелі з судовай залі, дзе праходзіў працэс над графіцістамі. Павал Сяргей і Максім Шыцік дасталі ў судзе расьцяжку «Не — палітычным перасьледам» і выкрыквалі: «Мастацтва — не злачынства».

Журналіст падаў заяву ў Сьледчы камітэт аб зьбіцьці яго супрацоўнікамі АМАПу ў часе выкананьня службовых абавязкаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG