Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Асад пры падтрымцы Ірану і Расеі ідзе на мірныя перамовы, каб сарваць іх, — сябра апазыцыі


Башар Асад (зьлева) і Ўладзімер Пуцін падчас сустрэчы ў кастрычніку 2015 году

Башар Асад (зьлева) і Ўладзімер Пуцін падчас сустрэчы ў кастрычніку 2015 году

Мірныя перамовы па Сырыі наўрад ці адбудуцца: апазыцыя ня можа дамовіцца між сабой, пакуль Асад адваёўвае пазыцыі пры падтрымцы Ірану і Расеі.

Прадстаўнікі сырыйскай апазыцыі паведамілі, што хутчэй за ўсё не наведаюць мірныя перамовы ў Жэнэве (Швайцарыя) у пятніцу, 29 студзеня, перадае Reuters.

Першая за два гады сур’ёзная спроба спыніць вайну, верагодна, праваліцца, бо апазыцыя не атрымала ад Асада пераканаўчых адказаў на свае патрабаваньні. Апазыцыйны Камітэт высокіх перамоваў (HNC) усё яшчэ абдумвае рашэньне аб удзеле, і перамовы могуць усё ж адбыцца, але, напрыклад, завочна, без асабістых сустрэч удзельнікаў.

Канфлікт, які цягнецца ў Сырыі ўжо пяць год, не суцішаецца. Войскі Асада, чыя сям’я ўладарыла ў Сырыі ад пачатку 1970-х, адбіваюць пазыцыі ў праціўнікаў пры вайсковай дапамозе Ірану і Расеі. Урад Асада ў такіх умовах гатовы пайсьці на перамовы, але адмаўляе апазыцыі ў гарантыях спыненьня абстрэлаў мірнага насельніцтва, выпуску палонных і зьняцьця блякадаў, за якімі галадае мірнае насельніцтва.

Рыяд Хіджаб, былы прэм’ер ва ўрадзе Асада, які пасьля двух месяцаў прэм’ерства ў 2012-м адступіў ад рэжыму, тым часам завярае CNN, што Асад ня хоча мірнага заканчэньня вайны:

«Я ведаю пра яго [Асада] барбарства, — кажа Хіджаб. — Ён верыць толькі ў вайсковыя рашэньні, ён ня хоча палітычнага працэсу. Таго ня хоча і Расея. Усе яны шукаюць толькі вайсковага рашэньня. Таму яны і ідуць на гэтыя перамовы — каб праваліць іх».

Аптымізму не выказвае і брытанскі лекар Махамэд Наджар, блізкі да апазыцыйнай групоўкі «Сырыйская нацыянальная рада», у размове з CBC: маўляў, калі раней Захад выступаў за тое, каб Асад сышоў, то цяпер пераконвае апазыцыю прыняць яго прысутнасьць:

«Яны бачаць тэрарызм „Ісламскай дзяржавы“, але ня бачаць тэрарызму рэжыму [Асада] і яго саюзьнікаў, — сьцьвярджае Наджар. — Таму народ Сырыі не давярае амэрыканцам і ня верыць, што яны сапраўдныя сябры».

Неадназначная сытуацыя і са складам HNC: у яго ўваходзяць групоўкі, якія лічацца Расеяй і Іранам тэрарыстычнымі, супраць іх удзелу выступаюць і Тэгеран з Масквой, і афіцыйны Дамаск. Некаторыя сябры HNC, у тым ліку прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці Сырыі і групаў за правы жанчын, яшчэ не атрымалі швайцарскіх візаў.

За час канфлікту, заўважае Al-Jazeera, забітыя прынамсі 250 тысяч чалавек, а палова з даваеннага 22-мільённага насельніцтва Сырыі была вымушаная ўцякаць ад вайны ў межах краіны і за яе межы. Акрамя Асада і апазыцыі ў канфлікце ўдзельнічае трэці бок, радыкальная тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава», якая кантралюе вялікія тэрыторыі ў Сырыі і Іраку.

XS
SM
MD
LG