Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Brutto падасьць заяўку на канцэрт у «Менск-Арэне»


Гурт Сяргея Міхалка Brutto падасьць заяву на атрыманьне гастрольнага пасьведчаньня ў Менгарвыканкам, распавёў сайту Tuzin.fm прадусар гурту Антон Азізбэкян. Пакуль узгадняюцца ўсе дэталі, а ўласна заяву мяркуецца падаць 1 лютага.

Канцэрт Brutto хочуць правесьці на 15-тысячнай «Менск-Арэне» ў траўні 2016 году. На гэтай пляцоўцы Міхалок яшчэ не выступаў, хоць зьбіраў зь «Ляпісамі» аналягічную па памеры «Сімэнс-Арэну» ў Вільні, а ў Менску набіраў поўны Палац спорту.

Як заяўляў Сяргей Міхалок у ранейшым відэазвароце, ён згодны на любую дату і любы час, хоць на поўнач панядзелка, хоць на 10 раніцы серады, а ўсе выручаныя з канцэрту грошы аддаць на менскія Дом міласэрнасьці і Дом інвалідаў.

Цяперашні гурт Сяргея Міхалка Brutto яшчэ ні разу не выступаў у Беларусі. Апошні раз у Менску, а дакладней, у Сілічах пад Менскам Міхалок у складзе «Ляпісаў» выступаў летам 2010 году. Пасьля таго як Міхалок выступіў супраць разгону мірнай дэманстрацыі на выбарах-2010, а потым рэзка выказаўся супраць Лукашэнкі, канцэрты гурту «Ляпіс Трубяцкі» ў Беларусі пачалі зрываць, а самому Міхалку пагражаць крымінальнай справай. У выніку ён з гуртам перабраўся ў Расею, затым ва Ўкраіну.

XS
SM
MD
LG