Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля правалу на перамовах у Менску пачасьціліся абстрэлы на Данбасе


Прарасейскія баевікі на Данбасе на працягу сутак 28 студзеня 71 раз абстралялі пазыцыі ўкраінскіх вайскоўцаў. Пра гэта інфармуе прэс-цэнтар штабу АТА.

Абстрэлы зафіксаваныя на Сьветладарскай дузе і ў раёне часова акупаванага Данецку.

«Напружанай была сытуацыя ў раёне Мар’інкі. Украінскія воіны вымушаныя былі адкрыць прыцэльны агонь у адказ на абстрэлы», — паведамляе штаб.

Таксама ўкраінскія вайскоўцы сьцьвярджаюць, што 28 студзеня а 21.10 баевікі з БМП і аўтаматычнага станковага гранатамёта абстралялі кантрольны пункт уезду-выезду «Мар’інка» Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.

«Паводле апэратыўнай інфармацыі, падобныя правакацыі рыхтуюцца баевікамі і на іншых кантрольных пунктах уезду-выезду, у прыватнасьці на Арцёмаўскім кірунку», — дадаюць у штабе.

У групоўцы «ДНР» украінскіх вайскоўцаў абвінавачваюць у абстрэлах прыгарадаў Данецку і Горлаўкі і падрыхтоўцы наступу.

У групоўцы «ЛНР» пра баявыя дзеяньні не паведамляюць.

Трохбаковая кантактная група ў Менску 13 студзеня заявіла пра чарговую дамоўленасьць пра спыненьне агню ў зоне баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны з 14 студзеня. Аднак з тых часоў бакі канфлікту неаднаразова абвінавачвалі адзін аднаго ў парушэньні «рэжыму цішыні».

На апошнім паседжаньні групы, якое адбылося 27 студзеня, бакі ізноў не змаглі прадэманстраваць прагрэс у перамовах. А прадстаўнік Украіны ў працоўнай падгрупе па палітычных пытаньнях Трохбаковай кантактнай групы, былы амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бясьсьмертны ў інтэрвію Свабодзе заявіў, што крызіс перамоваў будзе цягнуцца да таго часу, пакуль бакі не пачнуць выконваць пункты менскіх дамоўленасьцяў, зьвязаныя зь бясьпекай.

XS
SM
MD
LG