Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іранскі лідар у Эўропе: кантракты на мільярды, але ні віна, ні аголеных


Франсуа Алянд і Хасан Ругані

Франсуа Алянд і Хасан Ругані

Першы пасьля адмены санкцый візыт іранскага прэзыдэнта ў Эўропу прынёс ня толькі новыя кантракты, але і культурныя сутыкненьні.

Ад вачэй Хасана Ругані ў Італіі прыкрывалі аголеныя скульптуры Мікелянджэла. У Францыі Ругані не пагадзіўся абедаць з Франсуа Аляндам, бо той настойваў, што не адмовіцца ад віна.

Эўрапейскі тур Ругані стаў магчымым пасьля развязаньня спрэчкі з захадам вакол іранскай ядзернай праграмы. У Парыжы Ругані выказаўся за новую эру ў адносінах.

У Францыі пратэстуюць супраць прыезду Ругані

У Францыі пратэстуюць супраць прыезду Ругані

Францускі бізнэс можа паціраць рукі: падпісаныя каля двух дзясяткаў кантрактаў. Іран зацікаўлены купіць самалёты Airbus, стварыць сумеснае прадпрыемства зь фірмай «Пэжо», якое пачне выпускаць новыя аўтамабілі ўжо ў наступным годзе. Францыя хоча мадэрнізаваць іранскую чыгунку, а фірма «Таталь» падпісвае з Іранам кантракт за закупку ў яго сырой нафты.

Гэткім жа пасьпяховым быў эканамічны вынік візыту Ругані ў Італію, дзе пачалося яго эўрапейскае турнэ. Тут заключаныя дамовы на суму 17 мільярдаў эўра. Між тым самі італьянцы найбольш камэнтуюць захады культурнай перастрахоўкі ў часе візыту Ругані. Так, у Капіталійскім музэі Рыму, дзе адбывалася сумесная прэсавая канфэрэнцыя, гаспадары вырашылі прыкрыць скрынкамі антычныя аголеныя скульптуры, каб не дражніць іранцаў. Такая «гасьціннасьць» многім у Італіі не спадабалася. Міністар культуры назваў гэтае рашэньне «незразумелым».

Сустрэчы з прадстаўнікамі нафтавых кампаній

Сустрэчы з прадстаўнікамі нафтавых кампаній

"Пакрыцьцё аголеных пакрыла Італію зьдзеклівым сьмехам" — напісала газэта Il Giornale. Мэдыі высьветлілі, што з просьбай прыкрыць скульптуры нібыта зьвярнулася пасольства Ірану. Калі перад адлётам самога Ругані спыталі, што ён думае пра гэтае сутыкненьне культур, ён адказаў, што ні пра што ня ведае і вельмі ўдзячны за прыём.

Падчас пратэстаў супраць прыезду Ругані

Падчас пратэстаў супраць прыезду Ругані



Гістарычны візыт Ругані ў Францыю, як і ў Італію, быў адзначаны спрэчкай пра мэню. Меркавалася, што Франсуа Алянд дасьць абед у гонар высокага госьця, але ўмова іранцаў, што на стале ня можа быць віна, была для яго непрыймальнай. Прапанова сумеснага сьняданку ў сваю чаргу не спадабалася іранскаму боку — бо была нерэпрэзэнтатыўнай. У выніку быў прыняты варынт, што прэзыдэнты сустрэнуцца пасьля абеду, які будзе падавацца для кожнага боку асобна.

Прадстаўніца ўкраінскага руху Фэмен павісла на адным з мастоў у Парыжы аголенай на знак пратэсту супраць прыезду Ругані.

XS
SM
MD
LG