Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадавачкі полацкай крамы «Гарызонт» сталіся ахвярамі патаемнай відэакамэры


Камэру, не папярэдзіўшы, усталявала адміністрацыя. На падставе патаемна зробленых відэазапісаў звольнілі чатырох прадавачак. Цяпер з дапамогай незалежнага Свабоднага прафсаюзу Беларускага яны спрабуюць аднавіцца на працы праз суд.

Чатырох прадавачак крамы «Гарызонт», якая належыць ААТ «Полацакбудматэрыялы», звольнілі з прычыны «страты даверу». Пасьля тыдня патаемнага відэаназіраньня арганізаваная адміністрацыяй праверка выявіла ў касе каля трох мільёнаў нястачы. Дырэктар прадпрыемства прад’явіў прадавачкам зробленыя ўпотай відэазапісы і загадаў пісаць тлумачальныя. Потым адхіліў ад працы на паўтара месяца і зьвярнуўся ў міліцыю, хоць відэазапісы рабіліся патаемна, што супярэчыць закону. Аднак у міліцыі справы супраць прадавачак распачынаць ня сталі — не знайшлі складу правапарушэньня або злачынства. Тым ня менш дырэктар іх пазвальняў.

Звольненыя шукалі справядлівасьці, зьвярнуўшыся ў галіновы прафсаюз, — каб праз камісію па працоўных спрэчках аднавіцца на працы. Аднак нічога не атрымалася: камісія стала на бок наймальніка, прызнаўшы ягоныя дзеяньні законнымі.

Тады прадавачкі зьвярнуліся ў СПБ, апавёў кіраўнік прафсаюзнай суполкі прадпрыемства «Полацак-Шкловалакно» Віктар Стукаў. Ён паведаміў, што спадарыні выйшлі з праўладнага прафсаюзу, далучыліся да СПБ, і цяпер намесьнік старшыні прафсаюзнай суполкі Мікола Шарах прадстаўляе іхныя інтарэсы ў судзе.

У Полацкі суд зьвярнуліся дзьве жанчыны, яшчэ дзьве іхныя калегі выступаюць на працэсе ў якасьці сьведак. У судзе яны патлумачылі, як утварылася нястача, выяўленая пазаплянавай праверкай. Частка грошай захоўвалася ў іншым месцы, бо ў касавым апараце старога ўзору не зьмяшчаецца вялікая колькасьць грашовых купюр. Апроч гэтага, у краме дзейнічае сыстэма «пазыкаў да заробку», калі даўжнікоў запісваюць у адмысловы сшытак, аддаючы ім тавар напавер. Дарэчы, і сам дырэктар браў тавары такім парадкам, так што пра гэтую сыстэму ня мог ня ведаць.

Прадстаўнік ААТ «Полацакбудматэрыялы» ў судзе, юрысконсульт Тацяна Тамашова пацьвярджае, што ў краме ёсьць камэра відэаназіраньня. І дадае, што патаемна здымкі не праводзіліся і што ў краме вывешана абвестка пра відэаназіраньне. Аднак дзе знаходзіцца абвестка, патлумачыць не змагла.

На наступны дзень пасьля першага судовага пасяджэньня абвестка насамрэч зьявілася, аднак не на дзьвярах крамы, як прынята, а на гандлёвым стэляжы каля касы. Што да самой відэакамэры, то яе пакупнікі ня бачаць — так добра яна схаваная.

Звольненыя прадавачкі спадзяюцца праз суд аднавіцца на працы, атрымаць заробак за вымушаны прагул і кампэнсацыю маральнай шкоды. Наступнае судовае пасяджэньне прызначана на 2 лютага. Тым часам пракуратура, куды таксама зьвярнуліся спадарыні, праводзіць праверку законнасьці ўчынку кіраўніка, які наладзіў у краме патаемнае відэаназіраньне.

XS
SM
MD
LG