Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Для беларускага мэнтальнага вуха літоўскае «лабас» нічым не чужэйшае за расейскае «здравствуй».

Сяргей Дубавец

Сяргей Дубавец

Для беларускага мэнтальнага вуха літоўскае «лабас» нічым не чужэйшае за расейскае «здравствуй».

Для беларускага вока краявіды Падмаскоўя нічым не раднейшыя за Віленшчыну ці Шаўляйшчыну.

Лёс беларуса на працягу гісторыі ідэнтычны лёсу літоўца.

(Юры Дракахруст нядаўна цытаваў клясыка нацыялёгіі Эрнста Рэнана пра тое, што нацыя — гэта не агульная мова, не агульная кроў, нават не агульная культура — гэта агульны супольны лёс.)

Адзінства балта-славянскіх псыхатыпаў, жыцьцёвых мэтаў і клопатаў дазваляе беларусу паразумецца зь літоўцам і ўбачыць у ім свайго чалавека, а ня жлобскага нацыяналіста, якім бачыць літоўца расеец.

Беларус, які мае нацыянальную годнасьць, адразу становіцца зь літоўцам заадно. Расеец, у якога замест нацыянальнай годнасьці імпэрскі гонар, усё незразумелае яму ў літоўцу ўспрымае як чужое і патэнцыйна варожае. Гэтаксама расеец успрымае і беларуса, які мае нацыянальную годнасьць.

Кажучы спрошчана, усё залежыць ад таго, чым ты напоўнены – нацыянальнай годнасьцю ці імпэрскім гонарам. У першым выпадку для цябе няма бар’ера зь літоўцам, у другім гэты бар’ер непераадольны.

На падобныя думкі адзін камэнтатар, цалкам беларускі, як я разумею, чалавек, заўважыў: «Гэта што ж нам цяпер, літоўскую мову вучыць?». Не вучыць, адказаў я, справа тут нашмат глыбейшая.

Расейскі стэрэатып чужога, бо з усіх бакоў незразумелага, а таму патэнцыйна варожага літоўца быў паноўным у СССР. Беларусаў называлі братамі, а літоўцаў як бы цярпелі, усьведамляючы іх жлобскімі нацыяналістамі. Стэрэатып настолькі моцна засеў у сьвядомасьці беларусаў, што нават самыя заўзятыя нацыяналісты не пазбавіліся яго дагэтуль.

Расейскі фільтар на ўсё «нярускае, значыць, чужое» ўмацоўваўся ў беларускіх мазгах да ўзроўню «ай, усё адно мне гэтага не паняць» і яшчэ глыбей – «неславянскае, значыць, па вызначэньні незразумелае». Стэрэатып чыста гіпнозны, ён ня мае ніякага дачыненьня ані да розьніцы крыві, ані да розьніцы мовы. Але ён глыбінны, ужо спадчынны, ён сядзіць у падкорцы.

Мне згадваюцца публікацыі ў віленскай беларускай прэсе міжваеннага часу (а там выходзілі многія дзясяткі газэт, часопісаў, кніг), дзе вывучалася блізкасьць беларускай і літоўскай моваў. Цэлыя слоўнікі аднолькавай лексыкі прыводзіліся. І галоўнае, чым зьдзіўлялі тыя дасьледаваньні мяне сёньняшняга, – там начыста адсутнічаў гэты фільтар, бар’ер, гэты расейскі стэрэатып «чужой нам літоўшчыны». Аўтары не былі загіпнатызаваныя гэтым адчужэньнем. Чытаньне тых тэкстаў было адкрыцьцём, калі не сказаць – азарэньнем.

(Між іншым, пазьней, езьдзячы па Эўропе, я працягваў зьдзіўляцца, як шмат агульнага, скажам, у беларускай і ангельскай мовах, а таксама – як шмат агульнага ў людзях. Пасьля прыходзіла ўсьведамленьне – што гэта агульны сьвет і што ён наш, незалежна ад таго, славянскі ён ці неславянскі. І ўжо іншае зьдзіўленьне нараджалася ў душы – як жа глыбока пастаўлены ў нас гэта фільтар.)

Сёньня я добра ведаю беларуска-літоўскае памежжа з двух бакоў і тую міжмоўную і міжлюдзкую дыфузію, якая так прыцягвае дасьледнікаў-філёлягаў. У мяне шмат сяброў-літоўцаў, зь якімі мы можам гаварыць пра супольную спадчыну ВКЛ. Іх захапляе, што мы – нарэшце – сталі займацца гэтай сваёй спадчынай. Бо праблема была ня ў тым, што «літоўцы забралі нашу гісторыю», а ў тым самым расейскім стэрэатыпе, які прымушаў нас глядзець на літоўцаў як на жлобскіх нацыяналістаў, чужых і патэнцыйна варожых. Урэшце я бачу сёньняшняе жыцьцё Літвы ў Эўразьвязе і жадаю такога самага жыцьця Беларусі, мы, мне здаецца, былі б яшчэ больш пасьпяховымі, калі б пазбавіліся сваіх расейскіх фільтраў. Думаю, сёньня літоўцы выйграюць якраз таму, што ніколі такіх фільтраў ня мелі.

Гэта вельмі няпроста – скінуць чужыя акуляры, да якіх прызвычаілася вока, і навесьці сваю арганічную прыродную рэзкасьць. Але гэта і вельмі проста, калі пачаць ab ovo – што мы маем агульнага ў дадзенасьці – у геаграфіі, гісторыі, мэнталітэце, як мы хацелі б жыць, чаго нам не стае і як гэтага дасягнуць.

Калісьці мой сябра літоўскі паэт і крытык Вайдотас Даўніс сказаў мне: Ты можаш называць Вільню беларускай, а я буду называць Мінскас літоўскім. І гэта будуць ня проста словы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG