Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сырыйская апазыцыя пакуль адмаўляецца прыехаць на перамовы ў Жэнэву


Cпэцпрадстаўнік ААН па Сырыі Стафан дэ Містура

Cпэцпрадстаўнік ААН па Сырыі Стафан дэ Містура

Прадстаўнікі сырыйскай апазыцыі патрабуюць сур’ёзных саступак у якасьці папярэдняй умовы для свайго ўдзелу ў мірнай канфэрэнцыі ў Жэнэве.

Прадстаўнік сырыйскай апазыцыі заявіў у чацьвер тэлеканалу CNN, што сілы супраціву не пашлюць сваіх людзей у Жэнэву на мірныя перамовы, калі армія Башара Асада ня здыме аблогу з цэлага шэрагу гарадоў, ня спыніць бамбаваньні мірнага насельніцтва і ня вызваліць з турмаў незаконна асуджаных.

Перамовы павінны пачацца ў пятніцу, 29-га студзеня. Сырыйская апазыцыя чакае адказу на свае патрабаваньні ад Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, пад чыёй эгідай павінна прайсьці канфэрэнцыя. «Гэтыя патрабаваньні канчатковыя і абмеркаваньню або саступкам не падлягаюць», — падкрэсьлівае прадстаўнік апазыцыі.

«У нас ужо былі дзьве канфэрэнцыі, прысьвечаныя Сырыі, і трэцяя, цяперашняя, ня можа скончыцца нічым», — сказаў у відэазвароце да ААН спэцпрадстаўнік арганізацыі па Сырыі Стафан дэ Містура. Ён заклікаў народ Сырыі паўплываць на прадстаўнікоў супрацьлеглых бакоў з тым, каб яны прыехалі ў Жэнэву. Дэ Містура будзе пасярэднікам на перамовах, калі яны адбудуцца. Апошні раз прадстаўнікі Аcада і апазыцыі сустракаліся афіцыйна два гады таму.

Канфэрэнцыя павінна была адкрыцца ў мінулы панядзелак, але была адкладзеная з-за спрэчак аб тым, якія групы маюць права прадстаўляць апазыцыю. Турэччына, у прыватнасьці, выступае супраць удзелу ў форуме партыі «Дэмакратычны саюз», створанай сырыйскімі курдамі, Анкара называе яе тэрарыстычнай арганізацыяй.

Агенцтва Reuters паведамляе са спасылкай на свае крыніцы, што рада сырыйскай апазыцыі, якая сабралася на пасяджэньне ў сталіцы Савудаўскай Арабіі, прыняла рашэньне ня ўдзельнічаць у жэнэўскай канфэрэнцыі.

Reuters прыводзіць словы сырыйскіх апазыцыянэраў, што дзяржаўны сакратар ЗША Джон Керы настойвае на іх прыезьдзе ў Жэнэву і на тым, каб яны зрабілі свае патрабаваньні да Асада прадметам абмеркаваньня, а не вылучалі іх у якасьці папярэдніх умоваў правядзеньня канфэрэнцыі.

XS
SM
MD
LG